Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 97 из 117



Такiм чынам я неўзабаве апынуўся ў Паўночнай Афрыцы, адкуль меў цьмяную надзею дабрацца да Лондана. Але ў Афрыцы сiтуацыя была вельмi заблытаная, усе супрацiўныя партыi, як мне здавалася, аднолькава мелi рацыю, i я не далучыўся нi да адной з iх, а таму i сваю былую надзею мусiў таксама пакiнуць. Па-вашаму, я, вiдаць, прапускаю тут пэўныя дробязi, у якiх ёсць глыбокi сэнс? Ну што ж, дапусцiм, што, разумеючы вашу дасцiпнасць, я раблю гэта наўмысна каб вы маглi заўважыць iх яшчэ лепш. Як бы то нi было, але нарэшце я апынуўся ў Тунiсе, дзе адна з маiх мiлых сябровак уладкавала мяне на працу. Гэта была вельмi разумная асоба, якая ў той час займалася нечым у кiно. Я прыехаў за ёй у тунiскую сталiцу, але пра сапраўдную яе прафесiю даведаўся толькi тады, калi ў Алжыры высадзiлiся першыя войскi саюзнiкаў. Якраз у той дзень яе i арыштавалi, а разам з ёй - i мяне, хоць я, далiбог, гэтага зусiм не хацеў. Што з ёй сталася потым, не ведаю, а мне не зрабiлi нiякага лiха, i пасля таго, як мiнулi першыя страхi, я зразумеў, што мой арышт быў хутчэй за ўсё мерай перасцярогi. Я быў перавезены ў лагер пад Трыпалi, дзе вязнi пакутавалi больш ад знямогi i смагi, як ад грубага абыходжання. Не буду ўсяго гэтага апiсваць. Бо, каб уявiць сабе падобныя ўстановы, нам, дзецям сярэдзiны дваццатага стагоддзя, зусiм не патрэбны падрабязныя апiсаннi. Сто пяцьдзесят год назад людзi з замiраннем душы думалi пра лясы i азёры. А цяпер - цяпер нам уласцiва, як бы мовiць, камерная лiрыка. Словам, я давяраю вашаму ўяўленню. Дадам хiба некалькi мазкоў: спёка, сонца над самай галавой, мухi, пясок i нiякай вады.

|< Пред. 95 96 97 98 99 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]