Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 96 из 117

Спачатку ён завагаўся, але потым, вiдаць, адчуў да мяне давер i вясёла пабег наперадзе, лiслiва вiляючы хвастом. У гэтую хвiлiну мяне абагнаў малады нямецкi салдат. Параўняўшыся з сабакам, ён палашчыў яго па галаве, i той адразу, без нiякага вагання i з такой самай сiмпатыяй пабег за чужынцам. Хутка яны знiклi ў натоўпе. Пасля таго, што здарылася, мяне апанавала такая нянавiсць да гэтага нямецкага салдата, што сумнявацца ў яе патрыятычнасцi я болей не мог. Няхай бы сабака пабег за нейкiм цывiльным французам, дык я на гэта, можа, i не звярнуў бы ўвагi. Але ж ён пабег за немцам, i калi я ўяўляў, што гэты сiмпатычны гарэза зробiцца любiмцам якогась нямецкага палка, мяне ажно трэсла ад гневу. Так што, самi бачыце, маё выпрабаванне на патрыятычнасць дало сама пераканаўчыя вынiкi.

I тады я вырашыў перабрацца ў Паўднёвую зону i знайсцi там больш падрабязныя звесткi пра Супрацiўленне. Аднак, калi мне гэта ўдалося i калi я ўсё прачуў, у мяне закралася нерашучасць. Задума стварыць падобнае мерапрыемства здавалася мне неразумнай. Гэта наогул была нейкая рамантычная мара. I галоўнае, жыццё ў падполлi не стасавалася з маiм тэмпераментам i маёю цягай да вольных вяршынь. Мне чамусьцi ўяўлялася, што мне загадаюць дзень i ноч сядзець у склепе i ўвесь час вязаць нейкую мудрагелiстую сетку, пакуль туды не прыйдуць злыднi, якiя распусцяць маё вязанне, перацягнуць мяне ў iншы склеп i будуць там катаваць да самай смерцi. Я захапляўся мужнасцю тых, хто мог пайсцi на такi падзямельны гераiзм, але наследаваць iх прыкладу быў няздольны.

|< Пред. 94 95 96 97 98 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]