Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 27 из 117

Зрэшты, там, дзе я працаваў, я ўсiм пацiскаў руку, i нават не адзiн, а два разы на дзень. Такая мiлая сардэчнасць, якая, увогуле, нiчога не каштавала, прыносiла мне сiмпатыю ўсiх, а яна была вельмi карысная майму працвiтанню. Старшыня Калегii нават пальцам не варухнуў, каб уладзiць хаўтуры нашаму беднаму таварышу па службе. А я зрабiў усё як найлепш, i гэта - напярэдаднi сваёй вандроўкi, што асаблiва ўсiмi падкрэслiвалася. Безумоўна, я ведаў, што мой удзел у пахаваннi будзе абавязкова заўважаны i сустрэне найлепшыя водгукi. Таму вы зразумееце, што нават снег, якi падаў у той дзень, не прымусiў мяне адступiцца.

Што? О не, я ўжо блiзка. Ды вы не турбуйцеся, я зусiм не адхiляюся ад тэмы. Дазвольце толькi, я спачатку закончу пра гэтую дворнiчыху. Яна лiтаральна зруйнавала сябе, аддаўшы ўсе грошы на дарагое распяцце i багатую дубовую труну са срэбнымi ручкамi, але ўжо праз месяц - вiдаць, каб паўней прачуць свае перажываннi - зблыталася з нейкiм прайдзiсветам, у якога, памiж iншым, быў даволi прыгожы голас. Гэты фат часцяком яе лупцаваў, з iх пакоя даносiўся жудасны лямант, але ўжо праз хвiлiну ён адчыняў акно i на ўсё горла спяваў свой улюбёны раманс: "О жанчыны, мае прыгажунькi!" - "Чорт ведае што!" - казалi суседзi. А чаму "чорт ведае што", папытаюся я ў вас? Ну, няхай паводзiны ў гэтага барытона гаварылi не на яго карысць, няхай у дворнiчыхi таксама. Але гэта яшчэ не даказвае, што яны не кахалi адно аднаго. Як i не даказвае, што яна не кахала свайго памерлага мужа.

|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]