Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 21 из 117

Усё ўва мне было гарманiчна, i мая спакойная, разважная ўпэўненасць у сабе перадавалася людзям, якiя часам прызнавалiся, што гэта дапамагае iм жыць. Многiя iмкнулiся са мной пазнаёмiцца. А пазнаёмiўшыся, часта лiчылi, што недзе ўжо мяне бачылi. Жыццё, яго дары i людзi самi iшлi мне насустрач, i я прымаў гэтую пашану з дабрадушнаю гордасцю. Праўда ж, я жыў настолькi паўнакроўна i беззаганна, што нават лiчыў сябе крыху звышчалавекам.

Я нарадзiўся ў паважанай, але зусiм нязнатнай сям'i (мой бацька быў афiцэр), але, мушу прызнацца, часам, прачынаючыся на свiтанку, я адчуваў сябе прынцам цi нейкiм стварэрнем ад Бога. Гэтае пачуццё, заўважце, тлумачылася зусiм не маёю ўпэўненасцю, што я разумнейшы за ўсiх. Такая ўпэўненасць, зрэшты, нiчога не вартая, бо яе падзяляюць нямала бязглуздых тупiц. Не, у мяне ўсё было iначай, я быў такi задаволены, што лiчыў - мне нават няёмка прызнацца, - я лiчыў сябе божым выбраннiкам. Але, выбраннiкам, адзiным з усiх, каму лёсам наканаваны трывалы i вечны поспех. Гэтым, увогуле, i тлумачылася мая сцiпласць. Я не дазваляў сабе прыпiсаць гэты поспех толькi сваiм заслугам, я не мог дапусцiць, каб спалучэнне такiх разнастайных i часам супярэчлiвых якасцей у адным чалавеку было вынiкам звычайнага выпадку. I таму, калi я i жыў сярод шчасця, я адчуваў, што яно мне дазволена, калi так можна сказаць, загадам ад неба. Калi ж цяпер я вам скажу, што не меў нiякай прыхiльнасцi да рэлiгii, вы яшчэ лепей убачыце, наколькi дзiўнае i незвычайнае было такое перакананне.

|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]