Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 98 из 117



Маiм суседам палагеры аказаўся адзiн малады i вельмi набожны француз. Ну, проста як у казцы, ведаеце, - гэткi доблесны рыцар Дзюгэсклен! Ён перабраўся з Францыi ў Гiшпанiю, каб змагацца з фашыстамi. Але хутка трапiў у палон, i нейкi такi самы набожны генерал iнтэрнiраваў яго ў франкiсцкiм лагеры. Калi ж нябога даведаўся, што сачавiчная полiўка там (няхай мне даруюць гэта блюзнерства) асвянчоная самiм Рымам, ён горка засмуцiўся. Нi пякучае афрыканскае неба, нi вясёлыя лагерныя ўцехi - нiшто не здолела пазбавiць яго гэтага смутку. Нарэшце ад сваiх чорных думак ён нават крыху звар'яцеў. I вось аднойчы, калi мы ўдзесяцёх сядзелi пад распаленай сонцам павеццю, з якой на галовы нам лiўся гарачы свiнец, i, задыхаючыся, дарэмна адмахвалiся ад мух, ён зноў пачаў праклiнаць таго, каго называў цяпер не iначай, як Рымлянiнам. Ён не галiўся ўжо некалькi дзён, вочы яго блукалi, цела блiшчала ад поту, i пальцы нервова скакалi па рэберных клавiшах. I тут ён абвясцiў, што чалавецтва павiнна абраць сабе новага папу - такога, якi жыў бы сярод няшчасных, а не малiўся, седзячы на прастоле, i чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым лепей. Ён матлянуў галавой, зiрнуў на нас сваiмi шалёнымi вачыма i паўтарыў: "Так, чым хутчэй, тым лепей!" Потым ён раптам паспакайнеў i паведамiў змрочным голасам, што папам трэба выбраць каго-небудзь з нас, гэта павiнен быць звычайны i паўнацэнны чалавек, з усiмi яго вартасцямi i недахопамi. Мы ж усе прысягнём яму ў паслушэнстве з умовай, што ён будзе падтрымлiваць у сабе i ў другiх пачуццё еднасцi з усiмi пакутнiкамi.

|< Пред. 96 97 98 99 100 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]