Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 17 из 117

Я меў на ўвазе менавiта гэтыя вяршынi адзiныя, на якiх я мог жыць. Сапраўды, мне пачувалася добра толькi тады, калi я быў на вышынi. Нават у сама нязначных жыццёвых сiтуацыях я адчуваў патрэбу быць вышэй. На аўтобусе я любiў ездзiць больш, як на метро, на брычцы - больш, як на таксi, жыць на верхнiм паверсе мне падабалася больш, як на нiжнiм. Я быў вялiкi аматар спартовых самалётаў, любiў, каб усё неба было адкрыта над маёй галавой, i на параходах заўсёды гуляў на верхнiм памосце. Я ўнiкаў цяснiн у гарах, лез на перавалы, на ўзгор'i, а калi i пагаджаўся на раўнiну, дык яна мусiла быць, прынамсi, высакагорная. Каб мне па волi лёсу давялося выбiраць памiж прафесiямi токара i страхара, будзьце спакойны, я выбраў бы стрэхi i не адчуваў бы галавакружэння. Скляпы, сутарэннi, безданi, пячоры абуджалi ўва мне жах. Я нават адчуваў нейкую асаблiвую нянавiсць да спелеолагаў, якiя мелi нахабства друкаваць свае артыкулы на першых палосах газет. Iх поспехi выклiкалi ў мяне агiду. Iмкненне залезцi пад зямлю на глыбiню ў восемсот метраў з рызыкай, што табе зацiсне галаву ў нейкай каменнай лёсе (цi "сiфоне", як кажуць гэтыя ўтрапёныя вар'яты), здавалася мне подзвiгам, вартым людзей з ненармальнай, хваравiтаю псiхiкай. У гэтым было нешта заганнае.

Зусiм iншае - натуральная тэраса на скале вышынёю ў пяцьсот - шэсцьсот метраў, над морам, што плёскаецца ўнiзе, залачонае сонцам. Тут мне заўжды дыхалася лёгка, асаблiва калi я быў адзiн, над усiм чалавечым мурашнiкам.

|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]