Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 15 из 117

Гэтаксама я любiў дагадзiць патрэбнаю даведкай незнаёмаму мiнаку на вулiцы, падаць запалкi, падвесцi цяжкую каляску цi падштурхнуць раптам заглухлы аўтамабiль, я заўжды купляў газеты ў сябраў Армii грамадскага ратунку цi кветкi ў старой гандляркi, хоць ведаў, што яна iх крадзе на Манпарнасаўскiх кладах. Я любiў - ах, гэта нават цяжка выказаць! - як я любiў даваць мiласцiну! Адзiн мой прыяцель, сапраўдны хрысцiянiн, прызнаваўся, што першае пачуццё, якое ён адчувае, калi бачыць, як да яго дзвярэй iдзе жабрак, пачуццё прыкрасцi. У мяне ж было нешта горшае: я трыумфаваў! Але пакiнем гэта.

Пагаворым лепей пра маю далiкатнасць. Яна была агульна прызнаная i бясспрэчная. Мая ветласць, сапраўды, несла мне адны ўцехi. Калi ранкам мне шчасцiла саступiць сваё месца ў аўтобусе або ў метро таму, хто меў у гэтым патрэбу, калi я мог падняць аброненую старой кабетай рэч i вярнуць ёй яе з сваёй звычайнаю ўсмешкай цi проста - саступiць таксi таму, хто, можа быць, спяшаўся болей за мяне - увесь мой дзень асвячаўся гэтаю ўдачай. Трэба сказаць, мяне радавалi нават тыя днi, калi баставаў гарадскi транспарт, бо тады ў мяне ўзнiкала магчымасць падсадзiць у сваю машыну некалькi няшчасных суайчыннiкаў, якiя тлумiлiся на прыпынку, не ведаючы, як iм дабрацца дадому. Аддаць сваё крэсла ў тэатры, каб дазволiць каханаму сесцi побач з каханай, пакласцi ў вагоне валiзку маладзенькай дзяўчыны на палiцу, занадта высокую ёй, - усе гэтыя i падобныя подзвiгi я рабiў часцей за другiх, таму што пiльней лавiў кожны выпадак i таму што яны дарылi мне большую асалоду.

Мяне лiчылi за чалавека шчодрага i велiкадушнага, i я сапраўды быў такi. Я многа ахвяраваў як на грамадскiх пачатках, так i па прыватных матывах. I я нiколi не шкадаваў, калi мне трэба было расстацца з нейкаю рэччу або пэўнаю сумай грошай.

|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]