--------------------------------------------- Камю Альбер Чужанiца (на белорусском языке) Альбэр Камю Чужанiца Пераклаў Змiцер Колас Частка першая I Сёння памерла мама. Цi, можа, учора, не ведаю. Я атрымаў тэлеграму з прытулку: "Сканала мацi. Пахаванне заўтра. Шчыра спачуваем". Тут ладу не дойдзеш. Мабыць, i ўчора. Прытулак для састарэлых - у Марэнга, за восемдзесят кiламетраў ад Алжыра. А другой гадзiне сяду ў аўтобус i надвячоркам буду там. Значыць, змагу пасядзець ля труны i заўтра ўвечары ўжо вярнуся. Папрасiў у патрона два днi. Вядома, ён не мог мне адмовiць, калi ўжо такая прычына. Але выгляд у яго быў незадаволены. Я нават сказаў: "Гэта ж не мая вiна". Ён прамаўчаў. I я падумаў, што не павiнен быў казаць яму гэтага. Урэшце, мне не было за што перапрошваць. Бадай, гэта ён павiнен быў мне паспачуваць. Але, вiдаць, ён зробiць гэта паслязаўтра, калi ўбачыць мяне ў жалобе. А цяпер яшчэ мама нiбы i не памерла. Вось пасля пахавання - тады ўжо справа будзе ясная, i ўсё пойдзе так, як яно прынята афiцыйна. А другой гадзiне сеў у аўтобус. Спёка была страшэнная. А паеў, як звычайна, у шынку ў Селеста. Яны там усе мяне шкадавалi, i Селест сказаў: "Мацi ва ўсiх адна". Калi я сабраўся iсцi, усе правялi мяне да дзвярэй. У галаве была нейкая затлума - яшчэ ж трэба было забегчы да Эмануэля пазычыць чорны гальштук i жалобную павязку на руку. У яго некалькi месяцаў назад памёр дзядзька. Каб не спазнiцца на аўтобус, увесь час бег. I, напэўна, ад гэтага спеху i беганiны, ды пасля яшчэ - ад трасення па калдобiнах ды агiднага паху бензiну мяне размарыла, i амаль усю дарогу я праспаў. А калi прачнуўся, аказалася, што мая галава ляжыць на плячы ў нейкага вайскоўца. Той усмiхнуўся i спытаў, цi здалёк я еду. Я адказаў: "Ну", - каб болей не размаўляць. Прытулак быў за два кiламетры ад вёскi. Я пайшоў туды пешкi. Мне хацелася адразу пабачыць маму. Але брамнiк сказаў, што спачатку трэба сустрэцца з дырэктарам. Той быў заняты, давялося трошкi пачакаць. Брамнiк увесь час нешта балбатаў, але нарэшце з'явiўся дырэктар i запрасiў мяне ў кабiнет. Гэта быў маленькi стары, са стужкай Ганаровага Легiёна ў пятлiцы. Ён зiрнуў на мяне светлымi вачыма. Потым пацiснуў руку i так доўга яе трымаў, што я ўжо не ведаў, як яе вызвалiць. Ён зiрнуў у нейкiя свае паперы i сказаў: "Панi Мёрсо прыйшла да нас тры гады таму. Вы былi яе адзiная падтрымка". Мне здалося, што ён мяне за штось папракае, i я пачаў быў тлумачыць. Але ён мяне спынiў: "Вам няма чаго апраўдвацца, мiлае дзiця. Я прачытаў дасье вашай мацi. Вы не маглi ўтрымлiваць яе. Ёй быў патрэбны догляд. А заробак у вас сцiплы. Урэшце, у нас яна была шчаслiвейшая". Я сказаў: "Праўда, пане дырэктару". Ён дадаў: "Ведаеце, у яе тут былi сябры, яе веку. I ў iх былi агульныя iнтарэсы, якiя ядналi iх з мiнулым. Вы малады, з вамi яна, мусiць, сумавала". Ён меў рацыю. Калi мама была дома, яна ўвесь час маўчала i адно сачыла за мной вачыма. А калi апынулася ў прытулку, першыя днi часта плакала. Проста ў яе не было звычкi. Праз некалькi месяцаў яна б заплакала, каб яе з прытулку забралi. I зноў жа ад звычкi. Можа, якраз таму ўвесь апошнi год я туды амаль i не ездзiў. Дый гэта пазбаўляла б мяне нядзелi - я ўжо не кажу пра пакуты з паездкай на аўтобусе: спачатку купi бiлеты, а пасля трасiся дзве гадзiны. Дырэктар нешта яшчэ гаварыў. Але я ўжо яго амаль не слухаў. Нарэшце ён сказаў: "Я думаю, вы хочаце ўбачыць мацi". Я моўчкi ўстаў, i ён прайшоў наперад да дзвярэй. На лесвiцы ён пачаў тлумачыць: "Мы перанеслi яе ў нашу маленькую трупярню. Каб не траўмаваць iншых. Кожны раз, як у прытулку нехта памiрае, усе астатнiя пачынаюць нервавацца, i потым два-тры днi iх не супакоiш. Нам гэта ўскладняе працу". Мы прайшлi праз двор, там было шмат старых, якiя гаманiлi, разбiўшыся на гурткi. Калi мы праходзiлi побач, гамонка зацiхала. А потым, у нас за спiнай, узнiкала зноў. Было падобна да прыглушанага сакатання чародкi папугайчыкаў. Каля дзвярэй невялiкага будынка дырэктар развiтаўся: "Пакiдаю вас аднаго, пане Мёрсо. Калi я вам спатрэблюся, я ў сябе ў кабiнеце. Ну а ўвогуле, пахаванне заўтра а дзесятай гадзiне ранiцы. Мы падумалi, што такiм чынам у вас будзе досыць часу пасядзець каля нябожчыцы. I апошняе: ваша мацi, здаецца, часта казала сваiм прыяцелям па прытулку, што хоча быць пахаванай згодна з рэлiгiйным абрадам. Я ўжо загадаў зрабiць усё, што трэба. Але лiчу сваiм абавязкам вам пра гэта паведамiць". Я падзякаваў. Праўда, мама, хоць i не была бязбожнiца, пры жыццi нiколi не думала пра рэлiгiю. Я ўвайшоў. Пакой быў вельмi светлы, пабелены глiнкай, з зашклёнаю столлю. З мэблi стаялi адно некалькi крэслаў i козлы. Пасярод пакоя, на козлах, труна з насунутым векам. На фоне цёмных, фарбаваных пад арэх дошак адразу кiдалiся ў вочы блiскучыя, ледзь прыкручаныя шрубы. Каля труны сядзела арабка ў белым халаце i ў яркай хустцы. Тут у мяне за спiнай узнiк брамнiк. Ён, вiдаць, бег, бо вельмi задыхаўся. Крыху заiкаючыся, ён сказаў: - Мы накрылi, але я зараз здыму века, каб вы маглi на яе паглядзець. Ён падышоў да труны, але я спынiў яго. Ён запытаўся: - Вы не хочаце? Я адказаў: - Не. Ён апусцiў рукi, i мне зрабiлася няёмка, бо я адчуў, што адмаўляцца было не трэба. Ён уважлiва паглядзеў на мяне i спытаў: - Чаму? - Але ў пытаннi не было нiякага папроку, быццам ён проста хацеў даведацца. Я адказаў: - Не ведаю. Тады ён пакруцiў свой сiвы вус i прамовiў, не гледзячы на мяне: - Разумею. У яго былi прыгожыя блакiтныя вочы i крыху пачырванелы твар. Ён падсунуў мне крэсла i сам сеў трошкi ззаду. Арабка ўстала i пайшла да дзвярэй. Тады брамнiк сказаў: - Гэта ў яе ад шанкеру. Я адразу не зразумеў, але, зiрнуўшы на сядзелку, убачыў, што пад вачыма ў яе павязка. Там, дзе павiнен быць нос, бiнт ляжаў гладка. Замест твару была вiдаць адно белая марля. Калi яна выйшла, брамнiк сказаў: - Я зараз пакiну вас аднаго. Не ведаю, якi я там зрабiў рух, але брамнiк застаўся стаяць у мяне за спiнай. Тое, што ён стаяў ззаду, мяне неяк бянтэжыла. Пакой быў залiты яркiм надвячэрнiм святлом. Тыцкаючыся ў шыбу, гулi два чмялi. I я адчуў, што мяне пачынае хiлiць на сон. Не азiраючыся на брамнiка, я запытаўся: - Вы тут даўно? Ён адказаў адразу: - Пяць год, - нiбы ўвесь час чакаў гэтага пытання. I потым загаманiў. Каб яму нехта раней сказаў, што ён скончыць брамнiкам у прытулку ў нейкiм Марэнга, ён бы вельмi здзiвiўся. Цяпер яму шэсцьдзесят чатыры, сам ён з Парыжа. Тут я яго перапынiў: - Дык вы не тутэйшы? Але потым я прыгадаў, што перад тым, як правесцi мяне да дырэктара, ён гутарыў са мной пра маму. Ён сказаў, што яе трэба хутчэй пахаваць, бо на раўнiне цяпер вялiкая спёка, асаблiва ў гэтых краях. Тады ён i паведамiў, што раней жыў у Парыжы i ўсё нiяк не можа забыцца пра гэта. У Парыжы каля нябожчыка можна пабыць i тры, а то часам i чатыры днi. А тут - дзе там, няма калi! Яшчэ як след не ўразумееш, што здарылася, а ўжо - вунь, трэба бегчы за катафалкам. Яго жонка сказала яму тады: - Ды сцiхнi ты! Што ты такое гаворыш пану! Стары пачырванеў i папрасiў прабачэння. Але я ўмяшаўся: - Ды не, не, што вы. Я падумаў, што ўсё тое, што ён кажа, - праўда, i мне гэта здалося цiкавым. У трупярнi ён расказаў, што быў прыняты ў прытулак як чалавек бедны. Але адчуваючы сябе яшчэ здольным працаваць, папрасiўся ў брамнiкi. Я зазначыў, што ён, значыць, такi самы жыхар у гэтым прытулку, як i ўсе. Але ён запярэчыў зусiм не. I мяне ўразiў той тон, якiм ён гаварыў: "яны", "гэтыя" цi, радзей, "старыя", хоць многiя, пра каго ён казаў, былi не старэйшыя за яго. Але, вядома, ён i яны - не адно i тое ж. Ён жа брамнiк i, у пэўнай ступенi, мае над iмi ўладу. У гэтую хвiлiну вярнулася сядзелка. Неяк адразу звечарэла. Над шкляным дахам хутка згусцiлася цемра. Брамнiк павярнуў выключальнiк, i мяне асляпiла нечаканая хваля святла. Брамнiк запрасiў мяне схадзiць у сталоўку паабедаць. Але есцi мне не хацелася. Тады ён прапанаваў прынесцi шклянку кавы з малаком. Я згадзiўся, бо каву з малаком вельмi люблю, i неўзабаве ён вярнуўся з падносам. Я пачаў пiць. I тады ў мяне ўзнiкла жаданне запалiць. Але я спачатку вагаўся, бо не ведаў, цi можна мне палiць каля мамы. Я падумаў i вырашыў, што гэта не мае нiякага значэння. Я пачаставаў цыгарэтай брамнiка, i мы з iм запалiлi. Праз нейкi час ён сказаў: - Ведаеце, сябры вашай мацi зараз таксама прыйдуць пасядзець каля яе. Так прынята. Дык я схаджу па крэслы i прынясу чорнай кавы. Я запытаўся, цi можна пагасiць адну якуюсь лямпу. Мяне стамляла яркае святло, якое адбiвалася ад беленых сцен. Але ён сказаў, што гэта немагчыма. Так зроблена праводка: можна ўключыць цi ўсе адразу, цi наогул нiводнай. Ён выйшаў, потым вярнуўся i пачаў расстаўляць крэслы. На адным ён згрувасцiў стос шклянак i кавярнiк. Потым сеў насупраць мяне, па той бок мамы. Сядзелка таксама тулiлася на крэсле ў дальнiм куце, павярнуўшыся да мяне спiнай. Мне было не вiдаць, што яна там робiць. Але па тым, як варушылiся яе рукi, можна было здагадацца, што яна вяжа. Было цёпла, кава сагрэла мяне. Праз адчыненыя дзверы лiўся водар летняй ночы i кветак. Я, напэўна, трошкi задрамаў. Прачнуўся я ад нейкага шоргату. I калi расплюшчыў вочы, сцены ў пакоi здалiся яшчэ больш белымi i блiскучымi. Вакол не было нiякага ценю, i кожная рэч, кожны кут, усе выгiны вымалёўвалiся да таго рэзка, што балюча было глядзець. Якраз у гэты момант прыйшлi мамiны сябры. Усяго iх было чалавек дзесяць, яны бясшумна плылi ў гэтым сляпучым святле. Потым паселi, так цiха, што не рыпнула нiводнае крэсла. Я глядзеў на iх i бачыў так ясна, як нiколi яшчэ нiкога не бачыў, я заўважаў кожную рыску на iх тварах, кожную складку на вопратцы. Але не чуў нi гуку, i мне нават не вельмi верылася, што яны сапраўдныя жывыя людзi. Амаль усе жанчыны былi ў фартухах, туга завязаных на поясе, ад чаго iх тоўстыя жываты здавалiся яшчэ большымi. Я раней нiколi не заўважаў, якiя ў старых кабет бываюць вялiзныя жываты. Мужчыны амаль усе былi худыя i трымалi ў руках кiёчкi. Больш за ўсё мяне ўразiла, што на iх тварах было не вiдаць вачэй - мiж глыбокiх маршчын прабiвалася адно каламутнае, кволае святло. Калi яны парасселiся, большасць уперылася ў мяне i няёмка затрэсла галовамi, бязгучна варушачы пры гэтым праваленымi ў бяззубы рот вуснамi; але я так i не зразумеў, цi то яны вiталiся са мною, цi то быў проста нервовы цiк. Па-мойму, яны ўоё ж вiталiся. I толькi тут я заўважыў, што ўсе яны сядзяць якраз насупраць мяне, справа i злева ад брамнiка, i моўчкi кiваюць галовамi. У мяне на нейкую хвiлiну ўзнiкла дзiўнае ўражанне, быццам яны сабралiся мяне судзiць. Трошкi пазней адна жанчына заплакала. Яна сядзела ў другiм радзе, за спiнаю ў сваёй прыяцелькi, i мне дрэнна было яе вiдаць. Яна плакала доўга, моцна ўсхлiпваючы праз аднолькавыя прамежкi часу, i мне здавалася, што яна нiколi не кончыць. Астатнiя нiбы не чулi яе. Яны сядзелi скурчаныя, пахмурныя i маўклiвыя. Хто глядзеў на труну, хто на кiёк, хто яшчэ куды, кожны ўтаропiўся ў адну нейкую кропку i не зводзiў з яе вачэй. Жанчына яшчэ плакала. Мяне гэта вельмi здзiўляла, бо я зусiм не ведаў яе. Мне вельмi хацелася, каб яна сцiхла. Але я не адважваўся сказаць ёй гэтага. Брамнiк нахiлiўся i сказаў ёй некалькi слоў, але яна пакруцiла галавой, нешта прамармытала i зноў пачала плакаць i ўсхлiпваць з тымi ж прамежкамi. Тады брамнiк абышоў труну i сеў побач са мной. Ён доўга маўчаў i нарэшце, не гледзячы на мяне, сказаў: - Яна вельмi сябравала з вашай мацi. Кажа, што яна была тут яе адзiная прыяцелька i цяпер у яе нiкога няма. Прайшло яшчэ шмат часу. Жанчына ўздыхала i ўсхлiпвала ўсё радзей. Цяпер яна больш шморгала носам. I нарэшце сцiхла. Спаць ужо не хацелася, але я вельмi стамiўся, балела спiна. Мяне прыгнятала, што ўсе вакол маўчаць. Толькi час ад часу чуўся нэйкi дзiўны гук, i я доўга не мог зразумець, адкуль ён. Урэшце я здагадаўся, што некаторыя старыя смокчуць шчокi, i таму ў iх часам вырываецца такое дзiўнае цмоканне. Яны яго не заўважалi, бо былi вельмi паглыбленыя ў свае думкi. У мяне нават узнiкла ўражанне, што нябожчыца, якая ляжала перад iмi ў труне, не мела для iх нiякага значэння. Але цяпер я думаю, што гэта ўражанне памылковае. Усе мы выпiлi кавы, якую налiў брамнiк. Што было далей, не ведаю. Прайшла ноч. Памятаю толькi, што ў нейкi момант я расплюшчыў вочы i ўбачыў, што ўсе старыя спяць, цяжка ссунуўшыся на крэслах, i толькi адзiн абаперся на булавешку свайго кiёчка, паклаў падбародак на рукi i пiльна глядзiць на мяне, нiбы толькi i чакае, каб я прачнуўся. Потым я заснуў зноў. Прачнуўся я ад моцнага болю ў спiне. За шклёнаю столлю займалася на дзень. Неўзабаве прачнуўся адзiн стары. Ён моцна закашляў i пачаў адхарквацца ў вялiкую клятчатую насоўку. Здавалася, з кожным пляўком з сярэдзiны ў яго вылятае кавалак лёгкага. Сваiм кашлем ён разбудзiў астатнiх, i брамнiк сказаў, што iм ужо час iсцi. Яны паднялiся. Ад доўгага сядзення ў няёмкiх позах яны мелi вельмi стомлены выгляд, твары былi шэрыя, нiбы з попелу. На маё вялiкае здзiўленне, выходзячы, яны ўсе пацiснулi мне руку - быццам гэтая ноч, за якую мы не абмянялiся нiводным словам, павялiчыла нашую блiзкасць. Я стамiўся. Брамнiк завёў мяне ў свой пакойчык, i я змог трошкi прывесцi сябе ў парадак. Я выпiў яшчэ кавы з малаком, яна была вельмi смачная. Калi я выйшаў, ужо зусiм развiднела. Над пагоркамi, якiя аддзяляюць Марэнга ад мора, у небе гулялi ружовыя промнi сонца. I вецер, якi прылятаў адтуль, прыносiў пах солi. Пачынаўся выдатны, пагодны дзень. Я ўжо даўно не быў за горадам i з вялiкiм задавальненнем пайшоў бы цяпер прагуляцца, каб не мама. Я застаўся чакаць на двары, пад платанам. Стаяў i ўдыхаў свежы водар зямлi, спаць ўжо зусiм не хацелася. Я падумаў пра сваiх прыяцеляў па службе. Цяпер яны, напэўна, устаюць, каб iсцi на працу - для мяне гэта заўжды быў сама цяжкi час. У мяне былi яшчэ нейкiя думкi наконт гэтага, але ўвагу адцягнула бразгатанне звону, што даносiлася аднекуль з багадзельнi. За вокнамi пачалася нейкая валтузня, потым усё сцiхла. Сонца паднялося вышэй i пачынала ўжо саграваць ногi. Цераз двор прайшоў брамнiк, ён сказаў, што мяне клiча дырэктар. Я пайшоў у кабiнет. Дырэктар даў мне падпiсаць даволi многа нейкiх папер. Я заўважыў, што ён апрануты ва ўсё чорнае, толькi нагавiцы паласатыя. Ён узяў у рукi тэлефон i запытаўся: - Службоўцы з пахавальнага бюро ўжо тут. Я зараз паклiчу iх зачынiць труну. Мабыць, вы хочаце апошнi раз зiрнуць на сваю мацi? Я адказаў: - Не. Тады ён загадаў у слухаўку прыцiшаным голасам: - Фiжак, скажыце сваiм, каб пачыналi. Потым ён паведамiў мне, што таксама будзе на пахаваннi. Я падзякаваў. Ён сеў за стол, закiнуў адну на адну караценькiя ногi i папярэдзiў, што, апроч нас, на пахаваннi нiкога не будзе, пойдзе яшчэ толькi адна санiтарка. Паводле правiлаў прытулку яго жыхары на пахаванне не дапускалiся. Iм дазвалялася толькi пасядзець каля труны. "Я лiчу, што так яно чалавечней", - сказаў ён. Але сёння дырэктар дазволiў аднаму з старых мамiных сяброў правесцi яе на могiлкi. "Яго завуць Томас Перэс". Тут дырэктар усмiхнуўся. - Вы, вядома, разумееце. Гэта было нейкае такое дзiцячае дзiвацтва. Але яны з вашаю мацi былi неразлучныя. З iх у прытулку нават трошкi кпiлi, казалi Перэсу: "Гэта твая нявеста". А ён смяяўся. Iм абодвум гэта было прыемна. I трэба сказаць, што смерць панi Мёрсо вельмi яго засмуцiла. Я быў няздольны яму адмовiць. Але паводле парады лекара, якi часта да нас прыходзiць, я ўчора забаранiў яму сядзець каля труны. Мы доўга сядзелi моўчкi. Дырэктар падняўся i зiрнуў у акно. Потым ён некага там заўважыў i сказаў: - Ну вось, з Марэнга ўжо прыйшоў свяшчэннiк. Нешта ён рана. Дырэктар папярэдзiў, што пешкi давядзецца iсцi хвiлiн сорак пяць тутэйшая царква аж у самай вёсцы. Мы выйшлi на двор. Каля трупярнi стаяў свяшчэннiк i два хлопчыкi з хораў. Адзiн з iх трымаў у руцэ кадзiла, а свяшчэннiк, схiлiўшыся над iм, раўняў даўжыню срэбных ланцужкоў. Калi мы падышлi, свяшчэннiк выпрастаўся. Ён назваў мяне "сын мой" i сказаў яшчэ некалькi слоў. Потым ён зайшоў у трупярню, я рушыў за iм. Я адразу заўважыў, што шрубы на труне ўжо закручаныя i ў пакоi стаяць чатыры мужчыны ў чорным. Дырэктар сказаў, што катафалк чакае на дарозе. Свяшчэннiк пачаў чытаць малiтвы. З гэтай хвiлiны ўсё пайшло вельмi хутка. Людзi падышлi да труны, захiнулi яе покрывам. Свяшчэннiк, служкi i я з дырэктарам - выйшлi. Каля дзвярэй стаяла нейкая незнаёмая жанчына. Дырэктар мяне назваў: "Пан Мёрсо". Iмя жанчыны я не пачуў i толькi зразумеў, што гэта i ёсць санiтарка. Без нiякай усмешкi яна прыхiлiла доўгi кашчавы твар. Потым мы расступiлiся, каб даць вынесцi цела, i рушылi следам за труной. За брамай стаяў катафалк. Ён быў доўгi, лакiраваны i блiскучы i нагадваў вучнёўскi пенал. Побач з катафалкам стаяў распараднiк працэсii - карантыш у дзiвотным адзеннi - i нейкi дзядок ненатуральнага выгляду. Я зразумеў, што гэта Перэс. На iм быў фетравы капялюш з круглым верхам i шырокiм брылём (ён зняў яго, калi труну вынеслi з брамы), гарнiтур з закручанымi вакол ног калашынамi нагавiцаў, якiя маршчынiлiся над чаравiкамi, i чорны, завязаны вузлом гальштук, якi глядзеўся занадта маленькiм пад шырокiм каўнерам яго белай кашулi. Вусны старога дрыжалi пад навiслым, з чорнымi кропкамi носам. З-пад сiвых, вельмi тонкiх валасоў тырчалi дзiўныя - вялыя i бясформенныя вушы, мяне ўразiў iх крывава-чырвоны колер, якi нiяк не клаўся да змярцвела-бледнага твару. Распараднiк паказаў, дзе хто павiнен iсцi. Спачатку свяшчэннiк, потым катафалк. Абапал, па рагах, чатыры мужчыны. Ззаду - мы з дырэктарам, i ў канцы працэсii - санiтарка i Перэс. Неба было ўжо ўсё залiтае сонцам. Пачынала прыпякаць, i спёка хутка мацнела. Не ведаю чаму, мы яшчэ доўга чагосьцi чакалi. У цёмным гарнiтуры мне было дужа горача. Дзядок надзеў капялюш, але потым, вiдаць, перадумаў i зняў. Я трошкi павярнуўся, каб лепей яго разгледзець. А дырэктар зноў пачаў распавядаць. Ён сказаў, што мама i Перэс часта гулялi тут увечары i часам даходзiлi аж да самай вёскi. З iмi хадзiла сядзелка. Я азiрнуўся вакол. За шэрагамi гонкiх, высокiх кiпарысаў, якiя ўзбягалi па ўзгорках пад самае неба, вiднелася рудая, а дзе ўжо з зялёнымi парасткамi зямля, сям-там стаялi рэдкiя, акуратныя хаткi. Я разумеў маму. Увечары гэты краявiд, напэўна, выклiкае цiхiя, сумныя думкi. А цяпер, калi паветра дрыжыць пад спякотнымi промнямi сонца, ён выглядае занадта жорстка i нават прыгнятае. Мы рушылi. Толькi цяпер я заўважыў, што Перэс трошкi накульгвае. Катафалк патроху паехаў шпарчэй, i стары пачаў адставаць. Адзiн з мужчын, што iшлi абапал катафалка, адстаў таксама. Цяпер ён iшоў побач са мной. Мяне здзiвiла, што сонца падымаецца так хутка. I раптам я пачуў, як у палях сакочуць i гудуць насякомыя, шапацiць трава. Па шчоках у мяне цёк пот. Капелюша не было, i абмахвацца прыйшлося насоўкаю. Адзiн мужчына з пахавальнага бюро нешта сказаў мне, але я не пачуў. Трымаючы ў левай руцэ насоўку, ён выцiраў голы чэрап, а правай крыху ўздымаў картуз. Я папытаўся: - Што вы кажаце? Ён паўтарыў, паказваючы на неба: - Пячэ. - Але, - сказаў я. Трошкi пазней ён запытаўся: - Хто ў вас памёр? Мацi? - Мацi, - зноў сказаў я. - Старая была? Я адказаў: - Не вельмi. - Я добра не ведаў, колькi маме год. Тады ён змоўк. Я павярнуўся i ўбачыў, што стары Перэс iдзе далёка ззаду, метраў за пяцьдзесят ад нас. Ён вельмi хацеў нас дагнаць i таропка чыкiльгаў, шырока махаючы капелюшом. Я паглядзеў на дырэктара. Ён iшоў вельмi паважна, не робячы нiводнага лiшняга руху. На лобе ў яго блiшчалi кроплi поту, але ён iх не выцiраў. Мне здалося, што працэсiя пачала рухацца яшчэ хутчэй. Вакол быў той самы, залiты сонечным святлом абшар. Неба невыносна зiхцела. Пэўны час мы iшлi па нядаўна адрамантаваным участку дарогi. Асфальт плавiўся пад сонцам. Ногi гразлi, па беразе разлiвалася блiскучая мякаць. Над катафалкам калываўся цыратавы фурманаў капялюш, нiбыта зроблены з гэтай чорнае масы. Ад безлiчы манатонных адценняў мне рабiлася нiякавата: сiняе неба, белыя аблокi, клейка-чорны асфальт, змрочна-чорнае адзенне, блiскуча-чорны катафалк. А тут яшчэ сонца, пах скуры, конскага гною, лаку, кадзiла, стома ад бяссоннай ночы ад усяго гэтага ў вачах i ў думках у мяне ўсё паплыло. Я зноў азiрнуўся, i мне здалося, што Перэс ужо недзе вельмi далёка, ён губляўся ў спякотнай смузе i нарэшце знiк зусiм. Я пашукаў яго вачыма i ўбачыў, што стары збочыў з дарогi i iдзе напрасткi, цераз поле. Наперадзе была паваротка. Я зразумеў, што Перэс, добра ведаючы тутэйшыя мясцiны, пайшоў найкарацейшай дарогай, каб нас дагнаць. На паваротцы яму гэта ўдалося. Потым мы зноў згубiлi яго. Але ён зноўку дагнаў нас полем - i так было шмат разоў. Я ўжо адчуваў, як у скронях у мяне тахкае кроў. Потым усё пайшло так хутка, з такою ўпэўненасцю i настолькi натуральна, што я ўжо нiчога не магу прыгадаць. Бадай, адно толькi ўбiлася ў галаву: на ўездзе ў вёску санiтарка сказала мне некалькi слоў. У яе быў дзiўны голас меладычны i трапяткi, ён нiяк не клаўся да яе кашчавага твару. Яна сказала: - Калi iдзеш павольна - рызыкуеш атрымаць сонечны ўдар, а як iдзеш хутка, дык увесь спацееш, i потым, у царкве, ад сырасцi можна прастудзiцца. Яна мела рацыю. I так, i гэтак - выйсця не было. У памяцi захавалiся яшчэ некалькi ўспамiнаў пра гэты дзень: напрыклад, памятаю твар Перэса, калi ён апошнi раз дагнаў нас перад вёскай. Па шчоках у яго кацiлiся буйныя слёзы - вiдаць, ён вельмi нерваваўся i быў, апроч таго, стомлены. Твар у яго быў такi маршчынiсты, што слёзы са шчок не сцякалi, а адно расплывалiся, хавалiся ў зморшчынках i залiвалi змардаванае аблiчча суцэльным бляскам. Памятаю яшчэ, потым была царква, вяскоўцы на ходнiках, чырвоная герань на могiлках, Перэс самлеў (павалiўся, нiбы раскручаная лялька), на мамiну труну сыпалася крывава-чырвоная зямля, дзе-нiдзе ў ёй траплялiся белыя, нiбы косткi, карэньчыкi раслiн, потым зноў нейкi люд, галасы, вёска, чаканне каля кавярнi, доўгае, безупыннае фырканне матора i нарэшце - радасць, калi аўтобус пакацiў мiж лiхтароў вячэрняга Алжыра, i я падумаў, што зараз лягу спаць i прасплю дванаццаць гадзiн. II Прачнуўшыся, я зразумеў, чаму ў патрона быў такi незадаволены выгляд, калi я папрасiў два днi. Сёння ж субота! А я, што называецца, зусiм пра гэта забыўся. I ўспомнiў толькi цяпер, калi ўстаў. А патрон, вiдаць, яшчэ тады падлiчыў, што мне выпадае чатыры вольныя днi (бо наперадзе ў нас нядзеля), i яму гэта, натуральна, не магло спадабацца. Але па-першае, у тым, што маму вырашылi хаваць учора, а не сёння, маёй вiны няма, а па-другое - так цi iнакш, субота i нядзеля ўсё роўна былi б мае. I ўсё ж патрона можна зразумець. Устаць было вельмi цяжка: дужа стамiўся за ўчорашнi дзень. Пакуль галiўся, думаў, чым бы заняцца. Вырашыў пайсцi на пляж. Сеў у трамвай i даехаў да купальняў у партовым залiве. Там я паднырнуў у праход i выплыў у мора. Было шмат моладзi. У вадзе я натрапiў на Мары Кардону, былую машынiстку з нашай канторы. Тады мяне вельмi вабiла да яе. I яе да мяне, здаецца, таксама. Але яна хутка звольнiлася, i нам не хапiла часу... Я дапамог ёй залезцi на бакен i ў гэты момант дакрануўся да яе грудзей. Я быў яшчэ ў вадзе, а яна легла на бакене на жывот i павярнулася да мяне. На вочы ёй спадалi валасы, яна смяялася. Я ўскараскаўся на бакен i лёг побач. Было вельмi хораша. Нiбы жартам, я адкiнуў галаву назад i палажыў яе Мары на жывот. Яна нiчога не сказала, i я застаўся ляжаць. Перад вачыма ў мяне было ўсё неба, яно было блакiтнае i залачонае сонцам. Патылiцай я адчуваў, як жывот у Мары мякка пульсуе. Мы яшчэ доўга ляжалi на бакене, у салодкай дрымоце. Калi сонца пачало занадта пячы, Мары скочыла ў ваду, i я за ёй. Я дагнаў яе, абняў рукою за талiю, i мы паплылi разам. Яна ўвесь час смяялася. На пляжы, пакуль мы сохлi, яна сказала: - Я загарэла болей за вас. Я запытаўся, цi хоча яна ўвечары схадзiць у кiно. Яна зноў засмяялася i сказала, што было б няблага паглядзець якi-небудзь фiльм з Фернандэлем. Мы апранулiся. Яна вельмi здзiвiлася, калi ўбачыла на мне чорны гальштук, i спытала, цi ж то я не ў жалобе? Я сказаў, што ў мяне памерла мама. Яна пацiкавiлася - калi, i я адказаў: - Учора пахавалi. Яна крыху адхiснулася, але нiчога не сказала. Мне захацелася сказаць ёй, што я не вiнаваты, але я змаўчаў, бо ўспомнiў, што ўжо казаў гэта аднойчы патрону. Увогуле, гэта не мела нiякага сэнсу. Чалавек заўсёды ў нечым трошкi вiнаваты. Увечары Мары пра ўсё забыла. Фiльм быў часам забаўны, часам зусiм нейкi бязглузды. Мары падсунула сваю нагу да маёй. Я лашчыў яе грудзi i пад канец сеанса пацалаваў, але атрымалася неяк няўдала. Пасля кiно яна пайшла да мяне. Калi я прачнуўся, Мары ўжо не было. Яна казала, што павiнна iсцi да цёткi. Я падумаў, што сёння нядзеля, i мне зрабiлася сумна: нядзелю я не люблю. Тады я перавярнуўся на ложку i, уторкнуўшыся ў падушку носам, адчуў пах марской солi, пакiнуты валасамi Мары. Я зноў заснуў i праспаў да дзесяцi гадзiн. Потым да паўдня валяўся ў ложку i палiў цыгарэты. Iсцi снедаць да Селеста, як гэта я рабiў звычайна, не хацелася. Яны там, вядома, пачнуць прыставаць да мяне з роспытамi, а я гэтага не люблю. Падсмажыў сабе яечню i з'еў проста з патэльнi, без хлеба, бо хлеб скончыўся, а iсцi ў лаўку не хацелася. Пасля снедання - проста бадзяўся па кватэры. Было трошкi нудна. Калi мы жылi з мамай, у нас было ўтульна. А пасля мне адному кватэра зрабiлася занадта вялiкая, i я мусiў перацягнуць абедзенны стол у спальню. Так цяпер i жыву ў адным гэтым пакоi. У мяне тут стаiць некалькi праседжаных плеценых крэслаў, шафа з пажоўклым люстрам, туалетны столiк i ложак з мядзянымi булавешкамi. Рэшта ўся занядбаная. Каб нечым заняцца, узяў старую газету, пачытаў, пагартаў. Дзеля забавы выразаў рэкламу слабiцельнай солi "Крушэн". Наклеiў яе ў старым сшытку - я ў iм збiраю розныя пацешныя рэчы з газет. Потым вымыў рукi i выйшаў на балкон. Вокны ў маёй спальнi выходзяць на галоўную вулiцу нашага прадмесця. Дзень быў пагодны. Але брук здаваўся чамусьцi сырым. Мiнакоў было мала, i ўсе яны некуды спяшалiся. Спачатку iшлi сем'i - на шпацыр. Наперадзе - два хлопчыкi ў марацкiх гарнiтурчыках з кароткiмi штонiкамi крыху нiжэй каленяў (iм, вiдаць, было вельмi нязручна ў занадта накрухмаленай вопратцы) i дзяўчо з вялiзным ружовым бантам i ў чорных лакiраваных пантофлiках. Ззаду - дзябёлая, неабсяжная мацi ў каштанавай ядвабнай сукенцы i маленькi недалужны мужычок iх бацька, якога я, дарэчы, ведаў у твар. На iм быў пляскаты саламяны капялюш, на шыi - гальштук матыльком, у руцэ - кiёк. Калi я ўбачыў яго побач з жонкай, я адразу зразумеў, чаму ён, як кажуць у нашым квартале, такi далiкатны i выхаваны. Крыху пазней пайшла наша тутэйшая моладзь - валасы спырснутыя лакам, чырвоны гальштук, шчыгульны, па талii пiнжак, у кiшэньцы - вышываная насоўка i модныя тупаносыя чаравiкi на нагах. Я падумаў, што яны, пэўна, сабралiся ў кiно, куды-небудзь у цэнтр. Таму i выбралiся гэтак рана i цяпер бягуць з рогатам на трамвай. Пасля iх вулiца патроху апусцела. Сеансы i вiдовiшчы, значыць, ужо пачалiся. Акрамя катоў i крамнiкаў, вiдаць больш нiкога не было. Неба над фiкусамi, што раслi абапал вулiцы, было чыстае, хоць i не яркае. Гандляр з тытунёвай лаўкi насупраць вынес крэсла, паставiў яго каля дзвярэй i сеў, абапершыся рукамi на бiлца. Нядаўна поўныя бiтком трамваi ехалi цяпер амаль пустыя. У маленькай кавярнi "У П'еро", побач з тытунёвай лаўкай, гарсон падмятаў у бязлюднай зале падлогу, пасыпаючы яе вiльготным пiлавiннем. Сапраўды - нядзеля. Я перакруцiў крэсла i паставiў яго так, як гандляр з тытунёвай лаўкi. Па-мойму, так сапраўды сядзець было зручней. Потым выпалiў дзве цыгарэты, вярнуўся ў пакой, узяў кавалачак шакаладу i, не спяшаючыся, пачаў яго есцi каля акна. Хутка неба пахмурнела, здалося, што зараз пачнецца навальнiца, як яно часта бывае ўлетку. Але патроху праяснела зноў, i толькi вулiца, нiбы ад пагрозы хмар, яшчэ заставалася цёмная. Я доўга стаяў каля акна i глядзеў на неба. А пятай гадзiне зноў загрукаталi трамваi. На прыступках, адбойных брусах гронкамi вiселi футбольныя заўзятары. Яны вярталiся з прыгараднага стадыёна. Потым прыехалi i самi гульцы, я iх пазнаў па спартовых торбах. Яны спявалi, раўлi на ўсё горла, крычалi, што iх клуб не прайграе нiколi. Некаторыя махалi мне рукамi. Адзiн нават крыкнуў: "Далi мы iм дыхту!" Я закiваў галавой, нiбы кажучы: "Добра". Потым адзiн за адным паплылi аўтамабiлi. Дзень усё не канчаўся. Неба над дахамi трошкi пачырванела, i за вячэрнiм прыцемкам вулiцы ажывiлiся. Людзi няспешна вяртался з пагулянак. Сярод iншых я заўважыў i таго далiкатнага пана. Дзецi плакалi, бацькi цягнулi iх за рукi. Амаль адначасова з усiх кiнатэатраў квартала на вулiцу вылiўся натоўп гледачоў. Юнакi нешта ўзбуджана паказвалi рукамi, i я падумаў, што ў кiно, вiдаць, круцiлi прыгоднiцкi фiльм. Трошкi пазней вярнулiся i тыя, хто ездзiў у горад. Гэтыя iшлi больш самавiта. Часам нехта смяяўся, але зрэдку, большасць iшлi задумлiвыя i нiбы стомленыя. Дадому нiхто не разыходзiўся, усе так i хадзiлi па ходнiках па той бок вулiцы. Дзяўчаты, з распушчанымi валасамi, гулялi парамi, трымаючы адна адну за ручку. Хлопцы нiбы незнарок заступалi iм дарогу, кiдалi нейкiя жарты, i тыя смяялiся, адварочваючы галаву. Некаторых дзяўчат я ведаў, i яны на мiгах прывiталiся са мною. Раптам запалiлiся вулiчныя лiхтары, i першыя зоркi, якiя пачыналi ўжо мiгцець у начным небе, пабляклi. Я доўга глядзеў на ходнiкi, мiнакоў, зыркае святло лiхтароў i адчуў, што вочы ў мяне стамiлiся. Пад лiхтарамi блiшчаў вiльготны брук, праз роўныя прамежкi часу праязджалi трамваi. Яны кiдалi водблiскi святла на чыесьцi валасы, усмешку цi срэбную бранзалетку. Пасля трамваi пачалi радзець, над дрэвамi i лiхтарамi навiсла чорная ноч, i квартал непрыкметна апусцеў. Вунь ужо першая кошка павольна прабегла па зноўку бязлюднай вулiцы. Я ўспомнiў, што трэба паесцi. Доўга седзячы ў адной позе, абапершыся на бiла крэсла, я трошкi навярэдзiў сабе шыю. Я спусцiўся ў лаўку купiць хлеба i локшыны, потым згатаваў вячэру i з'еў яе стоячы. Мне захацелася папалiць каля акна, але паветра ўжо пахаладнела, i я трошкi празяб. Я зачынiў вокны i, вяртаючыся ў пакой, убачыў у люстры край стала, на якiм стаяла спiртовая лямпа. Побач ляжалi кавалкi хлеба. Вось i праляцела яшчэ адна нядзеля, падумаў я, мама цяпер у магiле, а я заўтра зноў пайду на працу. Урэшце, нiчога не змянiлася. III У канторы сёння давялося добра папрацаваць. Патрон быў да мяне вельмi прыязны, запытаўся, цi не надта я стомлены, i пацiкавiўся, колькi маме было год. Каб не памылiцца, я адказаў: "За шэсцьдзесят". Яму адразу чамусьцi палегчала, ён, вiдаць, палiчыў, што справа на гэтым скончана i гаварыць больш няма пра што. Стол у мяне быў завалены цэлай кучай паперы, рознымi дакументамi, i ўсё гэта трэба было неяк разабраць. Перад снеданнем, як заўжды, пайшоў памыць рукi. Апоўднi рабiць гэта вельмi прыемна - не тое што ўвечары: ручнiк тады ўжо зусiм мокры - усе ж карыстаюцца iм цэлы дзень. Аднойчы я сказаў пра гэта патрону. Але ён толькi паспачуваў i заўважыў, што, увогуле, гэта дробязь, не вартая ўвагi. Сёння я выйшаў крыху пазней - а палове першай - з Эманюэлем, якi працуе ў экспедыцыi. Кантора наша выходзiць на мора, i мы нейкi час яшчэ забавiлiся каля дзвярэй, пазiраючы на гандлёвыя судны ў блiскучым ад сонца залiве. Тут з-за павароткi, бразгаючы ланцугамi i страляючы выхлапною трубой, выехаў грузавiк. Эманюэль сказаў: "Давай мо падчэпiмся?" I я пабег. Грузавiк паспеў праехаць крыху наперад, i мы кiнулiся даганяць. З усiх бакоў нас агарнуў грук, ляскат i пыл. Я ўжо нiчога не бачыў, нiчога не адчуваў i адно як апантаны нёсся сярод лябёдак i партовых кранаў, паўз судны каля прычалаў i мачты, што танцавалi на хвалях каля далягляду. Я першы ўхапiўся за борт i з лёту ўскочыў у кузаў. Потым дапамог Эманюэлю. Мы абодва задыхалiся. Грузавiк тросся па няроўным бруку сярод пылу i сонца. Эманюэль заходзiўся ад смеху. Мокрыя, потныя, мы ўвалiлiся да Селеста. Той, як заўжды, сядзеў на сваiм месцы, у фартуху, з тоўстым пузам i сiвымi вусамi. Калi мы ўвайшлi, ён запытаўся: "Ну што, жыццё ўсё ж iдзе?" Я адказаў: "Iдзе", - i сказаў, што вельмi хачу есцi. Я хутка паснедаў i выпiў кавы. Пасля пайшоў дадому i крыху задрамаў, бо за снеданнем, вiдаць, выпiў лiшку вiна. Калi я прачнуўся, мне захацелася запалiць. Але было позна, i каб не спазнiцца, прыйшлося бегчы на трамвай. Усю другую палову дня працаваў. У канторы было дужа горача, i таму ўвечары, калi я вяртаўся дадому, было прыемна паволi брысцi прыморскiмi вулачкамi. Неба было зялёнае, на душы ляжаў цiхi спакой. Але я нiкуды не заходзiў i пайшоў адразу дамоў, бо на вячэру хацеў згатаваць бульбы. Падымаючыся па цёмнай лесвiцы, я натыкнуўся на свайго суседа, старога Саламано. Ён вёў гуляць свайго спанiэля. Вось ужо восем гадоў iх паўсюль бачаць разам. У сабакi нейкая скурная хвароба - шолудзi, па-мойму, цi што, поўсць амаль уся аблезла i цела пакрылася балячкамi i бурай каростай. Стары Саламано жыве з iм у адным маленькiм пакойчыку, i праз гэта ўрэшце сам зрабiўся да яго падобны. Акурат такая ж ружовая кароста на твары i валасы бляклыя i рэдкiя. А сабака пераняў звычкi гаспадара - ходзiць таксама згорблены, з выткнутаю наперад мызай i напятаю шыяй. Можна падумаць, што яны наогул адной пароды; але ўсё роўна - ненавiдзяць адзiн аднаго страшэнна. Два разы на дзень, у адзiнаццаць i ў шэсць гадзiн, стары выводзiць сабаку на шпацыр. I за ўсе восем год iх маршрут нiколi не мяняўся. Iх можна ўбачыць на Лiонскай вулiцы: сабака бяжыць наперадзе, цягнучы старога за сабой, i так напiнае павадок, што Саламано нарэшце пачынае спатыкацца. Тады ён б'е сабаку i бэсцiць яго на чым свет стаiць. Сабака баязлiва прыцiскаецца да зямлi i нехаця пляцецца за гаспадаром. Цяпер ужо старому даводзiцца яго цягнуць. Але хутка сабака на ўсё забываецца i зноў валачэ свайго гаспадара, пакуль зноў на яго не пачынаюць сыпацца грымакi i праклёны. Пасля яны доўга стаяць пасярод ходнiкаў i моўчкi глядзяць адзiн на аднаго - сабака з жахам, стары з нянавiсцю. I так кожны дзень. Калi сабака хоча да слупа, стары не дае яму часу i цягне за сабой, а за спанiэлем па ўсiх ходнiках застаецца дарожка з мокрых плям. Калi ж раптам сабака наробiць у пакоi, на яго зноў сыплюцца грымакi. Усё гэта - ужо восем год. Селест кажа, што "абодва яны няшчасныя", але хто ж яго ведае, як яно ёсць сапраўды. Калi я сустрэў iх на лесвiцы, стары бэсцiў сабаку. "Свалата! - крычаў ён. - Падла!" - а сабака адно цiха скуголiў. Я сказаў: "Добры вечар", - але Саламано ўсё лаяўся. Тады я папытаўся, што яму сабака зрабiў. Стары зноў не адказаў i адно паўтараў сваё: "Свалата! Падла!" У прыцемку я ледзь разгледзеў яго. Стары схiлiўся над сабакам i нешта папраўляў на аброжку. Я паўтарыў пытанне гучней. Тады, не азiраючыся на мяне, ён адказаў, ледзь стрымлiваючы гнеў: "Калi ўжо ён здохне!" I пайшоў, цягнучы за сабой сабаку, якi скавытаў i ўпiраўся ўсiмi чатырма лапамi. Якраз у гэту хвiлiну зайшоў другi мой сусед па лесвiчнай пляцоўцы. У квартале кажуць, што ён жыве за кошт жанчын. Аднак, калi ў яго пытаюцца пра прафесiю, ён называе сябе кладаўшчыком. Увогуле, яго не надта шануюць. Але са мной ён гутарыць даволi часта i нават калi-нiкалi заходзiць пасядзець на хвiлiнку - бо я заўсёды гатовы яго паслухаць. Па-мойму, тое, што ён кажа, цiкава. Дый зрэшты, у мяне няма нiякiх прычын не размаўляць з iм. Яго завуць Раймон Сэнтэс. Ростам ён не высокi, але плячысты i мае баксёрскi нос. Апранаецца заўсёды прыстойна. Гаворачы пра Саламано, ён таксама сказаў мне: "Ну цi ж не няшчасны тып!" I запытаўся, цi не прыкра мне глядзець на ўсё гэта, але я адказаў, што не. Мы паднялiся па лесвiцы, i я ўжо хацеў развiтацца, калi ён сказаў: - У мяне ёсць крывянка i трошкi вiна. Можа, раздзелiце вячэру са мной?.. Я падумаў, што тады мне не трэба будзе нiчога гатаваць, i згадзiўся. Кватэра ў яго таксама маленькая - адзiн пакой, як у Саламано, ды кухня без акна. Над ложкам - бела-ружовы гiпсавы анёл, фатаграфii нейкiх чэмпiёнаў i дзве цi тры голыя жанчыны. У пакоi было брудна, ложак не прыбраны. Раймон адразу запалiў газнiцу, потым выцягнуў з кiшэнi даволi падазронай чысцiнi бiнт i пачаў перавязваць правую руку. Я запытаўся, што гэта ў яго. Ён адказаў, што нядаўна пабiўся з адным тыпам, якi не дае яму праходу. - Вы ж разумееце, пане Мёрсо, - сказаў ён, - я чалавек не зласлiвы, але часам магу пагарачыцца. А гэты кажа: "Выходзь, маўляў, з трамвая, калi ты мужчына". Я кажу: "Супакойся". А ён кажа: "Ты, маўляў, не мужчына". Ну, выйшаў я i кажу: "Адчапiся лепш, бо зараз дам". А ён пытаецца: "Што гэта ты мне дасi?" Ну, тады ўжо я не стрымаўся ды даў разок. Ён павалiўся. Я хацеў яго падняць. А ён ляжыць ды нагамi мяне брыкае. Ну, тады я каленам яму - раз! ды пару разоў кулаком сунуў. Тут у яго юшка i паплыла. "Ну што, - кажу, задаволены цяпер?" - "Ага", - кажа. Расказваючы ўсё гэта, Сэнтэс перавязваў руку. Я сядзеў на ложку. Потым ён сказаў: - Вы ж бачыце, я да яго не чапляўся. Ён першы да мяне палез. Я згадзiўся i сказаў, што так яно ўсё i было. Тады ён заявiў, што хоча параiцца са мной наконт адной справы, - я, маўляў, сапраўдны мужчына, ведаю жыццё i мог бы яму дапамагчы, а ён затое пасля будзе мне сябрам. Я нiчога не адказаў, i ён запытаўся, цi хачу я, каб ён быў маiм сябрам. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна, i яго, вiдаць, такi адказ задаволiў. Ён дастаў кiлбасу, падсмажыў яе на патэльнi, потым расставiў шклянкi, талеркi, прынёс нажы з вiдэльцамi i дзве бутэлькi вiна. Усё гэта ён рабiў моўчкi. Потым мы селi за стол, i ён пачаў расказваць мне сваю гiсторыю. Спачатку, праўда,трошкi муляўся. - Была ў мяне адна знаёмая... ну, каханка, так сказаць... Чалавек, з якiм ён пабiўся, быў брат той жанчыны. Сэнтэс сказаў, што яна жыла за яго грошы. Я змоўчаў. I тады ён прызнаўся, што ведае, якiя чуткi пра яго ходзяць у квартале, але сумленне ў яго чыстае - ён сапраўды працуе кладаўшчыком. - Дык вось, пра гэту каханку, - сказаў ён. - Заўважыў я аднойчы, што нешта яна махлюе. Ён даваў ёй акурат столькi грошай, каб iх ставала на жыццё. Сам плацiў за пакой, дзе яна жыла, i яшчэ кожны дзень выдаткаваў дваццаць франкаў на ежу. - Трыста франкаў за пакой, шэсцьсот - за ежу ды часам яшчэ пару панчох ёй куплю - карацей, на месяц выходзiла тысяча франкаў. Паненка нават не працавала. А мне яшчэ скардзiлася - ёй гэтага, бач, у абрэз, за такiя грошы яна, маўляў, па-людску жыць не можа. Ну, я ёй кажу: "А чаму б табе хоць палову дня не працаваць? Пазбавiла б мяне ад усiх гэтых дробных выдаткаў. Я вунь табе i гарнiтур не так даўно купiў, i дваццаць франкаў штодня даю, за пакой табе плачу, а ты? Ты ж адно каву са сваiмi сяброўкамi можаш пiць. Кавай з цукрам яна iх частуе, бачыце! Я табе грошы даю, я табе ўсё, а ты мне што - нiчога? Але працаваць яна так i не пайшла, адно дзяўбла мяне ды дзяўбла - не можа яна жыць па-людску, i ўсё тут. Ну, тады я i ўцямiў, што нешта тут, вiдаць, не чыста, махлярства нейкае. Раймон расказаў, што аднойчы знайшоў у яе ў сумцы латарэйны бiлет, а яна так ладам i не здолела растлумачыць, за якiя такiя грошы яго купiла. Пасля зноў - знайшоў квiток з ламбарда, а там напiсана, што яна залажыла дзве бранзалеткi. Ён дык i ведаць не ведаў, што ў яе ёсць нейкiя бранзалеткi! - Ну, тут ужо я адразу ўбачыў - круцiць. I кiнуў яе. Спачатку, праўда, адлупцаваў як след. I сказаў усё, што пра яе думаю. Табе, кажу, адно карцiць каб у ложку бавiцца з кiм папала, шлюха ты, вось i ўсё. Разумееце, пане Мёрсо, так ёй i сказаў: "Я табе ўсё даю, а ты не бачыш нiчога, не бачыш, як табе зайздросцяць усе, шчасцю твайму. А вось калi зразумееш, якое шчасце ў цябе было, дык позна будзе". Ён збiў яе да крывi. А раней нiколi не бiў. - Ну, лупцаваў, бывала, але так - любячы, як той казаў. Павiшчыць трошкi. А я аканiцы зачыню, i на тым, як звычайна, усё i скончыцца. Але таго разу сур'ёзна было. Па-мойму, я слаба яшчэ яе пакараў. Ён сказаў, што менавiта таму i хоча са мною параiцца. Тут ён спынiўся i падкруцiў кнот - газнiца пачынала курэць. Я сядзеў, слухаў яго i пiў вiно. Я выпiў ужо амаль цэлы лiтр. У скронях моцна пякло. Мае цыгарэты скончылiся, i я палiў Раймонавы. Па вулiцы праязджалi апошнiя трамваi, зносячы прыцiхлы шум вячэрняга прадмесця. Больш за ўсё ён сумаваў праз тое, што "нiяк не можа забыцца, як з ёй было прыемна ў ложку". Але ён павiнен яе правучыць. Спачатку ён думаў завесцi яе ў нейкi гатэль i выклiкаць палiцыю нораваў - хай бы пачаўся скандал i яе запiсалi, як прастытутку. Але потым вырашыў звязацца са сваiмi знаёмымi - у яго ў тых колах ёсць сябры. Яны, праўда, нiчога не выдумалi. "Цi ж варта наогул было пэцкацца з гэтым брудам", - заўважыў Раймон. Ён так iм i сказаў. I тады яны параiлi "размаляваць ёй пысу". Але гэта было зусiм не тое, што ён хацеў. Трэба было прыдумаць што-небудзь iншае. Вось ён i надумаў папрасiць мяне, - можа, я чым дапамагу. Але спачатку ён хацеў ведаць, што я думаю пра ўсю гэту гiсторыю. Я адказаў, што нiчога пра яе не думаю, але, па-мойму, гэта цiкава. Тады ён папытаўся, цi не бачу я тут якога ашуканства. На маю думку, ашуканства, вiдаць, сапраўды было. А як я думаю - слушна будзе яе правучыць? Вось што б я зрабiў на яго месцы? Я сказаў, што гэта цяжка сказаць - што б зрабiў я, але тое, што ён хоча яе правучыць, я разумею. Я выпiў яшчэ крыху вiна. Ён запалiў цыгарэту i расказаў, што хоча зрабiць. Ён думаў напiсаць ёй лiст, "каб задаць добрага дыхту, але каб там было i такое, што прымусiла б яе пашкадаваць". А пасля, калi яна вернецца, ён ляжа з ёй у ложак i "якраз у той самы момант" плюне ёй у твар i выганiць прэч. Я палiчыў, што так яна сапраўды будзе добра пакараная. Але Раймон сказаў, што сам, бадай, не здолее скласцi такога лiста, таму ён i падумаў - можа, я згаджуся напiсаць. Я нiчога не адказаў, i ён прапанаваў тады напiсаць гэты лiст цяпер. Вядома, калi мне не цяжка. Я сказаў, што мне гэта не цяжка. Тады ён выпiў шклянку вiна, устаў, адсунуў талеркi i рэшткi астылай крывянкi, якую мы не даелi, i старанна выцер цырату на стале. Потым дастаў з шуфляды ў начным столiку лiсток паперы ў клетачку, жоўты канверт, чырвоную драўняную ручку i кантовую бутэлечку з фiялетавым чарнiлам. Ён назваў прозвiшча жанчыны, i я зразумеў, што гэта арабка. Я пачаў пiсаць. Пiсаў я трошкi наўздагад, але стараўся, каб Раймону спадабалася - у мяне ж не было нiякай прычыны пiсаць так, каб яму не спадабалася. Потым прачытаў напiсанае ўголас. Ён уважлiва слухаў, палiў i кiваў галавой, потым папрасiў прачытаць яшчэ раз. Лiст яму вельмi спадабаўся, i ён сказаў: - Я заўсёды ведаў, што ты чалавек спрактыкаваны. Я спачатку не заўважыў, што ён перайшоў са мной на "ты". I толькi калi ён заявiў: "Цяпер я бачу, што ты сапраўдны сябар", - мяне гэта ўразiла. Ён яшчэ раз паўтарыў гэтую фразу, i я адказаў: "Ага". Мне было ўсё роўна, сябар я яму цi не, але яму, вiдаць, вельмi гэтага хацелася. Ён запячатаў канверт, i мы дапiлi вiно. Потым яшчэ доўга сядзелi i палiлi. На дварэ было цiха, пачуўся шолах аўтамабiля, якi праехаў пад вокнамi. I я сказаў: "Позна". Раймон пагадзiўся. Ён адзначыў, што час бяжыць хутка, i, у пэўным сэнсе, меў рацыю. Мне хацелася спаць, але падняцца з крэсла было цяжка. Выгляд у мяне быў, вiдаць, змораны, бо Раймон сказаў, што не варта гэтак даваць волi нервам. Спачатку я не зразумеў. I тады ён растлумачыў, што ведае пра смерць мамы, але ўсё роўна - днём раней цi пазней - гэта павiнна было здарыцца. I я таксама так думаў. Я ўстаў, Раймон моцна пацiснуў мне руку i сказаў, што мужчына мужчыну заўсёды разумее. Выходзячы ад яго, я зачынiў дзверы i пэўны час стаяў на лесвiцы ў поўнай цемры. У доме было цiха, з глыбiнi лесвiчнай клеткi павяваў змрочны, вiльготны ветрык. Я адчуваў, як у вушах у мяне тахкае кроў. Я стаяў нерухома. Але ў кватэры ў старога Саламано раптам глуха заскавытаў сабака. IV Увесь тыдзень шчыраваў у канторы. Прыходзiў Раймон, сказаў, што лiст ён ужо адаслаў. Два разы хадзiлi з Эманюэлем у кiно. Ён не заўсёды добра разумее, што адбываецца на экране. Тады прыходзiцца яму тлумачыць. Учора была субота, i да мяне, як мы i дамаўлялiся, прыходзiла Мары. Я адразу вельмi захацеў яе, бо на ёй была прыгожая сукенка ў чырвоную i белую палоску i скураныя сандалi. Пад сукенкай угадвалiся пругкiя грудзi, i ад сонечнага загару твар быў прыгожы, як кветка. Мы селi ў аўтобус i паехалi за некалькi кiламетраў ад Алжыра на маленькi пляж, зацiснуты памiж скал i з усiх бакоў зарослы чаротам. А чацвёртай гадзiне сонца пякло ўжо не так моцна, але вада была цёплая i плёскалася на бераг доўгiмi ленаватымi хвалькамi. Мары навучыла мяне адной гульнi. Калi плывеш, трэба з самага грэбеня хвалi ўхапiць глыток i набраць поўны рот шуму, а пасля - легчы на спiну i выпусцiць яго ў неба. Тады ён разлятаецца пенiстым веерам у паветры i знiкае цi спадае цёплай iмжой на твар. Але хутка ў роце ў мяне пачало пячы i на языку зрабiлася горка ад марской солi. Мары падплыла, прыгарнулася да мяне ўсiм целам i пацалавала ў вусны. Яе язык прыемна асвяжаў мне рот. Мы яшчэ крыху паплёскалiся на хвалях. Потым выйшлi на пляж i апранулiся. Мары глядзела на мяне блiскучымi вачыма. Я абняў i пацалаваў яе. Пасля мы больш не размаўлялi. Я прыцiснуў яе да сябе, i мы заспяшалiся на аўтобус, каб хутчэй вярнуцца ў горад, прыйсцi да мяне i кiнуцца ў ложак. Я пакiнуў акно адчыненае, i было прыемна адчуваць, як летняя ноч абцякае нашы апаленыя сонцам целы. Ранкам Мары засталася ў мяне, i я сказаў, што зараз мы будзем снедаць. Я схадзiў у лаўку па мяса i, вяртаючыся, пачуў у Раймонавай кватэры жаночы голас. Потым да нас данеслася бурчанне старога Саламано, якi бэсцiў сабаку, i мы пачулi, як па драўняных прыступках на лесвiцы прагрукаталi яго абцасы i сабачыя пазуры. Знiзу зноў данеслася: "Свалата, падла", - i яны выйшлi на вулiцу. Я расказаў Мары пра старога, i яна пасмяялася. Яна сядзела ў маёй пiжаме з падкасанымi рукавамi. I калi яна засмяялася, мне захацелася яе зноў. Потым яна спытала, цi кахаю я яе. Я адказаў, што гэта, па-мойму, не мае нiякага значэння, але, здаецца, не кахаю. Твар у яе пасумнеў. Але потым, калi я рабiў сняданак, яна зноў смяялася - проста так, без усялякай прычыны, i гэта было так прыгожа, што я зноў пацалаваў яе. У гэтую хвiлiну ў Раймонавым пакоi ўзняўся гвалт. Спачатку мы пачулi пранiзлiвы жаночы крык i потым голас Раймона: - Ты мяне зняважыла, ты зняважыла мяне! Я цябе навучу, як мяне зневажаць! Пачулiся глухiя ўдары, i жанчына зараўла, ды так жахлiва, што лесвiчная пляцоўка адразу напоўнiлася людам. Мы з Мары выйшлi таксама. Жанчына ўсё галасiла, а Раймон па-ранейшаму бiў яе. Мары сказала, што гэта жахлiва, але я нiчога не адказаў. Яна папрасiла мяне схадзiць па палiцыянта, але я адказаў, што палiцэйскiх не люблю. Аднак урэшце адзiн усё ж прыйшоў. Яго прывёў водаправоднiк з трэцяга паверха. Палiцэйскi пастукаў у дзверы, але яму нiхто не адказаў. Тады ён пастукаў мацней, i праз некаторы час жанчына заплакала i Раймон адчынiў. У роце ён трымаў цыгарэту, i выгляд у яго быў вельмi лагодны. Дзяўчына кiнулася да дзвярэй i заявiла палiцэйскаму, што Раймон яе набiў. - Прозвiшча? - запытаўся палiцэйскi. Раймон адказаў. - Вымi цыгарэту з рота, калi са мной размаўляеш, - сказаў палiцэйскi. Раймон завагаўся, зiрнуў на мяне i зрабiў зацяжку. Тут палiцэйскi з усяго размаху ўляпiў яму звонкую i важкую поўху. Цыгарэта адляцела на некалькi метраў убок. Раймон перамянiўся ў твары, але нiчога не адказаў i толькi пасля сцiплым голасам запытаўся, цi можна яму падняць недакурак. Палiцэйскi адказаў, што можна, i дадаў: - Другi раз будзеш ведаць, што палiцэйскi не лялька, з якой сабе можна дазваляць невядома што. Дзяўчына ўвесь гэты час плакала i паўтарала: - Ён мяне набiў. Ён сутэнёр. - Пане палiцэйскi, - папытаўся тады Раймон, - цi ж гэта дазваляецца законам вось гэтак называць сумленнага мужчыну сутэнёрам? Палiцэйскi загадаў яму "заткнуць зяпу". Тады Раймон павярнуўся да дзяўчыны i сказаў: - Ну, чакай, дзiцятка, мы яшчэ стрэнемся. Палiцэйскi зноў паўтарыў, каб ён заткнуўся, i сказаў, што дзяўчына можа iсцi, а Раймон мусiць заставацца ў пакоi i чакаць, пакуль яго паклiчуць у камiсарыят. Потым ён дадаў, што Раймону павiнна быць сорамна - да таго напiўся, што аж дрыжыць увесь. Але Раймон растлумачыў: - Я не п'яны, пане палiцэйскi. Гэта проста перад вамi, ад нерваў, тут хочаш - не хочаш, задрыжыш. Ён зачынiў дзверы, i ўсе разышлiся. Мы з Мары кончылi гатаваць сняданак. Але яна есцi не хацела, i я амаль усё з'еў адзiн. А першай гадзiне яна пайшла, i я крыху паспаў. Гадзiне а трэцяй у дзверы да мяне нехта пастукаўся. Увайшоў Раймон. Я яшчэ ляжаў, i ён падышоў i сеў на край ложка. Нейкi час ён сядзеў моўчкi, i я папытаўся, як у яго прайшло. Ён расказаў, што зрабiў усё так, як задумаў, але пад канец яна дала яму поўху, i ён за гэта яе пабiў. Рэшту ж усё я бачыў сам. Я сказаў, што цяпер, па-мойму, яна пакараная i ён можа быць спакойны. Раймон пагадзiўся. Ён заўважыў, што палiцэйскi цяпер дарма стараецца - дыхту яна дастала, i нiчога ён ужо не зменiць. I дадаў, што палiцэйскiх ён добра вывучыў i ведае, як сябе з iмi паводзiць. Потым ён запытаўся - мабыць, я чакаў, што ён адкажа палiцэйскаму на поўху. Я адказаў, што нiчога такога не чакаў i наогул палiцэйскiх не люблю. Раймон, вiдаць, быў гэтым вельмi задаволены. Ён прапанаваў куды-небудзь схадзiць. Я падняўся i пачаў прычэсвацца. Ён сказаў, што трэба, каб я быў яму сведкам. Мне было ўсё роўна, але я не ведаў, што павiнен буду сказаць. На думку Раймона, досыць было пацвердзiць, што дзяўчына яго ашукала. Тады я згадзiўся. Мы выйшлi, у кавярнi Раймон пачаставаў мяне чаркай гарэлкi. Потым яму захацелася згуляць партыю ў бiльярд, але я пудлаваў увесь час i прайграў. Пасля ён прапанаваў пайсцi ў бардэль, але я адмовiўся, бо не люблю такiх рэчаў. Мы пацiху пайшлi назад, i ён увесь час расказваў, якi ён задаволены, што правучыў сваю кралю. Па-мойму, ён ставiўся да мяне вельмi прыязна, i я падумаў, што мы някепска прабавiлi час. Яшчэ здалёк я заўважыў, што на парозе нашага дома стаiць стары Саламано i выгляд у яго нейкi ўзрушаны. Калi мы падышлi блiжэй, я ўбачыў, што ён без сабакi. Ён азiраўся вакол, круцiўся на месцы, намагаўся нешта разгледзець у цемры пад'езда, мармытаў бязладныя словы i зноў пачынаў шнарыць па вулiцы пачырванелымi вочкамi. Раймон запытаўся, што здарылася, але стары нiчога не адказаў. I я толькi цьмяна пачуў, як ён шапнуў: "Свалата, падла", - i зноў пачаў круцiцца ва ўсе бакi. Я папытаўся, дзе яго сабака. Ён раздражнёна адказаў: - Уцёк! - i раптам скорагаворкай забалбатаў: - Павёў я яго на Манёўравы пляц, як звычайна. А там народу, кiрмаш, балаганы з артыстамi прыехалi. Ну, спынiўся я - паглядзець "Караля-ўцекача". А як сабраўся пайсцi, глянь, а яго ўжо i след прастыў. Праўда, даўно ўжо трэба было яму аброжак вужэйшы купiць. Ды каб жа я ведаў, што гэтая падла вось так возьме дый уцячэ. Раймон пачаў яму тлумачыць, што сабака, мабыць, проста заблудзiўся i яшчэ вернецца. Ён расказаў некалькi выпадкаў, калi сабакi прабягалi дзясяткi кiламетраў, каб вярнуцца да свайго гаспадара. Але стары яшчэ больш занепакоiўся: - Ды як жа вы не разумееце, яго ж заб'юць. Хай бы яшчэ падабраў нехта. Ды дзе ўжо там - каму ён са сваiмi шолудзямi патрэбен, усе гiдзiцца будуць. Сцапаюць гiцлi - вось i ўсё. Тады я сказаў, што яму варта схадзiць на скуралупню - заплацiць там штраф за паслугi, i сабаку яму аддадуць. Стары папытаўся - цi вялiкi трэба плацiць штраф? Я не ведаў. Тады ён усхадзiўся: - Даваць грошы за гэтую падлу! Ага! Ды хай сабе спруцянее! Ён зноў пачаў лаяцца. Раймон засмяяўся i пайшоў у дом. Я рушыў следам, i на лесвiчнай пляцоўцы мы развiталiся. Праз хвiлiну пачулiся крокi старога. Ён падышоў да маiх дзвярэй i пастукаўся. Я адчынiў. Стары крыху памуляўся каля парога i сказаў: - Прабачце... прабачце, калi ласка... Я запрасiў яго зайсцi, але ён не захацеў. Ён стаяў у дзвярах i глядзеў на наскi сваiх чаравiкаў, яго шалудзiвыя рукi дрыжалi. Не падымаючы галавы, ён спытаў: - Скажыце, пане Мёрсо, яны ж не забяруць яго ў мяне? Яны ж яго аддадуць? Бо як жа я, што ж мне без яго? Я сказаў, што на скуралупнi сабак трымаюць тры днi - на выпадак, калi знойдзецца гаспадар, а тады ўжо робяць з iмi ўсё, што захочуць. Ён моўчкi паглядзеў на мяне. I потым сказаў: - Дабранач. Стары пайшоў да сябе, i я пачуў, як ён ходзiць сюды-туды па кватэры. Потым рыпнуў ложак. I па дзiўных, прыглушаных гуках, якiя данеслiся з-за сцяны, я зразумеў, што стары плача. Не ведаю чаму, я падумаў пра маму. Але заўтра трэба было рана ўставаць. Есцi не хацелася, i я лёг спаць без вячэры. V У кантору да мяне затэлефанаваў Раймон. Ён сказаў, што гутарыў пра мяне з адным сваiм прыяцелем i той запрашае нас на нядзелю паехаць за горад - у яго там свая хатка. Я адказаў, што ўвогуле не пярэчу, але паабяцаў ужо гэты дзень адной сяброўцы. Раймон адразу заявiў, што сяброўку таксама можна ўзяць з сабой. Прыяцелева жонка толькi парадуецца, што будзе ў мужчынскай кампанii не адна. Я ўжо хацеў павесiць слухаўку, бо ведаю, як патрон не любiць, калi нам тэлефануюць з горада. Але Раймон папрасiў не спяшацца, запрашэнне ён мог бы перадаць i ўвечары i звонiць цяпер таму, што хоча папрасiць у мяне нешта яшчэ. Увесь дзень за iм ходзяць некалькi арабаў, i сярод iх - брат той яго былой каханкi. - Калi будзеш вяртацца з працы i ўбачыш яго каля дома, папярэдзь мяне. Я сказаў: "Добра, дамовiлiся". Неўзабаве мяне паклiкаў патрон, i на душы ў мяне зрабiлася неяк нудна - я падумаў, што зараз ён пачне гаварыць, каб я меней размаўляў па тэлефоне i лепей працаваў. Але аказалася - зусiм не. Патрон сказаў, што паклiкаў мяне, каб пагутарыць наконт адной справы. Яна, праўда, вырашана яшчэ не канчаткова, але ён хоча ведаць маю думку. Справа вось якая - маецца намер адкрыць у Парыжы фiлiял канторы, якi, непасрэдна на месцы, будзе кантактаваць з усiмi тамтэйшымi буйнымi фiрмамi. Дык вось - цi згодзен я туды паехаць? Жыць я буду ў Парыжы i, акрамя таго, - даволi часта змагу вандраваць. - Вы малады, i вам, па-мойму, такое жыццё павiнна спадабацца. Я сказаў - так яно так, але, па сутнасцi, мне ўсё роўна. Тады ён спытаўся - няўжо мне не цiкава змянiць жыццё? I я адказаў, што адно жыццё на другое не зменiш, дый, урэшце, усе яны аднолькавыя, а мне i з маiм тут зусiм няблага. Выгляд у патрона быў незадаволены, ён сказаў, што я заўжды ўхiляюся ад адказу i што ў мяне няма нiякага iмкнення да кар'еры, а гэта вельмi дрэнна, калi займаешся справай. Тады я вярнуўся ў кабiнет i зноў сеў за працу. Вядома, я не хацеў злаваць патрона, але мяняць жыццё ў мяне нiякай прычыны не было. Калi падумаць, я быў зусiм не няшчасны. Праўда, у студэнцкiя гады ў мяне былi розныя такiя iмкненнi. Але калi давялося кiнуць вучобу, я вельмi хутка зразумеў, што, па сутнасцi, ва ўсiм гэтым няма нiякага значэння. Увечары прыйшла Мары i спытала, цi хачу я з ёй ажанiцца. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна i што, калi яна так хоча, мы можам пажанiцца. Тады яна пацiкавiлася, цi кахаю я яе. Я адказаў, як ужо гаварыў аднойчы, што гэта не мае нiякага значэння, але, вядома, я яе не кахаю. - Навошта тады ты збiраешся са мной ажанiцца? - спытала яна. Я растлумачыў, што гэта не iграе нiякай ролi i, калi яна так хоча, мы можам пажанiцца. Дарэчы, яна сама мяне пра гэта просiць, а я толькi згаджаюся. Тады яна заўважыла, што шлюб - сур'ёзная справа. Я адказаў: "Не". Яна сцiхла i нейкую хвiлiну моўчкi глядзела на мяне. Потым загаварыла зноў. Ёй проста было цiкава, цi згадзiўся б я ажанiцца, каб мне тое самае прапанавала другая жанчына, з якой бы ў мяне былi такiя ж адносiны, як i з ёй. Я сказаў: "Натуральна". Тады яна заявiла, што i сама не ўцямiць - кахае яна мяне цi не, але гэтага я ўжо наогул ведаць не мог. Яна зноў змоўкла i потым прамовiла цiхiм голасам, што я нейкi дзiўны i за гэта яна мяне, безумоўна, вельмi кахае - але, мабыць, некалi менавiта праз гэта я ёй i абрыдну. Я маўчаў, бо дадаць не было чаго, а яна, усмiхаючыся, абняла мяне i заявiла, што хоча выйсцi за мяне замуж. Я адказаў, што мы зробiм гэта, як толькi яна захоча. I расказаў ёй пра прапанову патрона. Мары сказала, што ёй бы вельмi хацелася ўбачыць Парыж, i я паведамiў, што ўжо некалi жыў там. Яна спыталася, як ён выглядае. Я адказаў: - Там брудна. Галубы паўсюль, двары змрочныя. I людзi нейкiя бледныя. Потым мы пайшлi гуляць у цэнтр i прайшлi праз увесь горад. Было шмат прыгожых жанчын, i я папытаўся ў Мары, цi бачыць яна гэта. Яна сказала, што бачыць i разумее мяне. Потым мы пэўны час iшлi моўчкi. Але мне хацелася, каб Мары засталася са мной яшчэ, i я сказаў, што мы можам паабедаць у Селеста. Увогуле, яна не адмаўлялася, але, на жаль, мела нейкiя справы. Мы былi ўжо каля майго дома, i я развiтаўся. Яна паглядзела на мяне: - Няўжо табе не цiкава, якiя ў мяне справы? Мне, вядома, было цiкава, але запытацца я чамусьцi не падумаў, i менавiта таму яна зiрнула на мяне нiбы з папрокам. Вiдаць, я крыху збянтэжыўся, бо яна раптам засмяялася, прыгарнулася да мяне ўсiм целам i падсунула вусны. Я пайшоў абедаць да Селеста. I пачынаў ужо есцi, калi ў шынок увайшла нейкая дзiвотная маленькая жанчына. Падбегла да майго столiка i папыталася, цi можна сесцi. Сесцi, натуральна, было можна. Нейкая дзiўная, сапраўды: рухi парывiстыя, аблiчча маленькае i круглае, нiбы яблык, вочы блiшчаць. Скiнула камiзэльку, села i пачала лiхаманкава праглядаць меню. Потым паклiкала Селеста i скорагаворкай, але вельмi выразна, заказала адразу ўсё, што выбрала. Пакуль неслi закуску, яна адчынiла сумку, выняла аркушык паперы i аловак, усё загадзя палiчыла, потым дастала кашалёк, адлiчыла дакладную суму, дадала гасцiнца i паклала грошы на стол. Якраз прынеслi закуску. Яна праглынула яе ў адзiн мiг i, чакаючы наступнай стравы, зноў дастала сiнi аловак, часопiс з праграмай радыёперадач на тыдзень i вельмi акуратна адну за адной пачала пазначаць крыжыкамi амаль усе перадачы. Часопiс быў вялiкi, старонак на дванаццаць, i яна руплiва працавала ўвесь абед. Я даўно паеў, а яна ўсё ставiла крыжыкi з ранейшым дбаннем. Потым устала, дакладным рухам, як аўтамат, накiнула камiзэльку i пайшла. Рабiць мне не было чаго, я таксама выйшаў i нейкi час iшоў за ёй. Яна стала на броўку ходнiкаў i надзiва хутка i ўпэўнена пайшла дакладна па прамой, прычым нi разу не азiрнулася. Нарэшце я згубiў яе з вачэй i павярнуў назад. Дзiўная нейкая, падумаў я, але хутка забыўся на яе. На парозе каля маёй кватэры стаяў стары Саламано. Я запрасiў яго зайсцi, i ён сказаў, што яго сабака згубiўся, бо на скуралупнi яго няма. Тамтэйшыя службоўцы сказалi, што ён, вiдаць, трапiў пад машыну. Стары запытаўся, цi можна пра гэта даведацца ў камiсарыяце, але яму адказалi, што такiя звесткi не захоўваюцца, бо рэч гэта звычайная i здараецца кожны дзень. Я сказаў старому Саламано, што ён мог бы ўзяць сабе iншага сабаку, але ён адказаў, што прывык ужо да гэтага, i, вядома, меў рацыю. Я залез з нагамi на ложак, а Саламано сеў на крэсла каля стала, акурат насупраць мяне, i паклаў рукi на каленi. Свой стары капялюш ён зняў. Ён гаварыў, глытаючы канцы фраз, якiя вязлi ў яго пажоўклых вусах. З iм было трошкi нудна, але рабiць усё роўна не было чаго i спаць не хацелася. Каб нешта сказаць, я пачаў распытваць яго пра сабаку. Ён сказаў, што набыў яго пасля жончынай смерцi. Жанiўся ён даволi позна. А ў маладосцi марыў працаваць у тэатры: калi служыў у войску, прымаў удзел у вадэвiлях, што ставiлiся ў iх палку. Але нарэшце - пайшоў на чыгунку i не шкадуе, бо цяпер у яго ёсць невялiкая пенсiя. З жонкай ён шчаслiвы не быў, але ўрэшце вельмi прывык да яе. I калi яна памерла, адчуў сябе зусiм самотным. Тады ён i папрасiў аднаго прыяцеля па працы прынесцi яму сабаку. Той прынёс зусiм малое шчаня, яго трэба было кармiць з соскi. Але сабакi жывуць меней за чалавека, i яны састарэлi разам. - Характар быў у яго кепскi, - сказаў Саламано. - Гыркалiся мы з iм часам. Але ўсё роўна, сабака ён быў добры. Я сказаў, што парода ў яго была выдатная, i старому, вiдаць, гэта спадабалася. - Вы яшчэ не бачылi яго да хваробы, - падхапiў ён. - Якая ў яго была поўсць - любата! Калi на сабаку найшла скурная хвароба, Саламано кожныя вечар i ранiцу нацiраў яго спецыяльнаю масцю. Але на яго думку, сапраўднаю хваробай была старасць, а старасць не вылечыш. Тут я пазяхнуў, i стары аб'явiў, што зараз пойдзе. Я сказаў, што ён можа застацца яшчэ - мне проста сумна ад таго, што здарылася з яго сабакам. Ён падзякаваў i сказаў, што мама вельмi любiла гэтага спанiэля. Калi ён гаварыў пра маму, ён называў яе "ваша бедная матуля". Ён сказаў, што я, напэўна, адчуваю сябе дужа няшчасным пасля мамiнай смерцi, але я нiчога не адказаў. Тады ён неяк замуляўся i скорагаворкай прамармытаў, што яму вядома, як дрэнна пра мяне гавораць у квартале пасля таго, як я аддаў маму ў прытулак, але ён добра мяне ведае i знае, што маму я вельмi любiў. Я, сам не ведаю чаму, адказаў, што дагэтуль нават не чуў, каб пра мяне з гэтай нагоды гаварылi дрэнна, - калi я аддаваў маму ў прытулак, мне здавалася, што гэта натуральна, бо ў мяне не было грошай, каб наняць ёй сядзелку. - Зрэшты, - дадаў я, - ёй ужо даўно не было пра што са мной гаманiць, i яна проста сумавала. - Ваша праўда, - сказаў Саламано. - А ў прытулку, прынамсi, можна знайсцi сабе прыяцеляў. Потым ён папрасiў прабачэння - яму хацелася спаць. Жыццё цяпер у яго перамянiлася, i ён нават не ведае, што рабiць далей. Упершыню за ўвесь той час, што я яго ведаў, ён нiбы ўпотай працягнуў мне руку, i я адчуў яго шурпатую скуру. Ён ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i на развiтанне сказаў: - Спадзяюся, што сёння ноччу сабакi брахаць не будуць. Бо мне ўвесь час здаецца, што гэта мой. VI У нядзелю я доўга не мог прачнуцца, i Мары давялося мяне тармасiць i крычаць у самае вуха. Есцi мы не сталi - хацелася як мага раней пакупацца ў моры. Усярэдзiне ў мяне было абсалютна пуста, крыху балела галава. Цыгарэта здалася горкай. Мары пакпiла з мяне - выглядаю, маўляў, "нiбы на хаўтурах". Яна была з распушчанымi валасамi, у белай палатнянай сукенцы. Я сказаў, што яна вельмi прыгожая, i яна засмяялася ад задавальнення. Мы выйшлi i пастукалiся да Раймона. Ён адказаў, што зараз выходзiць. На вулiцы - вiдаць, ад стомы i ад таго, што аканiцы ўсю ранiцу былi зачыненыя, зыркае сонечнае святло балюча ўдарыла мяне ў вочы. Мары скакала ад радасцi i ўвесь час хвалiла надвор'е. Я пачуў сябе лепей i адразу заўважыў, што хачу есцi. Я сказаў пра гэта Мары, але яна паказала мне сваю цыратовую торбу, у якой ляжалi толькi нашы купальныя гарнiтуры i ручнiк. Рабiць не было чаго, заставалася адно чакаць, i нарэшце мы пачулi, як Раймон зачыняе дзверы. Ён быў у сiнiх нагавiцах i белай кашулi з кароткiмi рукавамi. На галаве ў яго быў саламяны брыль, i гэта рассмяшыла Мары. Рукi ў Раймона да локцяў аказалiся надзiва белыя, з чорнымi валасамi. Калi я гэта ўбачыў, мне зрабiлася крыху брыдка. Спускаючыся па прыступках, ён свiстаў, i выгляд у яго быў задаволены. Ён павiтаўся: "Здароў, стары!" - i назваў Мары "паненкай". Напярэдаднi мы хадзiлi ў камiсарыят, i я засведчыў, што тая дзяўчына "ашукала" Раймона. Ён абышоўся папярэджаннем. Мае паказаннi правяраць не сталi. Каля дзвярэй мы з Раймонам яшчэ крыху пагутарылi пра гэта i потым вырашылi пайсцi на аўтобус. "Пляж не далёка, але так будзе хутчэй". Раймон сказаў, што яго сябар вельмi парадуецца, калi мы прыедзем рана. Мы ўжо хацелi iсцi на прыпынак, калi Раймон зрабiў мне знак i паказаў на той бок вулiцы. Я ўбачыў гурток арабаў. Яны стаялi, абапершыся спiнай на вiтрыну тытунёвай лаўкi, i глядзелi на нас - але так, нiбы мы былi нi больш нi менш як звычайныя камянi цi драўляныя цурбалкi. Раймон сказаў, што другi злева - той самы тып. Выгляд у яго зрабiўся заклапочаны. "Зрэшты, - дадаў ён, - цяпер з гэтым ужо кончана". Мары не надта разумела, пра што iдзе гутарка, i спытала, чаму мы стаiм. Я растлумачыў, што тыя арабы маюць на Раймона зуб. Тады яна сказала, што адсюль трэба хутчэй iсцi. Раймон ганарлiва выпрастаўся, але потым засмяяўся i сказаў, што сапраўды трэба спяшацца. Мы рушылi да аўтобуснага прыпынку, якi быў побач, i Раймон сказаў, што арабы за намi не пайшлi. Я зiрнуў цераз плячо. Арабы стаялi на ранейшым месцы i глядзелi туды, дзе толькi што стаялi мы. Мы селi ў аўтобус. Раймон, якому, вiдаць, адразу палегчала, пачаў жартаваць з Мары. Я адчуў, што яна яму падабаецца. Але на Раймонавы жарты яна не адказвала. Адно зрэдку пазiрала на яго ды пасмейвалася. За горадам мы выйшлi. Пляж быў непадалёк ад прыпынку. Трэба было перайсцi невялiкi пагорак, якi ўзвышаўся над морам, i спусцiцца да берага. Увесь схiл быў усыпаны жоўтым каменнем i белымi асфадэлiямi. Колер кветак здаваўся вельмi яркiм на фоне густа-сiняга неба. Дзеля забавы Мары збiвала з iх пялёсткi, шырока махаючы цыратоваю торбай. Мы iшлi паўз маленькiя вiлы, агароджаныя белымi цi зялёнымi тынамi; у некаторых веранды патаналi ў кустах тамарыксу, другiя стаялi голыя сярод маўклiвых камянёў. Яшчэ не падыходзячы да краю пагорка, можна было ўбачыць нерухомае мора i крыху далей - вялiкую грамаду мыса, якi, здавалася, спаў у празрыстай вадзе. У цiхiм паветры чуўся слабы рокат матора. I недзе вельмi далёка мы заўважылi маленькую рыбацкую вiцiну, якая непрыкметна плыла па зiхатлiвым моры. Мiж камянямi Мары знайшла некалькi касачоў. З адхона, якi спускаўся да мора, мы заўважылi, што некалькi чалавек ужо купаюцца. Раймонаў сябар жыў у маленькай хацiне на самым ускрайку пляжа. Тыльнай сцяной домiк тулiўся да скалы, а спераду - палi, на якiх ён стаяў, абмывалiся салёнай вадой. Раймон нас пазнаёмiў. Сябра звалi Масон. Гэта быў высокi здаравяк з магутным торсам i шырокiмi плячыма. Яго маленькая, мiлая i пухленькая жонка гаварыла з парыжскiм акцэнтам. Масон адразу сказаў, каб мы размяшчалiся, як нам выгодней, - хутка будзе гатова смажаная рыба, якую ён сам налавiў гэтым ранкам. Я сказаў, што хатка, па-мойму, вельмi ўтульная. I Масон паведамiў, што праводзiць тут кожную суботу i нядзелю, i апроч таго - увесь адпачынак. - З жонкай, вядома, мы з ёю заўсёды ладзiм, - дадаў ён. Яго жонка, сапраўды, ужо смяялася i балбатала пра нешта з Мары. I мабыць, першы раз я ясна ўсвядомiў, што хутка ажанюся. Масон прапанаваў пакупацца, але яго жонцы i Раймону не захацелася. Мы пайшлi ўтраiх, i Мары адразу кiнулася ў ваду. Мы з Масонам трошкi пачакалi. Ён гаварыў марудна, i я заўважыў, што ў яго прывычка перад кожнай фразай паўтараць: "i я нават болей скажу", - нават тады, калi нiчога новага ён, па сутнасцi, не дадае. Пра Мары ён сказаў: - Яна вельмi прывабная, i я нават болей скажу - проста чароўная. Пасля я ўжо не зважаў на гэту дзiвотную прыказку i ўсю ўвагу засяродзiў на сонечных прамянях, якiя прыемна песцiлi маё цела. Пясок пад нагамi пачынаў пячы. Мне вельмi хацелася плёхнуцца ў ваду, але я яшчэ крыху счакаў i нарэшце сказаў Масону: - Ну што, пайшлi? Я даў нырца, а ён паволi зайшоў у ваду i паплыў толькi тады, калi ногi ўжо не даставалi да дна. Плыў ён брасам, даволi кепска, i таму я пакiнуў яго аднаго, а сам паплыў за Мары. Вада была халодная, i плыць было хораша. Мы з Мары далёка адарвалiся ад Масона, i нам было прыемна адчуваць суладнасць нашых пачуццяў i рухаў. Далёка ў моры мы леглi на спiну, я глядзеў на неба, i сонца хутка сушыла апошнiя пырскi, якiя збягалi мне ў рот. Мы ўбачылi, што Масон вярнуўся на пляж i лёг на пяску пад сонцам. Здалёк ён здаваўся яшчэ больш вялiзным. Мары захацела паплаваць разам. Я прыладзiўся ззаду, узяў яе за талiю, i мы паплылi: яна рукамi рассоўвала хвалi, а я дапамагаў ёй нагамi. У ранiшнiм паветры вакол нас чуўся цiхi плёскат вады. Але я ўрэшце стамiўся, пакiнуў Мары i паплыў да берага. Я стараўся роўна махаць рукамi i дыхаць глыбока. На пляжы я лёг побач з Масонам на жывот i прыцiснуўся шчакой да пяску. "Хораша", - сказаў я, i ён пагадзiўся. Хутка на бераг выйшла Мары. Я павярнуўся i глядзеў, як яна наблiжаецца да нас. Яе цела блiшчала ад салёнай марской вады, валасы былi адкiнутыя назад. Яна легла побач са мной, i ад цеплынi яе цела i сонца я задрамаў. Мары патрэсла мяне за плячо i сказала, што Масон ужо пайшоў i нам таксама трэба iсцi: пара снедаць. Я адразу ўстаў, бо быў вельмi галодны, але Мары сказала, што я зранку яшчэ нi разу яе не пацалаваў. Гэта была праўда, i, дарэчы, мне самому хацелася пацалаваць яе. - Хадзi ў ваду, - сказала яна. Мы пабеглi да берага i плёхнулiся ў першыя маленькiя хвалi. Потым адплылi крыху яшчэ, i Мары прытулiлася да мяне ўсiм целам. Я адчуў, як яна апляла мае ногi сваiмi, i ўва мне запалiлася жаданне. Калi мы падыходзiлi да хаты, Масон ужо выйшаў нас клiкаць. Я сказаў, што вельмi хачу есцi, i ён адразу заявiў сваёй жонцы, што я яму падабаюся. Хлеб быў смачны, i я ўмомант праглынуў сваю порцыю рыбы. Потым прынеслi мяса са смажанай бульбай. Усе елi моўчкi. Масон раз-пораз адпiваў вiно i безупынку падлiваў мне. Калi прынеслi каву, галава ў мяне ўжо пацяжэла. Я многа палiў. Мы з Масонам i Раймонам дамовiлiся ўвесь жнiвень правесцi тут - будзем жыць разам, у складчыну. Мары раптам сказала: - А вы ведаеце, якi час? Яшчэ толькi палова на дванаццатую. Мы ўсе вельмi здзiвiлiся, але Масон сказаў, што нiчога дзiўнага тут няма снедаць трэба тады, калi хочацца есцi. Мары гэта чамусьцi рассмяшыла. Па-мойму, яна проста выпiла лiшку. Тады Масон запытаўся, цi не хачу я крыху прайсцiся па пляжы. - Жонка ў мяне заўсёды любiць трошкi адпачыць пасля снедання. А я дык не магу - мне трэба хадзiць. Я заўжды кажу ёй, што гэта лепш для здароўя. Але ўрэшце - ёй самой вырашаць. Мары сказала, што застанецца дапамагчы панi Масон памыць посуд. А вясёлая парыжанка заявiла, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба выставiць мужчын прэч. I мы ўтрох пайшлi. Сонца было ў зенiце i бязлiтасна палiла пясок, блiскi промняў на хвалях рэзалi вочы. На пляжы ўжо нiкога не было. З хат, якiя купiлiся на краi пагорка, павiсаючы над морам, даносiўся бразгат талерак, вiдэльцаў i нажоў. Ад спякотнага подыху камянёў, якi падымаўся з зямлi, дыхаць было амаль немагчыма. Раймон з Масонам гутарылi пра нейкiя справы, пра людзей, якiх я не ведаў, i я зразумеў, што яны даўно ўжо знаёмыя i нават жылi некалi разам. Мы рушылi да вады i потым пайшлi па беразе. Часам нейкая крыху мацнейшая хваля абдавала нашы палатняныя чаравiкi пырскамi. Я ўжо нi пра што не думаў, спякотнае сонца палiла маю непакрытую галаву, i мяне хiлiла на сон. У гэты час Раймон нешта сказаў Масону. Я недачуў, але адначасна заўважыў, як вельмi далёка, на другiм канцы пляжа, узнiклi два арабы, абодва ў сiнiм. Яны наблiжалiся. Я зiрнуў на Раймона, i ён сказаў: "Гэта ён". Мы па-ранейшаму iшлi наперад. Масон здзiвiўся - як гэта iм удалося дапiльнаваць, што мы тут. Я падумаў, што яны, вiдаць, бачылi, як мы сядалi ў аўтобус з пляжнымi торбамi, але нiчога не адказаў. Арабы iшлi марудна, але былi ўжо намнога блiжэй. Мы не запавольвалi хады, i Раймон сказаў: - Калi пачнецца бойка, ты, Масон, займiся другiм. Пра свайго малойца я паклапачуся сам. А калi з'явiцца трэцi - гэта ўжо твой, Мёрсо. Я сказаў: "Добра". Масон сунуў рукi ў кiшэнi. Мне здалося, што распалены пясок стаў чырвоны. Роўнай хадою мы наблiжалiся да арабаў. Адлегласць патроху скарачалася. Калi нас раздзялялi ўсяго некалькi крокаў, арабы спынiлiся. Мы з Масонам замарудзiлi крок. А Раймон пайшоў проста да свайго злоснiка. Я не пачуў, што ён яму сказаў, але араб сагнуўся, нiбы хацеў ударыць Раймона галавой. Тады Раймон ударыў першы i адразу клiкнуў Масона. Масон падскочыў да другога i з усяе сiлы ўдарыў яго два разы. Араб плазам упаў у ваду, уткнуўся тварам у дно i некалькi секунд ляжаў нерухома. Вакол галавы пузырылiся i лопалiся бурбалкi. Тым часам Раймон ударыў свайго ворага зноў, i па твары ў таго пацякла кроў. Раймон павярнуўся да мяне i сказаў: "Зараз ён у мяне ўбачыць!" Я крыкнуў: "Сцеражыся, у яго нож!" Але араб ужо разануў Раймона па руцэ i рассек губу. Масон скочыў наперад. Але другi араб ужо падняўся i стаў за спiну таго, якi быў з нажом. Мы не адважвалiся варухнуцца. Яны паволi пачалi адступаць i ўвесь час пазiралi на нас, пагражаючы нажом. Калi адлегласць была ўжо даволi вялiкая, яны павярнулiся i кiнулiся наўцёкi. Мы па-ранейшаму нерухома стаялi пад сонцам, i Раймон зацiскаў руку, з якой сачылася кроў. Масон сказаў, што недзе побач ёсць доктар - ён кожную нядзелю прыязджае сюды адпачываць. Раймон захацеў адразу ж пайсцi да яго. Але кожны раз, як ён разяўляў рот, каб нешта сказаць, вакол раны на губе пузырылася кроў. Мы ўзялi яго пад рукi i як мага хутчэй павялi ў Масонаву хату. Там Раймон заявiў, што раны ў яго неглыбокiя i ён сам можа iсцi да лекара. Яны з Масонам пайшлi, а я застаўся, каб растлумачыць жанчынам, што здарылася. Панi Масон плакала, Мары збялела. Мне было прыкра распавядаць iм усё гэта. I нарэшце я змоўк, запалiў цыгарэту i пачаў глядзець на мора. А палове другой Раймон з Масонам вярнулiся. Рука ў Раймона была перавязаная, на губе ў куточку быў прылеплены пластыр. Доктар сказаў, што нiчога страшнага няма, але выгляд у Раймона быў змрочны. Масон паспрабаваў яго рассмяшыць. Але ён нават не адгукнуўся i потым сказаў, што пойдзе на пляж. Я запытаўся - куды? Ён адказаў, што проста хоча падыхаць паветрам. Мы з Масонам заявiлi, што пойдзем таксама. Тады Раймон ускiпеў i пачаў лаяцца. Масон сказаў, што цяпер яму лепш не пярэчыць - няхай сабе iдзе. Але я ўсё ж пайшоў за iм. Мы доўга iшлi па пляжы. Сонца пякло невыносна. Яго промнi секлiся джгучымi стрэмкамi па пяску i па моры. У мяне склалася ўражанне, што Раймон ведае, куды iдзе, але я, вядома, памыляўся. Нарэшце, на самым канцы пляжа мы дадыбалi да маленькай крынiчкi, якая выбiвалася з-пад пяску ля высокай скалы. Там мы ўбачылi тых двух арабаў. Яны ляжалi на зямлi ў сваiх зашмальцаваных сiнiх робах. Выгляд у iх быў абсалютна спакойны i нават нiбы задаволены. Калi мы падышлi, у паводзiнах у iх нiчога не змянiлася. Той, што парнуў Раймона нажом, моўчкi глядзеў на яго. Другi найграваў на былiнцы трыснёгу i скоса пазiраў на нас, увесь час выцiнаючы з дудкi адны i тыя ж ноты, на якiя яна была здольная. Пэўны час наўкол былi толькi сонца i цiшыня, якая парушалася адно цурчаннем крынiчкi i трыма ноткамi трысняговае дудкi. Потым Раймон сунуў руку ў кiшэню i дастаў рэвальвер. Араб не варухнуўся, i яны па-ранейшаму ўзiралiся адзiн у аднаго. Я звярнуў увагу, што ў таго, якi граў на дудцы, пальцы на нагах расстаўлены вельмi шырока. Тут, не зводзячы вачэй са свайго ворага, Раймон спытаў: - Што, уходаць яго? Я падумаў, што калi скажу не, ён толькi яшчэ больш распалiцца i тады ўжо пэўна стрэлiць. Я прамовiў: - Ён яшчэ нiчога не сказаў. Стрэлiць проста так было б, па-мойму, подла. Скрозь спёку i цiшыню да мяне зноў даляцеў шолах вады i дудкi. Потым Раймон сказаў: - Тады я зараз зняважу яго, а калi ён адкажа - прыб'ю. Я адказаў: - Слушна. Але пакуль ён не выцягне нож, страляць не варта. Раймон пачаў патроху распаляцца. Другi араб усё найграваў, але абодва яны пiльна сачылi за кожным Раймонавым рухам. - Не, - сказаў я Раймону. - Лепш сыдзiся з iм сам-насам, а рэвальвер аддай мне. Калi другi сунецца цi гэты выцягне нож, я яго палажу. Раймон перадаў рэвальвер мне, i сонечны промень блiснуў на яго гладкай паверхнi. Мы па-ранейшаму стаялi нерухома, нiбы ўвесь свет самкнуўся вакол нас. Не зводзячы вачэй з арабаў, мы пазiралi на iх, яны - на нас. I ўсё, здавалася, цяпер застыла - мора, сонца, пясок, падвойная цiшыня дудкi i ручая. У гэтую хвiлiну я падумаў, што, можа давядзецца стрэлiць, а можа, i не давядзецца - якая рознiца. Але арабы раптам падалiся назад i шмыгнулi за скалу. Тады мы з Раймонам павярнулiся i пайшлi дахаты. Яму нiбыта палегчала, i ён сказаў, што трэба iсцi на аўтобус i вяртацца ў горад. Я правёў яго да Масонавага катушка, i ён па драўняных сходках падняўся да дзвярэй. Я застаўся ўнiзе: у галаве ўжо гуло ад спёкi, i ў мяне не было нiякай сiлы адолець тыя некалькi прыступак ды пасля яшчэ гаманiць з жанчынамi. Але сквар быў такi, што стаяць нерухома пад асляпляльным вогненным дажджом, якi шугаў з неба, было таксама немагчыма. Зрэшты, чакаць на месцы цi хадзiць было ўсё роўна. Я пастаяў хвiлiну, потым павярнуўся i пайшоў на пляж. Гэтаксама блiшчаў да чырванi распалены пясок. Нiбы ў задышцы, мора лiзала бераг языком сваiх шпаркiх кароткiх хвалек. Я паволi iшоў да скал i адчуваў, як галава пухне ад сонца. Спёка прыцiскала мяне да зямлi, не пускала далей. Яе задушлiвы подых апаляў мне твар, але кожны раз я сцiнаў зубы, сцiскаў кулакi ў кiшэнях, напружваўся ўсiм целам, каб перамагчы бязлiтаснае сонца i п'яную затлуму, што агортвала мяне з усiх бакоў, i iшоў. Кожная пясчынка, кожная збялелая пад сонцам ракавiнка цi асколак шкла кiдалi ў мяне балючыя дзiды святла, i мае скiвiцы яшчэ больш сцiскалiся. Я iшоў доўга. Воддаль паказалася цёмная велiч скалы, вакол яе зiхцела зыркае кола святла i вадзянога пылу. Я падумаў, што за скалой цячэ сцюдзёная крынiчка. I мне захацелася зноў пачуць яе шэпт, схавацца ад сонца, стомы, жаночых слёз, знайсцi нарэшце цень i адпачынак. Аднак, калi я падышоў блiжэй, я ўбачыў, што Раймонаў злоснiк iзноў ляжыць там. Ён быў адзiн. Ён ляжаў на спiне, сунуўшы рукi пад голаў, тварам у ценю i ўсiм целам на сонцы. Над сiняю робай ад спёкi ўздымалася пара. Я крыху здiвiўся. Я думаў, што справа ўжо скончаная, i калi iшоў сюды, да крынiцы, зусiм пра гэта не думаў. Калi ён заўважыў мяне, ён адразу прыўзняўся i сунуў руку ў кiшэню. Я, натуральна, таксама адразу намацаў Раймонаў рэвальвер, якi ляжаў у мяне ў куртцы. Тады ён зноў адкiнуўся на спiну, але рукi з кiшэнi не выняў. Я быў ад яго даволi далёка, метраў, мусiць, за дзесяць. Часам я адчуваў, як ён пазiрае на мяне праз паўзаплюшчаныя павекi. Але часцей абрысы ягонага цела пачыналi скакаць прад маiмi вачыма ў гарачым паветры. Хвалi плёскалiся яшчэ марудней, яшчэ з большай лянотаю, як апоўднi. Вакол былi ўсё тое ж сонца, усё той жа распалены блiскучы пясок. Вось ужо дзве гадзiны, як дзень застыў, не маючы сiлы зрушыць далей, дзве гадзiны, як ён кiнуў якар у неабсяжным акiяне расплаўленага металу. На даляглядзе прайшоў параход, i краем вока я ледзь заўважыў яго чорную плямку, бо ўвесь час неадрыўна глядзеў на араба. Я падумаў, што варта мне толькi павярнуцца i пайсцi, i ўсё на тым скончыцца. Але ўвесь спякотны пляж стоўпiўся за мною, дрыжаў на сонцы i не пускаў назад. Я ступiў некалькi крокаў да крынiцы. Араб не варухнуўся. Да яго было яшчэ досыць далёка. Мабыць, ад таго, што на твар яму падаў цень, здавалася, быццам ён усмiхаецца. Я счакаў. Сонца палiла шчокi, я адчуваў, як пот буйнымi кроплямi сцякае на бровы. Спёка была такая ж, як у той дзень, калi я хаваў маму, як i тады, моцна балела галава, усе вены пад скурай набрынялi i шалёна пульсавалi. Я не мог болей вытрымаць гэтае спёкi i зрабiў рух наперад. Я ведаў, што гэта бязглузда, што я не пазбаўлюся сонца, калi зраблю адзiн крок. Але я зрабiў гэты крок, адзiн толькi крок наперад. I тады араб, не падымаючыся, выцягнуў нож i выставiў яго перада мной на сонцы. Прамень блiснуў па сталi i ўеўся мне ў лоб доўгiм iскрыстым лязом. У тое ж iмгненне пот рынуў з броваў, залiў павекi, захiнуў iх цёплай вiльготнай смугой. Вочы аслеплi пад салёным покрывам слёз. Я нiчога не адчуваў, адно сонца ў галаве бiла ў свой раз'юшаны бубен, ды недзе наперадзе са стальнога ляза вылятаў востры вогненны меч. Гэты джгучы клiнок рассякаў мае вейкi, працiнаў спакутаваныя вочы. I тады раптам усё скаланулася. Мора вынесла на хвалях цяжкi, гарачы ўздых. I мне падалося, што неба расчынiлася на ўсю шырыню i на зямлю хлынуў вогненны дождж. Усё напялося ўва мне, рука сцiснула рэвальвер. Дзяржанне аказалася лукатае, гладкае, спускавы кручок падаўся, нешта шчоўкнула, пачуўся сухi аглушальны ўдар, i ўсё пачалося. Я скiнуў з сябе сонца i пот. I зразумеў, што парушыў раўнавагу дня, надзвычайную цiшу пясочнага пляжа, дзе я быў нядаўна шчаслiвы. Тады я стрэлiў яшчэ чатыры разы ў нерухомае цела, i кулi ўваходзiлi ў яго, не пакiдаючы слядоў. I гэта былi нiбы чатыры кароткiя ўдары, якiмi я пастукаўся ў дзверы бяды. Частка другая I Адразу пасля арышту мяне некалькi разоў дапытвалi. Але допыты тычылiся выяўлення маёй асобы i цягнулiся нядоўга. Першы раз, у камiсарыяце, мая справа, здаецца, нiкога не захапiла. Але ўжо праз тыдзень следчы глядзеў на мяне з цiкаўнасцю. Спачатку ён запытаўся, як мяне завуць, дзе я жыву, чым займаюся, дзе i калi нарадзiўся. Пасля захацеў даведацца, цi выбраў я сабе адваката. Я прызнаўся, што не, i папытаўся - няўжо яго трэба мець заўсёды. - Чаму вы гэтак пытаецеся? - сказаў ён. Я адказаў, што, па-мойму, справа мая вельмi простая. Тады ён усмiхнуўся i сказаў: - Можа, яно i так. Але ёсць закон. Калi вы не выбераце сабе адваката самi, яго вам прызначым мы. Мне здалося вельмi зручным, што суд сам клапоцiцца такiмi дробязямi, i я гэта сказаў следчаму. Ён пагадзiўся са мной i заўважыў, што закон увогуле зроблены найвыдатнейшым чынам. Спачатку я не прымаў яго ўсур'ёз. Наша размова праходзiла ў змрочным пакойчыку, з усiх бакоў абвешаным шторамi, з адзiнаю лямпай, якая стаяла на стале i асвятляла фатэль. На гэты фатэль ён мяне i пасадзiў, а сам застаўся ў змроку. Я ўжо чытаў падобныя апiсаннi ў кнiжках, i ўсё гэта мне здалося гульнёй. Аднак пасля размовы я прыгледзеўся да яго ўважлiвей - гэта быў высокi мужчына, з тонкiмi рысамi твару i глыбокiмi блакiтнымi вачыма, у яго былi доўгiя сiвыя вусы i пышная, амаль белая шавялюра. Мне здалося, што ён чалавек разважлiвы i ўвогуле - нават прыязны, хоць i мае нейкi нервовы цiк, ад якога ў яго час ад часу пацепваюцца вусны. Выходзячы, я нават ледзь не працягнуў яму рукi, але своечасова прыгадаў, што я забiў чалавека. Назаўтра да мяне ў турму прыйшоў адвакат. Ён быў маленькi, кругленькi, даволi малады, з дбайна прылiзанымi валасамi. Нягледзячы на спёку (я сядзеў у адной кашулi), на iм быў цёмны гарнiтур, крухмальны каўнер i нейкi дзiўны гальштук у шырокую чорна-белую палоску. Ён паклаў на мой ложак партфель, якi прынёс пад пахай, назваў сваё iмя i сказаў, што пазнаёмiўся ўжо з маёй справай. Выпадак даволi далiканты, але ён не сумняваецца ў поспеху, калi, вядома, я буду яму давяраць. Я падзякаваў, i ён сказаў: - А цяпер пяройдзем непасрэдна да справы. Ён сеў на ложак i паведамiў, што ўжо маюцца пэўныя звесткi пра маё прыватнае жыццё. Высветлiлася, напрыклад, што нядаўна ў прытулку памерла мая мацi. У Марэнга паслалi запытанне. I адтуль следчаму паведамiлi, што ў дзень пахавання "я выявiў нячуласць". - Самi разумееце, - сказаў адвакат, - мне няёмка ў вас дапытвацца. Але гэта вельмi важна. I для абвiнавачвання гэта будзе важкi аргумент, калi я не сумею нiчога адказаць. Ён хацеў, каб я дапамог яму, i запытаўся, цi было мне цяжка ў той дзень. Гэта пытанне мяне вельмi здзiвiла, i я падумаў, што мне было б вельмi няёмка, калi б я мусiў сам спытаць у каго-небудзь такое. Я адказаў, аднак, што ўжо крыху адвыкся займацца самакапаннем i што мне цяжка адказаць яму што-небудзь дакладна. Вядома, я любiў маму, але гэта яшчэ нi пра што не гаворыць. Усе здаровыя людзi рана цi позна жадаюць смерцi тым, каго яны любяць. Тут адвакат перапынiў мяне i быў, здаецца, нечым вельмi ўсхваляваны. Ён прымусiў мяне паабяцаць, што я не скажу гэтага нi на судовым паседжаннi, нi ў следчага. Аднак я вырашыў растлумачыць: ад натуры я створаны так, што мае фiзiчныя патрэбы часта ўплываюць на мае пачуццi. А ў той дзень, калi я хаваў маму, я быў вельмi стомлены i хацеў спаць. I таму я не мог ясна ўсвядомiць, што адбываецца. Адзiнае, што я магу сказаць пэўна, дык гэта тое, што я палiчыў бы за лепшае, каб мама не памiрала. Адвакат, вiдаць, застаўся незадаволены. Ён сказаў: - Гэтага недастаткова. Ён задумаўся. I потым спытаў у мяне, цi можна яму будзе сказаць на судзе, што ў той дзень я намагаўся стрымаць свае сапраўдныя пачуццi. Я сказаў: - Не, бо гэта няпраўда. Ён зiрнуў на мяне неяк здзiўлена, нiбы я выклiкаў у яго агiду. I амаль са злосцю сказаў, што, ва ўсякiм выпадку, дырэктар i службоўцы з прытулку будуць выклiканы на працэс як сведкi, а "гэта можа зрабiць мне вельмi благую паслугу". Я заўважыў, што гэта гiсторыя не мае нiякага дачынення да маёй справы. Але ён адказаў, што я нiколi не сутыкаўся з правасуддзем i гэта вiдаць адразу. Ён пайшоў раззлаваны. Я хацеў быў яго затрымаць, растлумачыць яму, што хачу ад яго спагады - не дзеля таго, каб ён абараняў мяне лепш, а проста так, як звычайна хочуць спагады ад кожнага чалавека. Тым больш што я бачыў, як ён хвалюецца праз мяне. Бачыў, што ён не можа мяне зразумець i толькi злуецца. Я хацеў давесцi яму, што я такi самы, як i ўсе, абсалютна такi самы. Але я паленаваўся, бо падумаў, што, па сутнасцi, гэта не так ужо важна. Праз некалькi дзён мяне зноў вадзiлi на допыт. Была другая гадзiна дня, i кабiнет гэтым разам быў залiты святлом, якое прабiвалася скрозь празрыстыя фiранкi. Было дужа горача. Следчы прапанаваў сесцi i вельмi абыходлiва паведамiў, што "ў сувязi з адной непрадугледжанай акалiчнасцю" мой адвакат прыйсцi сёння не можа. Але я маю права не адказваць на пытаннi i чакаць адваката. Я сказаў, што магу адказваць i адзiн. Тады следчы нацiснуў пальцам на кнопку на стале, i ў пакой увайшоў малады пiсар. Ён сеў у мяне амаль за самаю спiнай. Мы ямчэй умасцiлiся ў фатэлях, i допыт пачаўся. Спачатку следчы сказаў, што ўсе, у каго ён нi пытаўся, апiсваюць мяне, як чалавека змрочнага i замкнёнага. Ён хацеў ведаць, што я сам думаю на гэты конт. Я адказаў: - У мяне проста няма нiчога цiкавага расказаць. I таму я звычайна маўчу. Як i на першым допыце, ён усмiхнуўся i пагадзiўся, што гэта сама лепшая прычына. I потым дадаў: - Зрэшты, гэта абсалютна няважна. Ён змоўк i зiрнуў на мяне, але раптам даволi рэзка выпрастаўся i скорагаворкай сказаў: - Мяне цiкавiце вы, вы самi. Я не вельмi зразумеў, што ён мае гэтым на ўвазе, i таму не адказаў. - Сёе-тое ў вашых учынках мне застаецца яшчэ няясным, - дадаў ён. - Але я ўпэўнены, што вы дапаможаце мне зразумець гэта. Я адказаў, што ўсё вельмi проста. Ён папрасiў мяне яшчэ раз з усiмi падрабязнасцямi апiсаць той дзень. I я зноў пералiчыў усё, што ўжо казаў яму мiнулы раз: Раймон, пляж, купанне, свара, зноў пляж, крынiчка, сонца i пяць стрэлаў з рэвальвера. Пасля кожнай фразы ён казаў: "Так, так". I калi я дайшоў да нерухомага цела на пяску, ён, нiбы ўхваляючы, сказаў: "Добра". Ужо каторы раз мне даводзiлася вось так паўтараць адну i тую ж гiсторыю, i, бадай, нiколi яшчэ я гэтак доўга не гаварыў. Пасля некаторага маўчання ён падняўся i сказаў, што хоча мне дапамагчы - я яго зацiкавiў, i з Боскаю дапамогай ён што-небудзь зробiць дзеля мяне. Але раней ён хоча задаць мне некалькi пытанняў. I без усялякага пераходу ён раптам спытаў, цi любiў я маму. Я сказаў: "Але, як i ўсе". Пiсар, якi дагэтуль роўна стукаў на машынцы, чамусьцi зблытаўся - вiдаць, нацiснуў не на тую лiтару, i апошнiя словы яму давялося перадрукаваць. Зноў без усялякай вiдавочнай сувязi следчы запытаўся, цi страляў я з рэвальвера ўсе пяць разоў запар. Я трошкi падумаў i сказаў, што спачатку стрэлiў толькi адзiн раз, а праз некалькi секунд - яшчэ чатыры разы. - Чаму памiж першым i другiм стрэламi вы зрабiлi паўзу? - запытаўся ён. Я зноў убачыў перад сабой чырвоны пляж i адчуў, як сонца пячэ мне чало. Але нiчога не адказаў. Маё маўчанне, вiдаць, занепакоiла следчага. Ён сеў, раскудлачыў валасы i, абапершыся локцямi на стол, схiлiўся да мяне з нейкiм дзiўным выглядам: - Чаму, чаму вы стралялi ў нерухомае цела? Я зноў не здолеў яму адказаць. Следчы пацёр лоб рукамi i паўтарыў пытанне нейкiм крыху разгубленым голасам: - Чаму? Вы павiнны сказаць мне. Чаму? Я па-ранейшаму маўчаў. Тады ён раптам устаў, шырокай хадой падышоў да краю стала, выцягнуў з тумбы шуфляду i дастаў з яе срэбны крыж з распяццем. Трасучы iм, ён вярнуўся да мяне i абсалютна непазнавальным, амаль дрыготкiм голасам закрычаў: - Цi ведаеце вы, хто гэта? Я сказаў: - Натуральна, што ведаю. Тады ён, захлынаючыся, палка прызнаўся мне, што ён верыць у Бога, i ён упэўнены, што нiводзiн чалавек на зямлi не вiнаваты настолькi, каб Бог не дараваў яму гэтага, але трэба, каб сваiм раскаяннем чалавек ператварыўся ў дзiця, у немаўлятка, чыя душа - чыстая i адкрытая, i здольная ўспрыняць усё. Следчы ўсiм целам навалiўся на стол. Ён махаў распяццем амаль над самай маёй галавой. Шчыра кажучы, я вельмi дрэнна сачыў за яго думкай - мне было горача, у кабiнеце лёталi мухi i часам садзiлiся мне на твар. Апроч таго, следчы выклiкаў у мяне страх. Я разумеў, што гэта смешна, бо сапраўдны злачынца тут я. Але ён не сунiмаўся. Увогуле я зразумеў, што ў маiх паказаннях, на яго думку, ёсць толькi адна цьмяная рэч - чаму я счакаў, раней чым стрэлiць другi раз. З рэштай - усё выдатна, а вось тут ён не разумее. Я хацеў быў сказаць, што ён не мае рацыi, на гэтую рэч не варта звяртаць такой увагi: яна наогул не мае вялiкага значэння. Але ён перапынiў мяне. Ён выпрастаўся i з апошняю надзеяй вылечыць маю душу папытаўся, цi веру я ў Бога. Я адказаў, што не. Ад такой знявагi ён сеў у фатэль. Ён сказаў, што гэта немагчыма, што ўсе людзi вераць у Бога - нават тыя, хто адвярнуў ад яго свой твар. I ён упэўнены ў гэтым, упэўнены, i калi хоць раз яму давядзецца ў гэтым засумнявацца, яго жыццё страцiць усялякi сэнс. - Няўжо, - закрычаў ён, - няўжо вы хочаце, каб маё жыццё не мела сэнсу? На маю думку, гэта мяне не датычылася, i я так яму i сказаў. Але ён ужо перагнуўся цераз стол, падсунуў Хрыста пад самыя мае вочы i крычаў, як апантаны: - Я хрысцiянiн! Я малю яго дараваць табе грахi твае! Як жа ты можаш не верыць, што ён пакутаваў дзеля цябе? Я, вядома, заўважыў, што ён звяртаецца да мяне на "ты", але мне ўжо абрыдла яго слухаць. Гарачыня душыла ўсё мацней. I я зрабiў выгляд, нiбы згаджаюся, як раблю заўсёды, калi хачу пазбавiцца ад надакучлiвай размовы. На маё здзiўленне следчы шалёна ўзрадаваўся. - Вось бачыш! Бачыш! - закрычаў ён. - Ты верыш у Бога! I цяпер ты адкрыеш перад iм сваю душу. Зразумела, я яшчэ раз сказаў, што не. I ён зноў павалiўся ў фатэль. Выгляд у яго быў змораны. Нейкi час ён сядзеў моўчкi, i толькi машынка дастуквала апошнiя словы з нашага дыялога. Потым следчы ўважлiва i крыху тужлiва зiрнуў на мяне. I прамармытаў: - Нiколi яшчэ я не бачыў настолькi счарсцвелай душы, як ваша. Нiхто са злачынцаў, якiя прыходзiлi да мяне, не здолеў стрымаць сваiх слёз перад гэтым пакутным аблiччам. Я хацеў адказаць, што можа яно i так, але ж тое былi злачынцы. Але адразу падумаў, што i я - такi самы. Я ўсё нiяк не мог прызвычаiцца да гэтае думкi. Тут следчы ўстаў, паказваючы, што допыт закончаны. I напаследак, з гэткiм жа стомленым выглядам, запытаўся, цi шкадую я таго, што ўчынiў. Я падумаў i адказаў, што не тое, каб шкадую, але, хутчэй, - проста мне непрыемна. Па-мойму, ён не зразумеў. Але ў той дзень на гэтым усё i скончылася. Пасля мяне часта яшчэ вадзiлi да следчага. Але кожны раз са мною цяпер быў адвакат. Яны патрабавалi ад мяне хiба што ўдакладнiць сёе-тое ў маiх ранейшых паказаннях. Цi наогул - увесь час гаманiлi памiж сабой наконт розных абвiнаваўчых пунктаў. Але сам я ў такiя хвiлiны нiколi па-сапраўднаму iх не цiкавiў. Ва ўсякiм выпадку, тон допытаў патроху змянiўся. Следчы, вiдаць, ужо адшукаў маёй справе нейкае тлумачэнне i страцiў да маёй асобы ўсякую цiкаўнасць. Ён болей не гутарыў са мною пра Бога, i я ўжо нiколi не бачыў яго такiм узбуджаным, як у той першы дзень. Некалькi пытанняў, кароткая размова з адвакатам - i допыт канчаўся. Справа мая, як любiў казаць следчы, пасоўвалася сваiм парадкам. Часам, калi размова iшла на нейкую агульную тэму, мяне падключалi таксама. I тады мне дыхалася вальней. Усё было так натуральна, iшло так гладка i гаварылася так разумна, што ў мяне нават пачало складвацца ўражанне, што я тут - "свой чалавек". Следства цягнулася адзiнаццаць месяцаў, i пад канец я амаль не мог даць сабе веры, што некалi ў мяне былi нейкiя iншыя ўцехi, акрамя тых хвiлiн, калi следчы праводзiў мяне да дзвярэй i, лопаючы па плячы, па-сяброўску казаў: "Ну, на сёння досыць, пане Антыхрысце". I мяне перадавалi ў рукi жандарам. II Ёсць рэчы, пра якiя мне нiколi не падабалася гаварыць. I калi я апынуўся ў турме, мне ўжо праз некалькi дзён стала ясна, што пра гэтую частку жыцця гаварыць мне будзе непрыемна. Пазней, праўда, я ўжо не бачыў падстаў для агiды. Але першыя днi я па-сапраўднаму яшчэ не ўяўляў, што я - у турме: я падсвядома чакаў, што вось нешта адбудзецца i ўсё пойдзе iнакш. Сапраўднае турэмнае жыццё пачалося толькi пасля першага i адзiнага наведвання Мары. З таго дня, калi я атрымаў яе лiст (а яна пiсала, што прыходзiць ёй больш не дазваляюць, бо яна мне не жонка), з таго самага дня я адчуў, што камера i ёсць мой дом i ўсё маё жыццё канчаецца тут. Спачатку, адразу пасля арышту, мяне пасадзiлi ў памяшканне, дзе ўжо было некалькi вязняў, больш - арабаў. Яны сустрэлi мяне рогатам. I пасля папыталiся, што я зрабiў. Я адказаў, што забiў араба, тады яны сцiхлi. Але хутка настаў вечар, i яны растлумачылi, як лепей складаць цыноўку, на якой тут даводзiлася спаць. Адзiн край трэба было скруцiць, i тады атрымлiвалася нешта накшталт падушкi. Усю ноч па маiм твары поўзалi клапы. Але праз некалькi дзён мяне перавялi ў адзiночку, i тут я спаў на драўняным ложку. У мяне была параша i бляшаная мiса. Турма ўзвышалася над горадам, i праз маленькае акенца ў камеры можна было ўбачыць мора. Аднойчы, калi я, ухапiўшыся за краты, лавiў тварам сонечныя прамянi, увайшоў наглядчык. Ён сказаў, што да мяне прыйшлi. Я падумаў, што гэта, вiдаць, Мары. I гэта сапраўды была яна. У пакой для спатканняў мяне вялi па доўгiм калiдоры, пасля па лесвiцы i, нарэшце, зноў па калiдоры. Я ўвайшоў у вельмi шырокую залу з вялiзным акном на ўсю сцяну. Дзве перагародкi ў краты рассякалi пакой на тры часткi. Пустая прастора, шырынёй метраў восем цi дзесяць, аддзяляла наведнiкаў ад арыштантаў. Насупраць узнiкла Мары, я заўважыў яе загарэлы твар i паласатую сукенку. Побач са мной у пакоi стаялi яшчэ некалькi вязняў, чалавек дзесяць, большасць былi арабы. З абодвух бакоў ад Мары таксама былi арабкi: з аднаго - сцiснуўшы вусны, стаяла маленькая бабулька ва ўсiм чорным, з другога - тоўстая кабета з распушчанымi валасамi, яна ўвесь час нешта моцна крычала i размахвала рукамi. З-за вялiкай адлегласцi памiж адгародкамi ўсiм, хто быў у зале, даводзiлася размаўляць вельмi гучна. Рэзкае святло, якое наскрозь працiнала шыбы, i гуд галасоў адбiвалiся ад голых сцен i мацнелi яшчэ больш. Калi я зайшоў, у мяне нават закруцiлася ў галаве. У камеры было намнога цямней i спакайней. I каб асвойтацца, мне спатрэбiўся пэўны час. Нарэшце я выразна ўбачыў кожны твар, ярка асветлены сонцам. У канцы калiдора памiж адгародкамi на крэсле сядзеў наглядчык. Большасць арабаў i iх крэўныя масцiлiся на кукiшках адзiн насупраць аднаго. Гэтыя не крычалi. Нягледзячы на страшэнны гармiдар, iм неяк удавалася разумецца, размаўляючы амаль шэптам. Iх цiхае мармытанне, над самай падлогай, утварала нешта накшталт глухога басавiтага фону для хору тых гучных поклiчаў, што гучалi над iх галавой. Усё гэта я заўважыў неяк адразу, пакуль iшоў да Мары. Яна ўжо прыпала да кратаў i з усяе сiлы намагалася ўсмiхнуцца. Яна мне здалася вельмi прыгожай, але я не здолеў сказаць ёй гэтага. - Ну што? - голасна крыкнула яна. - Як бачыш, вось так. - Табе нiчога не трэба, у цябе ўсё добра? - Так, усё. Мы змоўклi. Мары ўсё ўсмiхалася. Тоўстая кабета нешта крычала майму суседу, высокаму бяляваму здаравяку са шчырымi вачыма. Вiдаць, гэта быў яе муж. Сваю гаворку яны пачалi яшчэ да майго прыходу. - Жана не захацела яго ўзяць, - на ўсё горла крычала кабета. - Ну, ну, - адказваў муж. - Я сказала, што ты, як вернешся, забярэш, але яна ўзяць не захацела. Мары крыкнула з-за кратаў, што Раймон перадае прывiтанне, i я адказаў: "Дзякуй". Але мяне перабiў сусед, якi пытаўся, "як у яго са здароўем". Яго жонка засмяялася i адказала, што "лепей ён сябе нiколi не адчуваў". Сусед справа, невысокi юнак з тонкiмi рукамi, маўчаў. Насупраць яго я заўважыў маленькую бабулю. Яны пiльна ўзiралiся адно ў аднаго. Але паназiраць за iмi яшчэ мне не ўдалося, бо Мары крыкнула: - Трэба не трацiць надзеi. I я адказаў: - Ага. Я глядзеў на яе, i мне хацелася сцiснуць яе плячо пад тонкай сукенкай. Мне хацелася адчуць пад сваёю рукой гэту мяккую i лёгкую тканiну, i я не ведаў, цi можна спадзявацца на нешта яшчэ. Але Мары, вядома, таксама хацела сказаць тое самае, яна ўвесь час усмiхалася. I я ўжо не бачыў нiчога, апроч бляску яе беласнежных зубоў i вясёлых зморшчынак ля вачэй. Мары зноў крыкнула: - Ты выйдзеш, i мы пажэнiмся! - Ты так думаеш? - адказаў я, але сказаў так больш дзеля таго, каб увогуле нешта сказаць. I тады, вельмi хутка i па-ранейшаму голасна, яна залапатала - але, але, мяне апраўдаюць, i мы зноў будзем плаваць у моры. Але кабета побач з ёю раўла безупынку. Яна казала, што пакiнула ў канцылярыi кошык з перадачай, i пералiчвала ўсё, што там ляжыць. Трэба абавязкова праверыць - гэта каштуе немалых грошай. Другi сусед i яго мацi па-ранейшаму маўчалi i ўзiралiся адно ў аднаго. На кукiшках гэтак жа перашэптвалiся арабы. Святло на дварэ нiбы напiналася i цiснула ў шыбы. Я адчуваў нейкую кволасць, немач i быў бы рады пайсцi. Ад шуму мне рабiлася млосна. Але з другога боку, хацелася пабыць яшчэ, паглядзець на Мары. Не ведаю, колькi мiнула часу. Мары расказвала пра сваю працу i ўсмiхалася бесперастанку. Шэпт, крык, гамонка гучалi з усiх бакоў. Адзiны астравок цiшынi заставаўся там, дзе, побач са мной, шчуплы юнак i яго мацi моўчкi глядзелi адно на аднаго. Патроху арабаў пачалi выводзiць. Калi вывелi першага, амаль усе адразу ацiхлi. Маленькая бабуля прыгарнулася да кратаў, i ў тую ж хвiлiну наглядчык зрабiў знак яе сыну. Той сказаў: - Да пабачэння, мама. Яна прасунула памiж кратаў руку i павольна, мякка махнула яму наўздагон. Бабуля пайшла, i на яе месцы адразу ўзнiк мужчына з капелюшом у руцэ. Прывялi новага вязня, i яны ажыўлена загаманiлi, але не крычалi, бо ў пакоi было ўжо цiха. Прыйшлi па майго суседа справа. Яго жонка, нiбы не заўважаючы, што ўжо няма патрэбы крычаць, гучна сказала яму: - Беражы сябе i будзь уважлiвы! Потым настала мая чарга. Мары рукою паслала мне пацалунак. Ад дзвярэй я яшчэ раз зiрнуў на яе. Яна стаяла нерухома, прыцiснуўшыся тварам да кратаў, i па-ранейшаму неяк напята, сутаргава ўсмiхалася. Неўзабаве пасля гэтага яна мне напiсала. Тады i пачалося тое сапраўднае турэмнае жыццё, пра якое я нiколi не любiў гаварыць. Праўда, тут не трэба перабольшваць - жыць у турме мне ўдавалася лягчэй, чым iншым. Цяжка было хiба што першы час, бо трапiўшы ў турму, я захоўваў яшчэ думкi вольнага чалавека. Хацелася, напрыклад, на пляж, прагуляцца да мора. Я ўяўляў, як першыя хвалi пляскочуць каля маiх ног, як вада прымае маё цела, i мне адразу робiцца лёгка i вольна. I раптам зноў бачыў турэмныя муры, i мне здавалася, што яны яшчэ шчыльней абступаюць мяне. Але праз некалькi месяцаў гэта прайшло. I пасля ў мяне былi толькi арыштанцкiя думкi. Я чакаў, калi мяне павядуць на прагулку на двор або калi прыйдзе мой адвакат. Я няблага навучыўся прабаўляць i рэшту вольнага часу. Я часта думаў тады, што калi б мяне змусiлi жыць у камлi старадрэвiны i адзiным заняткам маiм было назiраць за барвамi неба над галавой, дык i тады б я патроху прызвычаiўся да гэтага. Я чакаў бы, калi прыляцяць птушкi або з'явяцца хмары, як чакаю цяпер дзiўных гальштукаў майго адваката, а раней, на волi, чакаў суботы, калi можна было абняць цела Мары. Аднак, калi добра разважыць, - я не ў камлi старадрэвiны. Былi i болей няшчасныя за мяне. Зрэшты, гэта не мае - гэта мамiны думкi. Гэта яна часта гаварыла, што ўрэшце чалавек да ўсяго прызвычайваецца. А я ў сваiх думках рэдка заходзiў гэтак далёка. Першыя месяцы было цяжка. Але намаганне, якое трэба было рабiць над сабой, якраз i дапамагала таму, каб час бег хутчэй. Напрыклад, мне пакутлiва хацелася жанчыны. Гэта натуральна, бо я быў малады. Я нiколi не думаў менавiта пра Мары. Я проста думаў пра жанчыну, наогул - пра жанчын, перабiраў у памяцi ўсiх, каго ведаў, усе тыя абставiны, у якiх кахаўся з iмi, i тады камера напаўнялася тварамi, i ў ёй рабiлася цесна ад маiх жаданняў. З аднаго боку, гэта парушала маю душэўную раўнавагу. Але з другога - дапамагала прабавiць час. Патроху мне ўдалося заваяваць спагаду старэйшага наглядчыка, якi разам з раздатчыкам з кухнi хадзiў па камерах, калi разносiлi ежу. Ён i пачаў са мною гаворку пра жанчын. Ён сказаў, што гэта сама першае, на што ўсе пачынаюць скардзiцца. Я адказаў, што я тут не выключэнне, але, па-мойму, такое становiшча - несправядлiвае. - Але ж дзеля гэтага вас i садзяць у турму, - сказаў ён. - Як гэта дзеля гэтага? - Ну але ж! Бо вас пазбаўляюць свабоды, а свабода якраз у гэтым i ёсць. Я нiколi не думаў пра гэта. I словы наглядчыка здалiся мне слушнымi. - Ваша праўда, - сказаў я. - Iначай што б гэта было за пакаранне? - Вядома! Вось вы разумееце. А iншыя - не. Праўда, яны ўрэшце самi сабе робяць палёгку. Пасля гэтага наглядчык пайшоў. Была яшчэ праблема - цыгарэты. Калi я трапiў у турму, у мяне забралi пас, матузкi з чаравiкаў, гальштук i ўсё, што ляжала ў кiшэнях, у прыватнасцi цыгарэты. Апынуўшыся ў адзiночцы, я папрасiў, каб мне iх аддалi. Але мне сказалi, што гэта забаронена. Першыя днi было вельмi цяжка. Тое, што не было тытуню, прыгнятала мяне, мусiць, больш за ўсё. Я смактаў трэскi ад дашчанага ложка. Увесь дзень мяне нудзiла. Я не разумеў, чаму мяне пазбаўляюць таго, што нiкому не прыносiць нiякай шкоды. Але пазней я ўцямiў, што гэта таксама ўваходзiць у пакаранне. Праўда, палiць на той час я ўжо адвык, i пакараннем мне гэта больш не было. Калi ж не лiчыць гэтых невыгод, я быў не такi ўжо няшчасны. Уся праблема зноў жа ўпiралася ў тое, якiм чынам прабавiць час. I калi я навучыўся ўспамiнаць сваё мiнулае, мне нарэшце ўдалося пазбавiцца ад нуды. Часцей за ўсё я думаў пра свой пакой, я ўяўляў, што стаю ў адным куце, i пачынаў рухацца ўздоўж сцен. Я перабiраў у думках усё, што мне траплялася, пакуль не вяртаўся ў той самы кут. Спачатку ў мяне гэта выходзiла неяк хутка. Але кожны раз, як я пачынаў зноў, займала ўсё болей часу. Я перабiраў усю мэблю, дзе што стаiць, дзе што ляжыць - кожную рэч, кожную дробязь, дзе якая iнкрустацыя, дзе расколiнка, дзе край вышчарблены, што якога колеру, якое навобмацак. У той жа час я стараўся не зблытаць чарговасцi i нi пра што не забыцца. Праз некалькi тыдняў я ўжо цэлымi гадзiнамi мог займацца толькi тым, што пералiчваў рэчы ў сваiм пакоi. Чым больш я думаў i прыгадваў, тым больш у маёй памяцi ўзнiкала новых дробязяў, на якiя раней я зусiм не зважаў. I я зразумеў тады, што нават той, хто пражыў усяго адзiн дзень, мог бы сто год спакойна правесцi ў турме. Яму б хапiла ўспамiнаў, каб не знудзiцца. У пэўным сэнсе, успамiны - вялiкая выгода. Ну, i пасля яшчэ - сон. Спачатку ўначы я спаў дрэнна, а ўдзень - наогул не мог заснуць. Але патроху з ноччу справа наладзiлася, дый удзень спаць я таксама навучыўся. Апошнiя месяцы я спаў шаснаццаць - васемнаццаць гадзiн на суткi. Заставалася прабавiць толькi шэсць гадзiн, на што iшлi ежа, натуральныя патрэбы, успамiны i гiсторыя пра чэха. Справа ў тым, што аднойчы я знайшоў на ложку прылiплы знiзу да сеннiка жоўты i амаль празрысты кавалак газеты. Гэта быў урывак з крымiнальнай кронiкi, пачатку не ставала, але дзея, вiдаць, адбывалася ў Чэхаславакii. Нейкi чалавек пакiнуў родную вёску, каб пашукаць шчасця ў iншых краях. Праз дваццаць пяць гадоў, ужо багаты, з жонкаю i дзiцём ён вярнуўся дадому. У роднай вёсцы яго сястра i мацi трымалi невялiчкi заезны двор. Каб здзiвiць крэўных, ён пакiнуў жонку з дзiцём у iншым месцы, а сам пайшоў да мацi - i тая яго не пазнала. Тады, дзеля жарту, яму захацелася зняць пакой. Ён пахвалiўся сваiмi грашыма. А ўначы мацi з сястрой забiлi яго малатком, абрабавалi i выкiнулi труп у раку. Ранiцай прыйшла яго жонка i, нiчога не ведаючы, паведамiла, хто быў гэты падарожнiк. Мацi павесiлася. Сястра кiнулася ў студню. Я перачытваў гэту гiсторыю, мусiць, тысячу разоў. З аднаго боку, яна была неверагодная. Але з другога - абсалютна натуральная. Ва ўсякiм выпадку, я думаю, што гэты чалавек атрымаў у пэўнай ступенi тое, чаго заслужыў - нiколi не трэба прыкiдвацца. Вось так я гадзiнамi спаў, успамiнаў, чытаў урывак сваёй кронiкi, святло пераходзiла ў цень, i час iшоў. Я, вядома, чытаў некалi, што ў турме паняцце часу знiкае. Але тады я не бачыў у гэтым вялiкага сэнсу. Я не разумеў, якiм гэта чынам дзень можа быць адначасна кароткi i доўгi. Зразумела, ён быў доўгi - бо доўга было яго перажыць, але нарэшце ўсе яны расцягвалiся настолькi, што пачыналi наплываць адзiн на адзiн, зблытвалiся i гублялi сваё iмя i твой твар. Толькi словы "ўчора" i "заўтра" не страцiлi яшчэ свайго сэнсу. Аднойчы наглядчык сказаў, што я сяджу тут ужо пяць месяцаў, i я паверыў, але ўцямiць не змог. Для мяне ўсё гэта быў адзiн дзень, ён хваляю набягаў у маю камеру i адыходзiў, нiбыта прыбой, i мэта ўвесь час у мяне была адна. Калi наглядчык пайшоў, я ўзяў бляшаную мiсу i зiрнуў на свой твар. Мне падалося, што ён застаецца сур'ёзны нават тады, калi я стараюся яму ўсмiхнуцца. Я пачаў круцiць мiсу ў розныя бакi, я трос яе. Я ўсмiхаўся, але адбiтак глядзеў на мяне па-ранейшаму змрочна i сумна. Дзень канчаўся, i гэта быў той час, пра якi я не хачу гаварыць, час без iмя, калi астатнiя вячэрнiя гукi ўздымаюцца з усiх паверхаў турмы, каб хутка ацiхнуць, пакiнуўшы ўладу цiшынi. Я падышоў да акенца i ў апошнiх водблiсках шэрага святла зноў зiрнуў на адбiтак. Ён быў гэткi ж сур'ёзны, i што тут дзiвiцца, калi цяпер i я быў такi? Але раптам, першы раз за доўгiя месяцы, я выразна пачуў свой голас. Ну але, гэта ён гучаў у маiх вушах усе гэтыя днi, i я зразумеў, што ўвесь гэты час я гутарыў сам з сабою. Тады я прыгадаў, што сказала сядзелка на мамiным пахаваннi. Праўда, выйсця не было, i нiхто не здольны ўявiць, што такое вечар у турме. III Можна сказаць, што, увогуле, адно лета вельмi хутка змянiлася новым. Я ведаў, што з прыходам спёкi ў маiм жыццi нешта пераменiцца. Мая справа была вынесена на апошнюю сесiю суда, якая мелася скончыцца ў чэрвенi. Калi працэс адкрыўся, на двары ўсё зiхцела ад сонца. Адвакат запэўнiў мяне, што ўсё зойме не больш як два цi тры днi. - Суд не будзе марудзiць з вашаю справай, - сказаў ён, - яна не сама важная ў сесii. Адразу пасля вас будзе хлопец, якi забiў свайго бацьку. А палове восьмай ранiцы па мяне прыйшлi, пасадзiлi ў турэмную машыну i завезлi ў Палац правасуддзя. Два жандары правялi мяне ў невялiчкi пакой, дзе пахла вiльготнай цемрай. Мы селi i пачалi чакаць, з-за дзвярэй даносiлiся галасы, крыкi, соўганне крэслаў, нейкая валтузня, i мне адразу падумалася пра вясковае свята, калi ў зале пасля канцэрта ўсё прыбiраюць, каб наладзiць скокi. Жандары сказалi, што трэба чакаць, калi пачнецца паседжанне, i адзiн прапанаваў мне цыгарэту, але я адмовiўся. Крыху пасля той спытаў: - Дрэйфiш? Я адказаў - не. Мне, у пэўным сэнсе, нават цiкава зiрнуць на працэс. Такой магчымасцi ў мяне яшчэ не было. - Праўда, - азваўся другi жандар, - але з часам гэта пачынае абрыдаць. Праз некаторы час у пакоi пачуўся кароткi званок. З мяне знялi кайданкi. Дзверы адчынiлiся, i мяне правялi за перагародку для падсудных. Зала была набiта бiтком. Скрозь захiнутыя шторы сям-там прабiвалася сонца, паветра было задушлiвае. Шыбаў не адчынялi. Я сеў, з абодвух бакоў мяне абступiлi жандары. У гэту хвiлiну я заўважыў насупраць шэраг твараў. Усе яны глядзелi на мяне, i я зразумеў, што гэта прысяжныя. Па-мойму, яны нiчым не адрознiвалiся адзiн ад аднаго. У мяне тады ўзнiкла ўражанне, быццам я зайшоў у трамвай, i тыя, хто ў iм ужо ехаў, утаропiлiся на новага пасажыра, нiбы хацелi знайсцi ў iм нешта пацешнае. Я разумею, што гэта бязглуздая думка, - яны тут шукалi не пацешнага, яны прыйшлi дзеля злачынства. Але ўсё роўна - невялiкая рознiца; прынамсi, мне так падумалася тады. Мяне прыгнятала гэтае скопiшча людзей у зачыненай з усiх бакоў задушлiвай зале. Я паўзiраўся вакол, але не здолеў разгледзець нiводнага твару. Спачатку, вiдаць, да мяне яшчэ не даходзiла, што ўвесь гэты люд прыйшоў, каб убачыць мяне. Звычайна нiхто не цiкавiўся маёю асобай. I мне давялося зрабiць намаганне, раней чым я ўсвядомiў, што ўся гэтая ажытацыя - праз мяне. Тады я сказаў жандару: - Ну i народу! Ён адказаў, што ўсё гэта з-за газет, i паказаў на гурт людзей, якiя тоўпiлiся вакол стала побач з лавай прысяжных. - Вунь яны. Я запытаўся: - Хто? Тады ён паўтарыў: - Газетчыкi. Ён ведаў аднаго журналiста, i той якраз заўважыў яго i накiраваўся да нас. Гэта быў пажылы сiмпатычны чалавек з крыху маршчынiстым тварам. Ён горача павiтаўся з жандарам за руку. I тады я заўважыў, што ўсе вакол таксама пацiскаюць адзiн аднаму рукi, аклiкаюць знаёмых, гутараць, - нiбы ў нейкiм клубе, дзе ўсе ведаюць адзiн аднаго i рады сустрэчы з людзьмi свайго кола. Тады я зразумеў, адкуль у мяне такое дзiўнае пачуццё, нiбы я тут лiшнi, як чужанiца. Але журналiст усмiхнуўся, павярнуўся да мяне i сказаў: - Спадзяюся, усё для вас скончыцца добра. Я падзякаваў, i ён сказаў зноў: - Вы, напэўна, ведаеце - мы крыху асвяцiлi вашую справу ў прэсе. Для газет лета - пусты сезон. Апроч вас ды гэтага бацьказабойцы, нiчога вартага не было. Ён паказаў на гурт людзей, ад якiх толькi што адышоў, i кiўнуў на маленькага таўстуна ў вялiкiх чорных акулярах, якi быў падобны да добра адкормленай ласкi. - Гэта спецыяльны карэспандэнт адной парыжскай газеты, - паведамiў ён. Праўда, ён прыехаў не дзеля вас. Але ўсё роўна яму рабiць справаздачу на працэс бацьказабойцы, дык яго папрасiлi напiсаць i пра вашу справу. Я зноў ледзь не падзякаваў яму. Але своечасова падумаў, што гэта выглядала б смешна. Журналiст сардэчна махнуў мне рукой i адышоўся. Мы чакалi яшчэ колькi хвiлiн. Увайшоў мой адвакат, ён быў у мантыi, з усiх бакоў яго абступалi калегi. Спачатку ён рушыў да журналiстаў i пачаў пацiскаць iм рукi. Яны жартавалi, смяялiся i мелi ўвогуле даволi вясёлы i задаволены выгляд, пакуль у судовай зале не пачуўся званок. Тады ўсе разышлiся на свае месцы. Адвакат падышоў да мяне, пацiснуў руку i параiў на ўсе пытаннi адказваць сцiсла, самому нiякай iнiцыятывы не выяўляць i ў астатнiм пакласцiся на яго. Я пачуў, як злева рыпнула крэсла, i, павярнуўшыся, убачыў высокага, стройнага чалавека ў чырвоным, з прышчэпленым на носе пенснэ. Ён дбайна расправiў мантыю i сеў. Гэта быў пракурор. Судовы выканаўца абвясцiў: - Суд iдзе. I адначасова пад столлю загулi два вялiзныя вентылятары, а ў дзвярах узнiклi тры суддзi - два ў чорным, трэцi ў чырвоным. Пад пахай у кожнага тырчала папка. Яны вельмi хутка прайшлi да трыбуны, якая ўзвышалася над усёй залай, i селi. Той, што быў у чырвонай мантыi, сеў пасярэдзiне. Ён зняў сваю квадратную шапачку i, абцершы насоўкаю вузкi голы чэрап, абвясцiў, што слуханне справы адкрыта. Журналiсты ўжо трымалi ручкi напагатоў. Ва ўсiх быў аднолькавы - абыякавы i крыху кплiвы выгляд. Праўда, адзiн, многа маладзейшы за астатнiх, у шэрым фланелевым гарнiтуры i сiнiм гальштуку, паклаў сваю ручку на стол i пазiраў на мяне. На яго трошкi перакошаным твары я не ўбачыў нiчога, апроч двух вялiкiх i вельмi светлых вачэй, якiя ўтаропiлiся на мяне без усялякага пэўнага пачуцця. У мяне ўзнiкла ўражанне, нiбыта я сам гляджу на сябе. Напэўна, ад гэтага дзiўнага ўражання i ад таго, што я проста не ведаў тутэйшых звычаяў, я не зусiм добра зразумеў, што адбылося пасля: лёсаваннем выбралi прысяжных, старшыня задаў некалькi пытанняў адвакату, пракурор - засядацелям (кожны раз галовы прысяжных усе разам паварочвалiся да суддзяў), потым хутка прачыталi абвiнаваўчы акт, у якiм я пачуў знаёмыя мне назвы мясцiн i iмёны людзей, i задалi яшчэ некалькi пытанняў адвакату. Нарэшце старшыня сказаў, што суд пераходзiць да допыту сведак. Судовы выканаўца пачаў называць прозвiшчы, якiя прыцягнулi маю ўвагу. Я ўбачыў, як з дагэтуль яшчэ безаблiчнага натоўпу адзiн за адным уставалi i знiкалi за бакавымi дзвярыма дырэктар прытулку, брамнiк, стары Томас Перэс, Раймон, Масон, Саламано, Мары. Раней як выйсцi, Мары ўсхвалявана махнула мне рукой. Мяне здзiўляла, чаму я не заўважыў iх раней. I тут назвалi апошняе прозвiшча, гэта быў Селест. Ён устаў, i я ўбачыў побач з iм тую маленькую жанчыну, якую сустрэў у рэстаране. Яна была ў той самай камiзэльцы i, як i тады, мела падцягнуты i рашучы выгляд. Яна пiльна глядзела на мяне. Але я не паспеў нiчога падумаць, бо слова зноў узяў старшыня. Ён сказаў, што цяпер пачнуцца сапраўдныя спрэчкi бакоў, i таму ён лiчыць залiшнiм прасiць публiку захоўваць спакой. Ён тут, маўляў, дзеля таго каб бесстаронна кiраваць слуханнем справы i садзейнiчаць яе аб'ектыўнаму разгляду. Прысуд, вынесены прысяжнымi засядацелямi, мае быць прыняты згодна з духам правасуддзя, i таму пры сама малым iнцыдэнце ён, старшыня, вымушаны будзе ачысцiць залу. Спёка павялiчвалася, я бачыў, як прысутныя ў зале абмахваюцца газетамi. З усiх бакоў чуўся няспынны шолах пакамечанай паперы. Старшыня зрабiў знак судоваму выканаўцу, i той прынёс тры вееры з плеценай саломкi, якiя суддзi адразу пусцiлi ў ход. Неўзабаве пачаўся мой допыт. Старшыня дапытваў мяне спакойна i нават, як мне здалося, з пэўнай сардэчнасцю. Мяне зноў папрасiлi засведчыць маю асобу, i я, нягледзячы на некаторую прыкрасць, падумаў, што, урэшце, пытанне гэта даволi натуральнае, бо судзiць аднаго чалавека замест другога было б недаравальнай памылкай. Потым старшыня пачаў апавядаць пра тое, што я зрабiў, i праз кожныя тры фразы пытаўся ў мяне: - Цi так гэта было? Як таго раiў мне адвакат, я коратка адказваў: - Так, пане старшыня. Расказ цягнуўся доўга, старшыня iмкнуўся не прапусцiць нiякай дробязi. Журналiсты ўвесь час пiсалi. Я адчуваў на сабе толькi позiркi сама маладога i маленькай жанчыны, што сядзела нерухома, як аўтамат. Прысяжныя на трамвайнай лаўцы ўсе да аднаго глядзелi на старшыню. Нарэшце той кашлянуў, прагартаў яшчэ раз дасье i, абмахваючыся веерам, павярнуўся да мяне. Ён аб'явiў, што мае задаць мне некалькi пытанняў, якiя на першы погляд не тычацца дадзенай справы, але, вiдаць, звязаны з ёю сама непасрэдным чынам. Я зразумеў, што зараз ён зноў будзе пытацца пра маму, i мне зрабiлася нудна. Ён спытаў, чаму я аддаў маму ў прытулак. Я адказаў, што ў мяне не ставала грошай, каб даглядаць яе дома. Тады ён запытаўся, цi цяжка мне асабiста было перажыць нашую ростань, i я адказаў, што апошнiм часам мы з мамай ужо нiчога не чакалi адно ад аднаго, як, зрэшты, i нi ад каго наогул, i таму мы хутка прызвычаiлiся да новых абставiн у нашым жыццi. Тады старшыня сказаў, што болей не хоча паглыбляцца ў гэтыя акалiчнасцi, i спытаў у пракурора, цi мае ён задаць якiя iншыя пытаннi. Той павярнуўся да мяне амаль што спiнай i, нават не зiрнуўшы на мяне, заявiў, што з дазволу пана старшынi яму цiкава было б даведацца, цi меў я намер забiць араба, калi адзiн вярнуўся да крынiцы. Я сказаў: - Не. - Тады чаму ж ён узяў рэвальвер i навошта пайшоў менавiта на гэтае месца? Я сказаў, што гэта здарылася выпадкова. Пракурор з нейкаю злою ноткай у голасе прамовiў: - Пакуль што ў мяне ўсё. Далей усё пайшло крыху бязладна - прынамсi, мне так здалося. Але нарэшце, параiўшыся са сваiмi памочнiкамi, старшыня абвясцiў, што слуханне справы перапыняецца i допыт сведак пераносiцца на другую палову дня. Я не паспеў яшчэ нiчога ўразумець, як мяне вывелi з залы, пасадзiлi ў машыну i завезлi ў турму, дзе мяне чакаў абед. Праз некаторы час - якраз калi я, пад'еўшы, пачаў адчуваць, наколькi стамiўся, - па мяне прыйшлi, i ўсё пачалося зноў. Я зноў апынуўся ў той самай зале, перад тымi самымi тварамi. Але цяпер задуха была яшчэ большая, i ў руках у кожнага з прысяжных, у пракурора, адваката i некаторых журналiстаў нiбы цудам таксама ўзнiклi саламяныя вееры. Малады журналiст i жанчына-аўтамат сядзелi на ранейшых месцах. Яны не абмахвалiся i толькi моўчкi глядзелi на мяне. Я абцёр пот, якi залiваў мне ўвесь твар, але здолеў прыйсцi ў сябе i крыху агледзецца толькi тады, калi ў залу выклiкалi дырэктара прытулку. У яго спыталi, цi былi ў мамы якiя скаргi на мяне, i ён адказаў - былi, але ва ўсiх прытулкоўцаў гэта амаль што манiя - скардзiцца на сваiх крэўных. Старшыня папрасiў удакладнiць, цi папракала мяне мама за тое, што я аддаў яе ў прытулак, i дырэктар зноў сказаў, што - было. Але гэтым разам нiчога не дадаў. На наступнае пытанне ён адказаў, што на пахаваннi яго больш за ўсё здзiвiў мой спакой. Яго папрасiлi растлумачыць, што ён разумее пад гэтым словам. Тады дырэктар зiрнуў на свае чаравiкi i сказаў, што ў той дзень я не выявiў жадання паглядзець на маму i нi разу не заплакаў, а потым - з'ехаў адразу пасля пахавання, не застаўшыся нават пасядзець каля магiлы. I яшчэ яго ўразiла, што - як сказаў яму службовец з пахавальнага бюро - я нават не ведаў, колькi маме гадоў. На нейкi момант у зале запанавала цiшыня, i старшыня папрасiў дырэктара пацвердзiць, што ўсё сказанае iм тычыцца менавiта мяне. Дырэктар не зразумеў пытання, i старшыня быў вымушаны растлумачыць: - Гэтага патрабуе закон. Потым старшыня запытаўся ў пракурора, цi будуць у яго якiя пытаннi да сведкi, але пракурор усклiкнуў: - О не! Гэтага дастаткова. Яго твар свяцiўся ад радасцi, i ён кiнуў на мяне такi пераможны позiрк, што - упершыню за апошнiя гады - у мяне ўзнiкла недарэчнае жаданне заплакаць. Я раптам адчуў, наколькi мяне ненавiдзяць усе гэтыя людзi. Старшыня папытаўся ў прысяжных i адваката, цi, можа, у iх ёсць якiя пытаннi да дырэктара, i потым загадаў выклiкаць брамнiка. З iм, як i з усiмi, паўтарылася тая ж цырымонiя. Брамнiк увайшоў, хутка зiрнуў на мяне i, адвёўшы вочы, пачаў адказваць на пытаннi. Ён расказаў, што я не хацеў паглядзець на маму, што я палiў, спаў, што я пiў каву з малаком. Я адчуў, як па зале пракацiлася быццам нейкая хваля, i першы раз усвядомiў, што я - вiнаваты. Брамнiка папрасiлi яшчэ раз паўтарыць расказ пра каву з малаком i цыгарэты. Пракурор пазiраў на мяне з iранiчным бляскам у вачах. Але ў гэту хвiлiну адвакат запытаўся ў брамнiка, цi не палiў ён разам са мной. Пракурор адразу ўскочыў i катэгарычна запратэставаў супраць такога пытання: - Нарэшце, хто тут злачынца, i што гэта за метады, якiя iмкнуцца адно зняславiць сведкаў абвiнавачвання i прынiзiць iх сведчаннi, якiя ў любым выпадку застаюцца не меней пераканаўчыя! Нягледзячы на гэта, старшыня папрасiў брамнiка адказаць на пытанне. Стары сумеўся i прабалбатаў: - Я разумею, што не меў рацыi. Але калi пан прапанаваў мне цыгарэту, я не асмелiўся яму адмовiць. Нарэшце ў мяне спыталi, што я хачу дадаць да ўсяго сказанага. Я адказаў: - Нiчога. Акрамя таго, што сведка кажа праўду. Цыгарэту сапраўды прапанаваў яму я. Брамнiк зiрнуў на мяне крыху здзiўлена i з нейкай удзячнасцю. I пасля невялiкага вагання заявiў, што каву з малаком прапанаваў мне ён. Адвакат адразу ўскочыў i пераможна абвясцiў, што панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы, як яны таго заслугоўваюць. Але пракурор тут жа ўзвiўся таксама i з гнеўным абурэннем сказаў: - Так, панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы. I яны прыйдуць да высновы, што чалавек пабочны мог прапанаваць кавы. Але сын мусiў адмовiцца ад яе перад целам той, хто спарадзiў яго на свет. Брамнiк вярнуўся на сваё месца ў зале. Калi настала чарга Томаса Перэса, судоваму выканаўцу прыйшлося яго падтрымлiваць, каб падвесцi да перагародкi перад суддзямi. Перэс сказаў, што, уласна, ведаў толькi маю мацi, а мяне бачыў толькi раз, у дзень пахавання. У яго запыталiся, што я рабiў у той дзень,i ён адказаў: - Разумееце, мне ў той дзень было вельмi цяжка. I я нiчога не бачыў. Я не мог нiчога ўбачыць праз вялiкае гора. Бо для мяне гэта было сапраўды вялiкае гора. Аднойчы я нават страцiў прытомнасць. I таму я проста не здолеў разгледзець гэтага пана. Тады пракурор спытаўся, цi бачыў ён, прынамсi, каб я плакаў. I Перэс адказаў - не. Пракурор павярнуўся да мяне i заявiў: - Панове прысяжныя ацэняць гэта. Але мой адвакат незалюбiў. Ён устаў i, як мне здалося, перабольшана абыходлiвым голасам запытаўся ў Перэса, "цi бачыў ён, што я не плакаў". I Перэс сказаў: - Не. У зале пачуўся смяшок. I адвакат, закасаўшы адзiн рукаў, катэгарычна заявiў: - Вось вам аблiчча гэтага працэсу. Усё тут праўда - i нiчога не праўда! Пракурор сядзеў пануры i моўчкi тыкаў алоўкам у вокладку на дасье. Пасля пяцiхвiлiннага перапынку, за час якога адвакат паспеў мне паведамiць, што ўсё пакуль iдзе як найлепш, у залу выклiкалi Селеста. Ён выступаў з боку абароны, гэта значыць - за мяне. Час ад часу ён кiдаў на мяне позiркi i камячыў у руках панаму. Ён быў у сваiм новым гарнiтуры, якi часам надзяваў у нядзелю, калi мы разам хадзiлi на скачкi. Але сёння, па-мойму, ён не надзеў крухмальнага каўняра, бо пiнжак, каб схаваць кашулю, быў зашпiлены зверху на медны гузiк. У яго папыталiся, цi быў я яго клiентам, i ён адказаў: - Так, але, апроч таго, ён быў маiм сябрам. Што ён думае пра мяне? Што, на яго думку, я - сапраўдны чалавек. Што ён пад гэтым разумее? Кожны сам разумее, што гэта значыць. Цi заўважыў ён, што я - чалавек негаваркi? Ён толькi можа прызнаць, што я нiколi не гаварыў, каб проста мянцiць языком. Пракурор запытаўся, цi спраўна я плацiў па рахунках. Селест засмяяўся i сказаў: - Гэтыя дробязi датычацца толькi нас. Потым у яго папыталiся, што ён думае пра маё злачынства. Тады ён узяўся рукамi за перагародку, i ўсе адразу зразумелi, што ён нешта падрыхтаваў. - Па-мойму, - сказаў ён, - гэта няшчасце. Гэта няшчасце, i ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нiкому. Дык вось, па-мойму, - гэта проста няшчасце! Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў i сказаў, што ён можа iсцi. Селест крыху сумеўся i ўсё ж заявiў, што мае сказаць яшчэ некалькi слоў. Яго папрасiлi быць сцiслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку, гэта проста няшчасце. Старшыня перапынiў яго: - Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы i сабралiся тут, каб разбiраць падобнага роду няшчасцi. Вельмi вам удзячны. Селест, вiдаць, сказаў ужо ўсё, што думаў, усё, на што быў здольны. Ён павярнуўся да мяне, i мне здалося, што вочы ў яго налiлiся слязьмi, яго вусны дрыжалi. Усiм выглядам ён пытаўся, чым можа дапамагчы мне яшчэ. Я змаўчаў, я нават не зварухнуўся, але тое было першы раз у жыццi, калi мне захацелася пацалаваць мужчыну. Старшыня зноў загадаў Селесту заняць сваё месца ў зале. Той адышоўся i сеў. Усю рэшту суда ён сядзеў там, нерухомы, крыху схiлiўшыся наперад, i, абапiраючыся локцямi на каленi, камячыў у руках панаму i слухаў прамовы астатнiх. Увайшла Мары. На ёй быў капялюшык, якi вельмi ёй пасаваў. Праўда, мне больш падабалася, калi валасы ў яе распушчаныя. Са свайго месца я ўгадваў мяккi выгiн яе грудзей, пазнаваў як заўжды крыху выпнутую нiжнюю губку. Было вiдаць, што яна хвалюецца. У яе адразу спыталi, калi яна са мной пазнаёмiлася. I яна назвала той час, калi працавала ў канторы. Старшыня пацiкавiўся, у якiх яна са мною адносiнах. I Мары сказала, што яна мая сяброўка. На наступнае пытанне яна адказала, што сапраўды збiралася выйсцi за мяне замуж. I тут пракурор, гартаючы свае паперы, неяк знянацку запытаўся, калi пачалася нашая сувязь. Яна назвала дзень. I пракурор нiбы абыякавым тонам зазначыў, што гэта, здаецца, прыпадае якраз на заўтра пасля мамiнага пахавання. Пасля, з лёгкай iронiяй, ён заявiў, што не хацеў бы настойваць на такiх далiкатных абставiнах i добра разумее няёмкасць, якую, вiдаць, адчувае Мары, але (i тут яго голас счарсцвеў) абавязак прымушае яго быць вышэй за гэтыя ўмоўнасцi. Ён папрасiў, каб Мары сцiсла распавяла, як прайшоў той дзень, калi я яе спазнаў. Мары не хацела нiчога гаварыць, але ўсё ж саступiла настойлiвасцi пракурора i расказала, што спачатку мы былi на пляжы, потым хадзiлi ў кiно, а пасля - пайшлi да мяне. Пракурор заявiў, што пасля паказанняў, якiя Мары дала на следстве, ён пацiкавiўся, што iшло ў кiнатэатрах у той дзень. I дадаў, што зараз Мары сама скажа, што тады паказвалi. I яна, нейкiм амаль зусiм згаслым голасам, сказала, што гэта быў фiльм з Фернандэлем. Калi яна змоўкла, у зале запанавала абсалютная цiшыня. Пракурор вельмi велiчна ўстаў i, як мне здалося, напраўду ўсхваляваным голасам, цягуча прамовiў, паказваючы на мяне пальцам: - Вось, панове прысяжныя, чалавек, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi iдзе купацца ў моры, а потым распачынае выпадковую сувязь i забаўляецца, гледзячы камедыйны фiльм. Больш мне няма чаго дадаць. Ён сеў. У зале па-ранейшаму стаяла цiшыня. I тут, раптам, Мары не стрымалася i зарыдала, яна сказала, што ўсё гэта няпраўда, што ўсё гэта зусiм не так, яе прымушалi казаць зусiм не тое, што яна хацела, бо яна мяне добра ведае, i я нiколi не рабiў нiчога благога. Але па знаку старшынi судовы выканаўца вывеў яе з залы, i слуханне справы пайшло далей. Наступных сведкаў амаль нiхто ўжо не слухаў. Так было з Масонам, якi заявiў, што я чалавек сумленны, "i ён нават болей скажа - чалавек прыстойны". Так было i з Саламано, якi прыгадаў, што я заўсёды быў добры з яго сабакам, а на пытанне пра маму адказаў, што нам не было пра што гаварыць, i таму я аддаў яе ў прытулак. - Гэта ж таксама трэба разумець, - казаў Саламано, - гэта ж таксама трэба разумець. Але, здаецца, нiхто не разумеў. Яго вывелi. Потым настала чарга Раймона, ён быў апошнi. Раймон зрабiў мне прывiтальны жэст i адразу заявiў, што я невiнаваты. Але старшыня перапынiў яго i сказаў, што ад яго патрабуюць даваць не ацэнкi, а факты. I папрасiў Раймона адказваць толькi на зададзеныя пытаннi. Тады ў яго спыталi, якiя сувязi ў яго былi з ахвярай. Раймон скарыстаўся гэтым, каб заявiць, што араб ненавiдзеў яго асаблiва пасля таго як ён даў поўху ягонай сястры. Але старшыня запытаўся, цi не было ў ахвяры прычын ненавiдзець таксама i мяне. Раймон заявiў, што на пляжы я тады апынуўся выпадкова. Пракурор запярэчыў - як жа тады адбылося, што лiст, якi стаў вытокам усёй гэтай драмы, быў напiсаны маёю рукой? Раймон адказаў, што гэта таксама чысты выпадак. Але пракурор заявiў, што выпадак адыгрывае ўжо занадта кепскую ролю ў гэтай гiсторыi. Цi выпадкова, што я не ўмяшаўся, калi Раймон даў поўху сваёй каханцы? Цi выпадкова, што я быў яго сведкам у камiсарыяце? I цi выпадкова, зноў жа, што сведчаннi, як гэта было выяўлена, я даў толькi са спагады Раймону? Пасля ўсяго гэтага пракурор пацiкавiўся, на якiя сродкi Раймон жыве, i калi той адказаў: "Працую кладаўшчыком", - пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў, што - як гэта вядома ўсiм - сведка займаецца сутэнёрствам! А я - яго памагаты i сябрук. Карацей кажучы, мы маем перад сабой надзвычай амаральную справу сама нiзкага гатунку, абцяжараную ў дадатак яшчэ тым, што галоўны дзейнiк у ёй - сапраўдная бездухоўная пачвара. Раймон хацеў быў пайсцi ў абарону, адвакат таксама запратэставаў, але iх папрасiлi даць пракурору кончыць. - Мне амаль няма чаго дадаць, - сказаў той i запытаўся ў Раймона: - Цi быў ён вашым сябрам? - Так, - адказаў ён, - ён быў маiм прыяцелем. Тады пракурор задаў тое самае пытанне мне. Я зiрнуў на Раймона, той глядзеў проста мне ў вочы. - Так, - сказаў я. Пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў: - Вось, гэта той самы, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi аддаваўся бруднай распусце, а потым без дай прычыны забiў чалавека, каб прыхаваць сляды яшчэ адной амаральнай гiсторыi, якой нават цяжка знайсцi азначэнне. Ён сеў. Мой адвакат з нецярплiвасцю ўскочыў i, узняўшы рукi да неба, так што з-пад рукавоў стала вiдаць накрухмаленыя манжэты белай кашулi, усклiкнуў: - Нарэшце! У чым вiнавацяць гэтага чалавека? У тым, што ён пахаваў сваю мацi, цi ў тым, што ўчынiў забойства? У зале пачуўся смех. Але пракурор зноў устаў i, захiнуўшыся ў мантыю, заявiў, што трэба мець вялiкую вынаходлiвасць шаноўнага абаронцы, каб не заўважаць, якая глыбокая, пачварная i непарыўная сувязь ляжыць памiж гэтымi на першы погляд рознымi фактамi. - Але! - голасна ўсклiкнуў ён. - Я вiнавачу гэтага чалавека ў тым, што ён хаваў сваю мацi з сэрцам злачынцы! Гэтыя словы, здаецца, моцна ўсхвалявалi публiку. Адвакат пацiснуў плячыма i выцер з iлба пот. Вiдаць, ён быў уражаны таксама, i я зразумеў, што справы мае iдуць кепска. На сёння паседжанне было скончана. Выходзячы з Палаца правасуддзя, каб сесцi ў турэмную машыну, я на кароткi час адчуў знаёмы пах i фарбы летняга вечара. I потым, седзячы ў сутоннi маёй перасоўнай камеры, я нiбы праз млявую смугу пазнаваў гукi некалi блiзкага мне горада, якi я любiў, - тыя гукi, што заўсёды чулiся ў гэты час, калi мне здаралася быць шчаслiвым. Крык прадаўцоў газет у ацiхлым ужо паветры, шчабятанне запозненых птушак у скверы, зазыўныя воклiчы гандляроў пiражкамi, трамвайны енк на крутых паваротах вулiц i шолах неба над портам, што рыхтуецца да блiзкай ночы, - гэты добра вядомы мне шлях я рабiў цяпер, як сляпы. Так, гэта быў той час, калi я, ужо вельмi-вельмi даўно, адчуваў сябе шчаслiвым. Я ведаў тады, што наперадзе мяне чакае сон, лёгкi сон без нiякiх мрояў. Але цяпер нешта змянiлася, бо цяпер перад сустрэчай з заўтрашнiм днём мяне чакала камера. I выходзiла так, што той знаёмы шлях, накрэслены ў летнiм вячэрнiм небе, мог весцi да турмы, як раней вёў да цiхамiрных сноў. IV Нават на лаве падсудных цiкава паслухаць, што пра цябе кажуць iншыя. I магу вас запэўнiць, што ў пракуроравай i адвакатавай прамовах пра мяне было сказана нямала - бадай, нават больш пра мяне, як пра маё злачынства. Ды, зрэшты, цi так ужо яны адрознiвалiся, гэтыя прамовы, адна ад адной? Адвакат ускiдаў рукi да неба i прызнаваў мяне вiнаватым, але шукаў розных апраўданняў. Пракурор працягваў рукi да публiкi i выкрываў маю вiнаватасць, але нiякiх апраўданняў ёй не бачыў. Нешта мяне ўсё ж непакоiла. I нягледзячы на ўсе засцярогi, мне часам дужа карцела ўцiснуць сваё слова, але ў такую хвiлiну адвакат гаварыў: - Маўчыце, гэтак будзе лепей для справы. I справа абмяркоўвалася так, нiбы мяне тут i не было. Без нiякага майго ўдзелу. Мой лёс вырашалi, не пытаючыся маёй думкi. Часам мне рупiла спынiць iх i сказаць: "Слухайце, нарэшце, хто тут падсудны? То ж не звычайная рэч - быць падсудным. Я таксама маю нешта сказаць". Але, як падумаць, мне не было чаго казаць. Дый, трэба прызнаць, жаданне займаць чыюсьцi ўвагу трывае не вельмi доўга. Мяне, напрыклад, пракурорава прамова стамiла вельмi хутка. Уразiлi i запомнiлiся толькi асобныя ўрыўкi, жэсты цi напышлiвыя фразы, зусiм, аднак, адарваныя ад усяго астатняга, што ён казаў. Сэнс яго думкi, калi я добра зразумеў, зводзiўся да таго, што забойства было ўчынена мною наўмысна. Прынамсi, ён стараўся гэта давесцi. Ён так i казаў: - Я дакажу вам гэта, панове, i дакажу двойчы. Спачатку ў асляпляльным святле фактаў i потым - у змрочным святле псiхалогii гэтай злачыннай душы. Ён сцiсла яшчэ раз пералiчыў усё, што адбылося пасля мамiнай смерцi. Нагадаў пра маю нячуласць, пра тое, што я не ведаў, колькi маме гадоў, i што назаўтра хадзiў на пляж з жанчынай, а пасля - у кiно на Фернандэля, i прывёў з сабой дадому Мары. Тут я не адразу яго зразумеў, бо ён казаў пра "каханку", а яна для мяне была проста - Мары. Нарэшце ён дайшоў да гiсторыi з Раймонам. Я адзначыў, што яго разважаннi не пазбаўлены логiкi. Тое, як ён выстройваў факты, было вельмi верагодна. Па згодзе з Раймонам я напiсаў лiст, каб завабiць яго каханку ў пастку i потым аддаць на гвалт чалавеку "сумнiцельнай маралi". На пляжы я справакаваў бойку з Раймонавымi ворагамi i, калi той быў паранены, узяў у яго рэвальвер i вярнуўся адзiн да крынiчкi, каб iм скарыстацца. Там, як было задумана, я забiў араба. Потым счакаў. I "каб упэўнiцца, што справа зроблена як мае быць", стрэлiў яшчэ чатыры разы, ужо не спяшаючыся, упэўнена i нават, калi так можна сказаць, з развагай. - Вось, панове, - сказаў пракурор, - я прасачыў перад вамi хаду падзей, якiя прывялi гэтага чалавека да забойства - забойства наўмыснага i свядомага. I я настойваю на гэтым. Бо перад намi не звычайнае злачынства, не проста безразважны ўчынак, якому можна было б знайсцi нейкiя апраўданнi. Гэты чалавек, панове, - разумны. Вы чулi, як ён гаворыць, праўда? Ён умее адказваць. Ён ведае цану слову. I пра яго нельга сказаць, каб ён дзейнiчаў, не разумеючы, што ён робiць. Я слухаў i, вядома, чуў, што мяне лiчаць разумным. Але нiяк не мог зразумець, чаму звычайныя якасцi звычайнага чалавека раптам абарочваюцца неабвержным доказам вiны падсуднага. Гэта ўразiла мяне настолькi што я нават перастаў слухаць пракурора i зноў пачуў яго словы толькi тады, калi ён сказаў: - Але цi раскайваўся ён ва ўчыненым? Не, панове, нiколi! Нiводнага разу за ўвесь той час, пакуль iшло следства, гэтага чалавека не ўсхвалявала думка, што ён зрабiў жахлiвае злачынства. Ён павярнуўся да мяне i, тыкаючы ў мой бок пальцам, зноў пачаў мяне прабiраць, хоць я, па праўдзе кажучы, не надта разумеў за што. Бадай, толькi ў адным ён меў рацыю. Я сапраўды не вельмi раскайваўся ў сваiм учынку. Але чаму гэта яго так раз'юшыла, мне было дзiўна. Мне б шчыра хацелася паспрабаваць растлумачыць яму, амаль па-сяброўску, што я наогул нiколi нi ў чым не раскайваўся па-сапраўднаму. Мяне заўжды захапляла толькi тое, што яшчэ мусiла здарыцца - сёння цi заўтра. Але, вядома, у тым становiшчы, у якое мяне паставiлi, я не мог дазволiць сабе размаўляць з кiм-небудзь падобным тонам. Я проста не меў права выяўляць сардэчнасць цi быць добразычлiвым. I я вырашыў слухаць пракурора далей, бо ён якраз пачаў гаварыць пра маю душу. Ён сказаў, што паспрабаваў зазiрнуць у яе, але на жаль - панове прысяжныя! - ён яе не знайшоў. У сапраўднасцi ў мяне наогул няма душы i нiшто чалавечае, нiякiя маральныя прынцыпы, якiя абараняюць людскiя душы ад лiха, мне не даступныя. - Мы, безумоўна, не можам папракаць яго за гэта, - дадаў ён. - Калi ў яго няма душы, нам застаецца толькi пашкадаваць, што ён не здолеў яе набыць. Але тут суд павiнен адкiнуць усякую памяркоўнасць, як непрыдатную ў гэтых абставiнах, i абярнуць яе ў iншую дабрачыннасць, няхай болей цяжкую, але i болей высокую - правасуддзе. Тым больш калi пустэча душы гэтага чалавека ператвараецца ў прорву, што пагражае пагiбеллю ўсяму чалавецтву. I тут ён зноў пачаў гаварыць пра мае адносiны з мамай. Ён паўтарыў усё, што ўжо казаў у спрэчках. Але апiсваў гэта намнога падрабязней i даўжэй за маё злачынства, так доўга, што я нарэшце перастаў яго слухаць i адчуваў толькi задушлiвую ранiшнюю спёку. Так было, прынамсi, да той хвiлiны, калi пракурор раптам спынiўся i пасля кароткай паўзы загаварыў зноў ужо цiхiм i пранiкнёным голасам: - Заўтра, панове прысяжныя, наш суд будзе разбiраць сама агiднае з усiх злачынстваў - бацьказабойства. Ён заявiў, што чалавечае ўяўленне адступае перад такiм пачварным замахам. Ён спадзяецца, што правасуддзе бязлiтасна пакарае злачынцу. Але - ён не баiцца гэтага сказаць - жах перад гэтым забойствам амаль не саступае таму, якi ён адчувае перад маёю нячуласцю. На яго думку, чалавек, якi маральна забiў сваю мацi, настолькi ж чужы грамадству, як той, што ўзнiмае руку на свайго бацьку. Ва ўсякiм выпадку, першы прадвызначыў учынкi другога, ён быў, у пэўным сэнсе, яго папярэднiкам i ўзаконiў яго злачынства. - Я ўпэўнены, панове, - дадаў ён, павысiўшы голас, - вы не палiчыце маю думку занадта смелай, калi я скажу, што гэты чалавек, якi сядзiць перад намi, вiнаваты i ў тым забойстве, якое мы будзем судзiць заўтра. I таму ён мусiць быць пакараны. Тут пракурор выцер твар, якi ўжо ўвесь блiшчаў ад поту. I нарэшце прамовiў: якi б нi быў цяжкi яго абавязак, ён выканае яго цвёрда i без ваганняў. Ён заявiў, што мне не месца ў грамадстве, спрадвечныя маральныя нормы якога я iгнарую, i я не маю права чакаць лiтасцi ад людзей, бо мне не вядомы сама элементарныя людскiя пачуццi. - Я патрабую ў вас галавы гэтага чалавека, - заявiў ён, - i раблю гэта з лёгкiм сэрцам. Бо нават калi мне за ўвесь той доўгi час, што я служыў правасуддзю, i даводзiлася патрабаваць смяротнай кары, дык яшчэ нiколi я не адчуваў так, як сёння, што гэты мой цяжкi абавязак абумоўлены, падмацаваны i асвечаны непазбежнаю i ўладнай неабходнасцю i тым жахам, якi выклiкае ў мяне звярыны выскал твару ў гэтага чалавека. Калi пракурор сеў, у зале яшчэ доўга стаяла цiшыня. Мае думкi зблыталiся ад спёкi i здзiўлення. Нарэшце старшыня крыху адкашляўся i цiха спытаўся, цi ёсць у мяне нешта сказаць. Я ўстаў, мне ўжо даўно хацелася загаварыць, i я сказаў, бадай, першае, што прыйшло ў галаву, - я зусiм не хацеў забiваць араба. Старшыня сказаў, што гэта ўжо нейкае сцверджанне, бо дагэтуль ён кепска разумеў маю абарончую сiстэму, але цяпер будзе рады, калi я да адвакатавай прамовы паспрабую растлумачыць, якiя прычыны прывялi мяне да такога ўчынку. Крыху блытаючыся ў словах i разумеючы, наколькi ўсё гэта выглядае смешна, я паспяшаўся сказаць, што галоўнаю прычынай было сонца. У зале пачулiся смяшкi. Мой адвакат пацiснуў плячыма, але яму якраз далi слова. Ён заявiў, што ўжо позна, а ў яго прамова на некалькi гадзiн, i таму ён просiць перанесцi паседжанне на другую палову дня. Суд пагадзiўся. Пасля абедзеннага перапынку вялiзныя вентылятары па-ранейшаму мясiлi густое паветра ў зале i зноў, як заведзеныя, варушылiся ў руках у прысяжных маленькiя шматкаляровыя веярочкi, усе з аднолькавай хуткасцю. Адвакатава прамова, здавалася, нiколi не кончыцца. Але ў нейкi момант я напружыў слых, бо ён сказаў: - Напраўду, я забiў. I далей, у тым жа духу, гаворачы пра мяне, ён паўсюль казаў "я". Мяне гэта здзiвiла. Я нахiлiўся да жандара i спытаў, чаму ён гэтак гаворыць. Той загадаў мне маўчаць, але праз пэўны час казаў: - Адвакаты заўсёды так робяць. I мне падумалася, што гэта - зноў дзеля таго, каб яшчэ больш аддалiць мяне ад справы, зусiм ператварыць у нiшто i нават, у пэўным сэнсе, замянiць мяне iншым. Зрэшты, я быў i так ужо вельмi далёка ад гэтае залы. I мой адвакат здаваўся мне смешным. Ён вельмi хутка прабалбатаў нешта пра тое, што я, маўляў, стрэлiў у араба, каб абаранiцца, бо той справакаваў мяне. Але затое пасля - вельмi доўга таксама гаварыў пра маю душу. I мне здалося, што таленту тут у яго намнога менш, чым у пракурора. - Я таксама зазiрнуў у гэту душу, - сказаў ён, - але насуперак шаноўнаму прадстаўнiку пракуратуры, я многа знайшоў там i магу сказаць, што я чытаў у ёй, як у разгорнутай кнiзе. Ён прачытаў у маёй душы, што я сумленны чалавек, што я спраўны, нястомны i адданы сваёй фiрме працаўнiк, чалавек усiмi паважаны, якi са спагадаю ставiцца да няшчасця iншых. На яго думку, я быў узорны сын, якi ўтрымлiваў сваю мацi, пакуль гэта было магчыма. Але нарэшце быў вымушаны аддаць яе ў прытулак, бо спадзяваўся, што там старая жанчына знойдзе большы камфорт, чым той, якiм мне дазвалялi акружыць яе мае невялiкiя сродкi. - Мяне здзiўляе, панове, - сказаў ён, - што вакол гэтага прытулку падняўся такi шум. Бо калi трэба знайсцi нейкi доказ у неабходнасцi падобных устаноў i ў iх высокiм прызначэннi, дык досыць сказаць хоць бы тое, што грошы на iх выдаткуе сама дзяржава. Аднак ён нiчога не сказаў пра пахаванне, i я адчуў, што гэтага ў яго прамове яўна бракуе. Але пасля ўсiх гэтых доўгiх фраз, бясконцых дзён i незлiчоных гадзiн, калi ўсе гаварылi пра маю душу, у мяне ўжо круцiлася ў галаве, нiбы я глядзеў у глыбокi вiр з каламутнай вадой. Памятаю толькi, як пад канец адвакатавай прамовы праз усе сцены i дзверы, праз усе пакоi i залы да мяне даляцеў гук дудкi, якой вулiчны гандляр марожаным зазываў пакупнiкоў. I раптам мяне апанавалi ўспамiны, я прыгадаў тое жыццё, якое, на жаль, мне ўжо больш не належала, тое жыццё, дзе я знаходзiў сама простыя i сама незабыўныя свае радасцi: летнiя пахi, мой любiмы квартал, колер неба перад захадам сонца, усмешкi i сукенкi Мары. Уся бязглуздзiца майго знаходжання ў гэтай зале камяком падкацiла да горла, i я захацеў толькi аднаго - каб усё гэта скончылася як мага хутчэй, каб мне зноў апынуцца ў камеры, упасцi на ложак i заснуць. Я невыразна пачуў, як на заканчэнне прамовы адвакат ускрыкнуў, што панове прысяжныя не захочуць аддаць смерцi сумленнага працаўнiка, якi загубiў сябе ў хвiлiну раптоўнага зацьмення, i папрасiў прыняць пад увагу змякчальныя акалiчнасцi, бо я ўжо ўсвядомiў усю жудасць майго злачынства, найцяжэйшаю карай за якое мне будзе вечны дакор, што я пранясу скрозь усё жыццё. Абвясцiлi перапынак, i адвакат упаў на крэсла, нiбы ў яго зусiм ужо не ставала сiлы. З усiх бакоў да яго падбеглi калегi, кожны iмкнуўся пацiснуць руку. Я пачуў: "Цудоўна, мой дарагi, проста цудоўна!" Адзiн нават узяў мяне ў сведкi: "Выдатная прамова, га?" Я кiўнуў, але ў маiм ухваленнi не было шчырасцi, проста я вельмi стамiўся. Мiж тым на дварэ пачынала шарэць, i спёка ўжо меншала. Па гуках, якiя даляталi з вулiцы, я здагадваўся, што там настае прыемнае сутонне. Мы чакалi. Але тое, чаго чакалi мы ўсе, датычылася толькi мяне. Я зноў агледзеў залу. Усё было так, як i ў першы дзень. Я сустрэўся позiркам з маладым журналiстам у шэрым пiнжаку i з той жанчынай, што па-ранейшаму сядзела як аўтамат. I тут мне падумалася, што з самага пачатку працэсу я чамусьцi нi разу не пастараўся знайсцi ў зале Мары. Я зусiм забыўся пра яе, але ж я быў такi заняты. Я адшукаў яе памiж Селестам i Раймонам. I яна адразу кiўнула, нiбыта кажучы: "Нарэшце!" Я ўбачыў яе крыху трывожны твар i ўсмешку. Але ў сэрцы маiм усё было сцята, i я нават не здолеў усмiхнуцца ў адказ. Вярнулiся суддзi. Вельмi хутка прысяжным быў прачытаны шэраг пытанняў. Я пачуў: "вiнаваты ў забойстве...", "наўмысна...", "змякчальныя акалiчнасцi". Потым прысяжныя выйшлi, i мяне завялi ў пакой, дзе я ўжо чакаў у першы дзень. Хутка да мяне прыйшоў адвакат, ён быў вельмi гаваркi i размаўляў са мною даверлiва i нават сардэчна, чаго раней ад яго я нiколi не чуў. Ён меркаваў, што ўсё iдзе добра, i я, вiдаць, абыдуся некалькiмi гадамi турмы або катаргi. Я запытаўся, цi можна падаць на касацыю, калi прыгавор будзе нешчаслiвы. Але ён сказаў - не. Тактыка яго прамовы заключалася ў тым, каб не высоўваць нiякiх пэўных прапаноў i тым самым не настройваць супраць нас прысяжных. Паводле яго слоў, у такiх працэсах, як мой, скасаваць прысуд не так проста, дзеля нейкiх дробязяў гэтага рабiць не стануць. Я палiчыў, што гэта натуральна, i цалкам пагадзiўся з яго думкаю. Бо калi на справу зiрнуць цвяроза, iначай i быць не павiнна. Гэта колькi б звялi паперы, каб можна было скасаваць любы прысуд. - Ва ўсякiм выпадку, - сказаў адвакат, - можна падаць просьбу на памiлаванне. Але я ўпэўнены, што ўсё для вас скончыцца шчаслiва. Чакалi мы доўга, хвiлiн, мусiць, сорак пяць. Але нарэшце пачуўся званок. Перад тым, як пакiнуць мяне, адвакат сказаў: - Зараз старшыня прачытае адказы прысяжных. Але вас упусцяць толькi, каб абвясцiць прысуд. З усiх бакоў заляскалi дзверы. Людзi пабеглi па лесвiцах, было незразумела - цi то далёка, цi блiзка? Потым з залы даляцеў глухi голас, якi нешта чытаў. I калi зноў пачуўся званок, дзверы ў адгародку для падсудных адчынiлiся i мяне ўразiла цiшыня, што панавала ў зале, цiшыня i гэтае дзiўнае пачуццё, якое ўзнiкла адразу, як я заўважыў, што малады журналiст адвёў вочы ўбок. Я не зiрнуў на Мары. Я проста не паспеў, бо старшыня ў нейкiх дзiўных выразах абвясцiў, што ад iмя французскага народа мне адсякуць галаву, што будзе зроблена публiчна, на гарадской плошчы. I тады, здаецца, я зразумеў, якое пачуццё было адбiта на ўсiх тварах. Па-мойму, гэта было нешта накшталт павагi. Жандары сталi са мной вельмi абыходлiвыя. Адвакат паклаў мне далонь на руку. I ўсе думкi вылецелi з маёй галавы. Але старшыня запытаўся, цi ёсць у мяне што дадаць. Я падумаў. I сказаў: - Не. I тады мяне вывелi з залы. V Я трэцi раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Мне няма чаго яму сказаць, i наогул - не хочацца гаварыць, бо я i так ужо хутка яго пабачу. Цяпер мяне цiкавiць iншае - цi можна вырвацца з гэтай машыны, цi ёсць нейкае выйсце з майго безвыходнага становiшча. Мяне перавялi ў iншую камеру. I цяпер, калi я ляжу на ложку, я бачу неба, толькi неба. I цэлымi днямi гляджу ў яго твар i назiраю за зменаю фарбаў, якiя вядуць ад ранку да ночы. Я ляжу, падаткнуўшы пад голаў рукi, i чакаю. Не ведаю, колькi разоў я задаваў сабе пытанне, цi былi выпадкi, каб асуджаны на смерць здолеў унiкнуць гэтай бязлiтаснай машыны, уцячы перад самым пакараннем, прарвацца скрозь палiцэйскiя заслоны. I я папракаў сябе за тое, што не звяртаў раней увагi на тыя апавяданнi, дзе расказвалася, як адбываецца пакаранне. Такiмi пытаннямi заўсёды трэба цiкавiцца. Хто ведае, што з табой можа здарыцца ў жыццi. Вядома, як i ўсе, я чытаў у газетах судовую кронiку. Але ж ёсць, безумоўна, i спецыяльныя выданнi, пацiкавiцца якiмi я, на жаль, часу не выбраў. А там, ужо напэўна б, я знайшоў не адно апiсанне ўцёкаў. I напэўна б, даведаўся, што хоць адзiн раз, ды быў такi выпадак, каб у гiльяцiне нешта заклiнавала, што хоць адзiн раз шанц i выпадак усё ж здолелi нешта змянiць у гэтым няўхiльным i наканаваным руху. Хоць адзiн раз! Па-мойму, мне i гэтага было б досыць. Рэшту зрабiлi б маё ўяўленне i сэрца. У газетах часта пiсалi пра нейкi доўг, якi злачынца нiбыта вiнен грамадству. I на iх думку, яго трэба было плацiць. Але што гэта дае ўяўленню? Iншая рэч - магчымасць уцячы, унiкнуць няўмольнага ахвяравальнага абраду i бегчы, бегчы без памяцi насустрач надзеi i ўдачы. Але ж вядома, якая тут надзея - на ўсiм бягу атрымаць кулю ў карак на першым жа рагу вулiцы. Аднак, калi добра падумаць, нiшто не абяцала мне нават гэтай раскошы, я быў пазбаўлены такога права, пачварная машына не выпускала мяне. Каб я нават вельмi захацеў, я не мог пагадзiцца з такою наглаю непазбежнасцю. Бо памiж прысудам, якi яе заснаваў, i тым спакоем, з якiм разгортвалiся падзеi пасля яго вынясення, iснавала да смешнага недарэчная неадпаведнасць. Тое, што прыгавор быў прачытаны а восьмай, а не, скажам, а пятай гадзiне, тое, што ён мог быць зусiм iншы, што прынялi яго людзi, у якiх сем пятнiц на тыднi, што да яго прычапiлi чамусьцi такое расплывiстае паняцце, як французскi народ (хоць з такiм самым поспехам тут можна было гаварыць i пра народ нямецкi або кiтайскi), - усё гэта, па-мойму, у значнай ступенi пазбаўляла сур'ёзнасцi падобнае рашэнне. Аднак я мусiў прызнаць, што з той секунды, калi яно было прынята, яго вынiкi рабiлiся настолькi ж безумоўнымi i адчувальнымi, як наяўнасць гэтай сцяны, да якой я цяпер прыцiскаўся спiнаю. У гэтыя хвiлiны я прыгадваў гiсторыю пра майго бацьку, якую расказвала мне мама. Сам я нiколi не бачыў яго. I ўсё, што больш-менш дакладна ведаў пра гэтага чалавека, было тое, што мне расказвала тады мама: аднойчы ён хадзiў глядзець на пакаранне нейкага забойцы. Яму рабiлася млосна ад адной думкi, што ён пойдзе туды. I ўсё ж ён пайшоў, а калi вярнуўся дахаты - ванiтаваў амаль усю ранiцу. Тады мне было крыху прыкра за такога бацьку. Але цяпер я разумеў яго - гэта ж было так натуральна. Як жа я мог не бачыць, што няма нiчога больш важнага за смяротную кару i што, увогуле, гэта адзiнае, на што чалавеку сапраўды цiкава паглядзець! Калi мне пашчасцiць выйсцi з гэтай турмы, я буду хадзiць на ўсе публiчныя пакараннi. Але мне, вядома ж, не варта было думаць пра такую магчымасць. Бо тады, ад адной толькi думкi, што я, вольны, буду стаяць на свiтанку за палiцэйскiм заслонам - па iншы бок, калi так можна сказаць, - i глядзець на ўсё як просты глядач, якi пасля мае права званiтаваць ад убачанага, - ад адной такой думкi радасць горкаю хваляй залiвала мне сэрца. А гэта было неразумна. Мне не варта было паддавацца такiм летуценням, бо ўжо праз хвiлiну мне рабiлася настолькi холадна, што я ўвесь скурчваўся пад коўдрай. I кляцаў зубамi, не маючы сiлы стрымацца. Але ж вядома, што быць заўсёды разумным немагчыма. Вось i я - пачынаў часам складаць свае праекты законаў. Рэфармаваў крымiнальны статут. Я раней яшчэ заўважыў, што сама галоўнае тут - пакiнуць асуджанаму хоць адзiн шанц на ратунак. Адзiн з тысячы, яго было б дастаткова, каб уладкаваць вельмi многае. Напрыклад, можна было б знайсцi такое хiмiчнае спалучэнне, якое забiвала б пацыента (гэта я так казаў у думках: "пацыента") у дзевяцi выпадках з дзесяцi. I пацыент бы пра гэта ведаў - такая была б умова. Бо калi добра ўсё ўзважыць i зiрнуць на справу спакойна, дык сама галоўная загана гiльянiцы якраз у тым, што яна не пакiдае нiякага шанцу, абсалютна нiякага. Карацей кажучы, яна гарантуе смерць пацыенту на ўсе сто адсоткаў. Справа тут вырашаная, нiякiх варыянтаў быць не можа, i ўсё адладжана настолькi, што ўжо i думаць няма пра што. I нават калi першы раз нейкiм цудам штосьцi выйдзе няўдала - нiчога, паўтораць. Адсюль, як гэта нi сумна, вынiкае, што асуджаны сам павiнен спадзявацца на добрае функцыянаванне машыны. I гэта, як я ўжо казаў, галоўная яе загана. Але так яно справядлiва толькi з аднаго боку. Бо з iншага, мушу прызнаць, якраз тут i тоiцца сакрэт добрай арганiзацыi пакарання. Асуджаны сам сваiмi паводзiнамi мусiць садзейнiчаць яго дакладнаму выкананню. Бо менавiта ён зацiкаўлены больш за ўсiх, каб справа была зроблена, як той казаў, без задзiрынкi. Апроч таго, я мусiў прызнаць, што меў даволi памылковыя ўяўленнi пра тое, што звязана з пакараннем. Я доўга меркаваў - ужо сам не ведаю чаму, - што калi iдзеш на гiльянiцу, трэба ўзыходзiць на эшафот, падымацца па прыступках. Вiдаць, гэта было пад уплывам рэвалюцыi 1789 года - я маю на ўвазе, пад уплывам таго, што нам пра яе расказвалi i паказвалi на карцiнках. Але аднойчы ўранку я прыгадаў фатаграфiю, якую бачыў у газетах, калi паўсюль пiсалася пра адно вельмi нашумелае забойства i пакаранне злачынцы. Дык вось - гiльяцiна стаяла проста на зямлi (прасцей, сапраўды, бадай што не прыдумаеш) i была намнога меншая, чым я сабе ўяўляў. Дзiўна, чаму я не прыгадваў пра гэта раней. Бо тады, памятаю, мяне вельмi ўразiў яе выгляд - такi дасканалы, закончаны, нiчога лiшняга. Звычайна, калi чаго-небудзь не ведаеш, у думках заўсёды пачынаеш перабольшваць. А на справе ўсё наадварот выходзiць вельмi проста, так i тут: прылада ставiлася якраз на адным узроўнi з чалавекам. I ён падыходзiў да яе, ну, зусiм так, нiбы iшоў насустрач знаёмаму. Па-мойму, гэта было надта ўжо сумна. Iншая справа, калi ўзыходзiш на эшафот, уздымаешся ў неба, - тут ёсць за што ўчапiцца ўяўленню. А ў нашым выпадку адладжаная механiка ўсё толькi псавала: вас забiвалi неяк вельмi ўжо сцiпла, нават крыху сарамлiва, але затое з вялiкай дакладнасцю. Было яшчэ дзве рэчы, пра якiя я ўвесь час думаў: гэта - свiтанак i просьба пра памiлаванне. Я, праўда, стараўся быць болей разумным i не думаць пра гэта. Выпростваўся на ложку, глядзеў на неба, прымушаў сябе назiраць за яго фарбамi. Але вось яно зелянела, i наставаў вечар. Мне зноў даводзiлася рабiць над сабой намаганне, каб збiць хаду думак. Я прыслухоўваўся да пульсавання сэрца. Немажлiва было ўявiць, што гэты гук, якi так доўга суправаджаў маё быццё, раптам можа спынiцца. Але ў мяне нiколi не было сапраўднага ўяўлення. Колькi я нi стараўся ўбачыць у думках тую секунду, калi ўдар сэрца ўжо не азавецца ў маёй галаве, - усё было дарэмна. Я не мог пазбавiцца ад думкi пра свiтанак i пра памiлаванне. I нарэшце вырашыў, што разумней за ўсё будзе сябе не прымушаць. Звычайна яны прыходзяць на свiтаннi, я гэта ведаў. I кожную ноч, увогуле, толькi тым i займаўся, што чакаў гэтага свiтання. Бо я нiколi не любiў, каб мяне заставалi знянацку. Калi ўжо нешта павiнна адбыцца, дык лепей, па-мойму, быць да яго заўсёды гатовым. Нарэшце, я амаль перастаў спаць, драмаў хiба што крыху ўдзень, а ўсе ночы напралёт цярплiва чакаў, калi ў небе за кратамi пачне займацца на дзень. Сама цяжкае было перажыць той трывожны час, калi яны звычайна рабiлi сваю справу. Ужо ад паўночы я пачынаў прыслухоўвацца i чакаў. Нiколi яшчэ мой слых не ўчуваў столькiх размаiтых гукаў, столькiх ледзь прыкметных шолахаў. Зрэшты, мне, у пэўным сэнсе, шанцавала, бо за ўвесь гэты час я нi разу не пачуў чыiх-небудзь крокаў. Мама часта казала, што чалавек нiколi не бывае безвыходна няшчасны. I я знаходзiў гэтаму доказ у турме, калi неба пачынала святлець i першыя промнi працiскалiся ў камеру. Бо ўсё магло быць iначай - я мог бы пачуць грукат крокаў, i маё сэрца раздзерлася б на кавалкi. Але нават тады, калi сама нязначны шоргат прымушаў мяне кiдацца да дзвярэй, калi я стаяў, прыпаўшы да iх шчакой, i з жахам прыслухоўваўся, пакуль не адчуваў ужо нiчога, апроч уласнага дыхання, якое палохала мяне сваёй сiпатой, падобнай да сабачага скавытання, нават тады - маё сэрца ўсё ж не раздзiралася i я выйграваў яшчэ дваццаць чатыры гадзiны на жыццё. Цэлы дзень мае думкi круцiлiся вакол просьбы пра памiлаванне. Але, па-мойму, яны прыносiлi мне якраз найбольшую карысць. Я прыкiдаў, якiмi могуць быць вынiкi, i ў сваiх разважаннях знаходзiў найбольшае суцяшэнне. Спачатку я дапускаў сама горшае: просьба адхiлена. "Што ж, значыць, я памру". Раней за iншых, што само сабой зразумела. Але нi для каго не сакрэт, што жыццё зусiм не вартае таго, каб за яго чапляцца. Па сутнасцi, вялiкай рознiцы няма, калi ты памрэш - у трыццаць гадоў цi ў семдзесят, - усё роўна пасля цябе застануцца жыць iншыя людзi, бо так яно заўсёды было i будзе яшчэ не адну тысячу год. Тут, увогуле, усё ясна. I калi б ты нi памёр, цяпер цi праз дваццаць гадоў, памiраць усё роўна давядзецца самому, замест цябе гэтага нiхто не зробiць. Адзiнае, што мяне яшчэ крыху бянтэжыла ў маiх разважаннях - гэта нейкi незразумелы штуршок, якi я адчуваў у сэрцы ад адной толькi думкi пра магчымасць пражыць яшчэ дваццаць гадоў. Такое пачуццё трэба было неяк заглушаць, i тады я казаў сабе, што яшчэ невядома, якiя ў мяне будуць думкi праз тыя дваццаць гадоў, калi ўсё роўна прыйдзецца вярнуцца да гэтага самага пытання. А калi памiраць усё роўна прыйдзецца, дык як i калi гэта здарыцца не мае, што само сабой зразумела, нiякага значэння. А значыць (i сама цяжкае было не забыцца, адкуль гэтае "значыць" вынiкае), значыць, я павiнен пагадзiцца з тым, што маю просьбу пра памiлаванне адхiляць. I вось цяпер - i толькi цяпер - я, калi так можна сказаць, меў права, я дазваляў сабе дапусцiць другую гiпотэзу: мяне памiлавалi. Прыкра было тое, што ў гэтым выпадку мне трэба было хоць крыху ўтаймаваць той гарачы парыў, якi бударажыў мне кроў, працiнаў усё цела, засцiлаў вочы безразважнаю радасцю. Трэба было суцiшыць гэты душэўны крык, пастарацца быць болей разумным. Трэба было, каб нават у гэтай гiпотэзе ўсё выглядала натуральна, бо iначай было б незразумела маё пакорлiвае прыняцце першай. I калi гэта ўдавалася, я выгадваў цэлую гадзiну спакою. Гэта, мiж iншым, таксама нешта значыла. Якраз у адзiн такi момант я чарговы раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Я ляжаў на ложку i па бляклай сiнi ў небе здагадваўся, што за акном настае летнi вечар. Толькi што я ў думках адхiлiў сваю просьбу i цяпер адчуваў, як роўна пульсуе ў маiх жылах кроў. У мяне зусiм не было патрэбы бачыць свяшчэннiка. Упершыню за многiя апошнiя днi я ўспомнiў пра Мары. Ужо даўно яна мне не пiсала. I ў той вечар я падумаў i сказаў сабе, што яна, вiдаць, стамiлася быць каханкай асуджанага на смерць. Мне падумалася таксама, што яна магла захварэць цi памерцi. Гэта ж было верагодна. I я не мог бы даведацца пра гэта, бо па-за абалонкаю нашых разлучаных цел нас цяпер не звязвала нiчога, нiшто не нагадвала нам пра iснаванне кожнага з нас. Зрэшты, калi б Мары памерла, успамiн пра яе не ўзбудзiў бы ўва мне нiякiх пачуццяў. Мёртвая, яна мяне не цiкавiла. Я лiчыў гэта нармальным, як i цудоўна разумеў, што пасля маёй смерцi на мяне ўсе забудуцца таксама. Нiкому да мяне ўжо не будзе нiякай справы. I я не магу нават сказаць, каб гэтая думка была мне цяжкая. Якраз у гэты момант зайшоў свяшчэннiк. Я крыху ўздрыгнуў, калi ўбачыў яго. I ён, заўважыўшы гэта, папрасiў мяне не палохацца. Я сказаў, што звычайна ён прыходзiў у iншы час. Ён адказаў, што зайшоў да мяне проста так, па-сяброўску, i гэта зусiм не звязана з маёю просьбаю пра памiлаванне, бо пра яе пакуль што яму нiчога не вядома. Ён усеўся на маiм ложку i запрасiў мяне сесцi побач. Я адмовiўся. Але выгляд у яго быў, па-мойму, вельмi лагодны. Нейкi час ён сядзеў, абапершыся локцямi на каленi, i, панурыўшы галаву, глядзеў на свае рукi. Яны былi вузкiя i моцныя i нагадвалi мне двух спрытных звяркоў. Ён паволi пацёр iх адну аб адну i зноў знерухомеў. Ён так доўга сядзеў у гэтай паставе, што я, па-мойму, на нейкую хвiлiну нават забыўся пра яго. Але раптам ён ускiнуў галаву i зiрнуў мне ў твар. - Чаму вы адмаўляецеся ад сустрэчы са мною? - сказаў ён. Я адказаў, што не веру ў Бога. I тады ён пацiкавiўся, цi цвёрда я ў гэтым упэўнены. Я адказаў, што лiчу залiшнiм задаваць сабе такое пытанне - па-мойму, яно не мае нiякага значэння. Ён адкiнуўся назад i, абапершыся спiнаю аб сцяну, паклаў рукi на сцёгны. Потым, быццам звяртаючыся не да мяне, ён сказаў, што людзi часта мяркуюць, нiбы яны ўпэўнены ў нечым, а на справе ўсё аказваецца iначай. Я маўчаў. Ён зiрнуў на мяне i спытаўся: - Што вы думаеце пра гэта? Я адказаў, што, можа, яно i так. Ва ўсякiм выпадку я не заўсёды магу з упэўненасцю сказаць, што менавiта мяне цiкавiць, але ў тым, што мяне не цiкавiць, я ўпэўнены абсалютна. Дык вось - тое, пра што ён кажа, мяне зусiм не цiкавiць. Ён адвёў вочы i, па-ранейшаму не мяняючы паставы, запытаўся, цi не кажу я так ад вялiкай роспачы. Я растлумачыў, што нiякай роспачы ў мяне няма. Проста мне страшна, i гэта ў маiм становiшчы абсалютна натуральна. - Бог дапаможа вам, - азваўся ён. - Я ведаю, усе, хто быў у вашым становiшчы, вярталiся да яго. Я пагадзiўся - гэта было iх права. Цi, можа, у iх быў на гэта вольны час. Што ж да мяне, дык я, па-першае, не хачу, каб мне дапамагалi, а па-другое, у мяне проста няма часу, каб цiкавiцца тым, што мяне не цiкавiць. Яго рукi нервова варухнулiся, але ён выпрастаўся i пачаў распраўляць на сутане складкi. Потым загаварыў i назваў мяне чамусьцi "мой дружа": ён гаворыць са мною пра Бога зусiм не таму, што я асуджаны на смерць; на яго думку, усе мы асуджаныя на смерць. Тут я яго перапынiў, я сказаў, што гэта зусiм не адно i тое ж, i ва ўсякiм выпадку, гэта не можа быць мне суцяшэннем. - Вядома, - пагадзiўся ён. - Але нават калi вы не памраце сёння, вам усё роўна давядзецца памерцi - пазней. I тады зноў перад вамi паўстане тое ж пытанне. З якiмi пачуццямi вы сустрэнеце тады гэты пачварны iспыт? Я адказаў, што сустрэну яго дакладна з такiмi ж пачуццямi, з якiмi сустракаю цяпер. Пачуўшы гэта, ён устаў i зiрнуў мне ў вочы. Я добра ведаў гэту гульню. Мне часта даводзiлася забаўляцца ёю з Эманюэлем i Селестам, i звычайна яны першыя адводзiлi вочы. Але свяшчэннiк быў таксама добра спрактыкаваны, я гэта заўважыў адразу: яго вочы нават не мiргалi. I голас не задрыжаў, калi ён прамовiў: - Няўжо ў вас няма нiякай надзеi, i вы жывяце з упэўненасцю, што памраце ўвесь? - Так, - сказаў я. Ён зноў панурыў галаву i сеў. Ён сказаў, што яму шкада мяне. На яго думку, жыць з такою ўпэўненасцю чалавеку невыносна цяжка. Але я адчуў, што ён пачынае мне назаляць. Я адвярнуўся i падышоў да акна. Я стаяў, абапершыся плячом аб сцяну, i не вельмi прыслухоўваўся да таго, што ён кажа. Ён iзноў пачаў задаваць мне нейкiя пытаннi. Ён гаварыў паспешна, занепакоена, яго голас дрыжаў. Я зразумеў, што ён нечым усхваляваны, i пачаў слухаць уважлiвей. Ён выказаў упэўненасць, што маю просьбу задаволяць, але цяжар граху ўсё роўна будзе ляжаць на мне, i я мушу пазбавiцца ад яго. На яго думку, чалавечы суд - нiшто, а суд божы - усё. Я зазначыў, што, тым не менш, прысуд мне быў вынесены судом чалавечым. Свяшчэннiк адказаў, што гэтым ён яшчэ не змыў граху з маёй душы. Я сказаў, што мне наогул невядома, што такое грэх. Мне толькi давялi, што я вiнаваты. Я вiнаваты, i я плачу, больш ад мяне патрабаваць не могуць нiчога. Тут ён зноў устаў, i мне падумалася, што камера, вiдаць, яму занадта вузкая. Ён прызвычаены рухацца, а тут такой выгоды няма. Можна толькi сесцi цi ўстаць. Я стаяў, утаропiўшы вочы ў падлогу. Ён ступiў да мяне адзiн крок i спынiўся, нiбы не адважваўся падысцi блiжэй. Ён пазiраў на неба за кратамi. - Вы памыляецеся, сыне мой, - сказаў ён. - Ад вас маглi б патрабаваць i большага. I можа быць, яшчэ запатрабуюць. - Цiкава, чаго ж гэта? - Ад вас маглi б патрабаваць, каб вы ўбачылi. - Убачыў? Што? Свяшчэннiк азiрнуўся вакол i адказаў з нейкаю нечаканай i вялiкаю стомай: - Я ведаю, гэтыя муры сплываюць болем. I я нiколi не мог глядзець на iх без пакутлiвай скрухi. Але я знаю, я адчуваю ўсiм сэрцам, што нават сама нiкчэмныя сярод вас бачылi, як з глыбiнi гэтага сутоння на iх пазiраў божы твар. I ад вас патрабуюць гэтага, вы павiнны ўбачыць гэты твар. Гэта мяне крыху ажывiла. Я сказаў, што ўжо многiя месяцы гляджу на гэтыя камянi. Ва ўсiм свеце няма нiчога i нiкога мне болей вядомага. I, мабыць, колiсь, вельмi даўно, я сапраўды шукаў тут нечый твар. Але то быў твар, поўны сонечнага ззяння i палымянага жадання - то быў твар Мары. Я марна шукаў яго. Цяпер з гэтым кончана. Але што б там нi было, чым бы нi сплывалi гэтыя камянi, я нiколi не бачыў, каб з iх нешта ўзнiкала. Свяшчэннiк зiрнуў на мяне з нейкiм смуткам. Я стаяў, ужо цалкам прытулiўшыся спiнаю да сцяны, i святло мне лiлося на лоб. Свяшчэннiк прамовiў некалькi слоў, але я не пачуў, i потым, вельмi хутка, ён запытаўся, цi можна яму мяне абняць. Я адказаў: - Не. Ён адвярнуўся, падышоў да сцяны i паволi правёў па ёй рукою. - Няўжо вы так любiце гэту зямлю? - амаль шэптам сказаў ён. Я не адказаў. Даволi доўга ён стаяў, павярнуўшыся да мяне спiнай. Мне было цяжка адчуваць яго прысутнасць, яна раздражняла мяне. Я ўжо збiраўся сказаць, каб ён пакiнуў мяне, каб ён куды-небудзь пайшоў, калi ён раптам павярнуўся i амаль з надрывам ускрыкнуў: - Не, я не магу даць вам веры! Я ўпэўнены, што вам даводзiлася хацець, каб iснавала нейкае другое, iншае жыццё. Я адказаў, што гэта натуральнае жаданне, але ў iм не болей сэнсу як у марах, напрыклад, нечакана ўзбагацiцца, цi навучыцца вельмi хутка плаваць, цi раптам займець болей прыгожы рот. Усё гэта летуценнi аднолькавага парадку. Але ён перапынiў мяне i папытаўся, якiм жа я ўяўляю сабе гэтае iншае жыццё. Тут я ўжо закрычаў: - Я ўяўляю яго такiм, каб у iм можна было ўспамiнаць пра жыццё цяперашняе! I потым я сказаў, што з мяне досыць, мне абрыдлi ўсе гэтыя размовы. Ён захацеў зноў загаварыць са мною пра Бога, але я рушыў да яго i апошнi раз пастараўся растлумачыць, што ў мяне застаецца занадта мала часу i я не хачу трацiць яго на нейкага бога. Ён паспрабаваў перамянiць тэму i запытаўся, чаму я называю яго "пане", а не "айцец мой". Гэта мяне вывела з сябе, я сказаў, што ён мне нiякi не айцец i не бацька, i што ён наогул з iншага лагера, а не са мной. - Не, сыне мой, - сказаў ён i паклаў мне руку на плячо, - я з вамi. Але вы не бачыце гэтага, бо ў вас сляпое сэрца. Я буду малiцца за вас. I тады, сам не ведаю чаму, нешта абарвалося ўва мне. Я закрычаў на ўсё горла, я пачаў яго абражаць, я патрабаваў, каб ён не смеў за мяне малiцца. Я ўхапiў яго за каўнер доўгай папоўскай сутаны i з нейкiм блытаным пачуццём радасцi i гневу пачаў вылiваць на яго ўсё, што назбiралася ў маёй душы. У яго такi ўпэўнены выгляд! Ён такi ўпэўнены ў тым, пра што кажа! Але нiшто, нiшто з таго, у чым ён гэтак упэўнены, не варта адзiнага жаночага воласа. Ды ён не можа нават пераканана сказаць, што тое, як ён жыве, ёсць жыццё, бо ён жыве як мярцвяк, як труп. Вось у мяне, здаецца, нiчога няма за душой. Але я ўпэўнены ў сабе, упэўнены ва ўсiм, упэўнены больш за яго, я ўпэўнены ў сваiм жыццi i ў сваёй смерцi, якая ўжо хутка прыйдзе па мяне. Так, апроч гэтага, у мяне больш нiчога няма. Але я, прынамсi, усведамляю гэтую iсцiну i не ўнiкаю яе. I я меў рацыю, i цяпер маю рацыю, i праўда заўсёды са мной. Я жыў так, а не iначай, хоць мог бы жыць i iначай. I рабiў тое, i не рабiў гэтага. I рабiў так, але не рабiў гэтак. Ну i што з таго? Я нiбы ўвесь час чакаў гэтай хвiлiны i гэтага золкага ранку, калi майму жыццю нарэшце знойдзецца апраўданне. Нiшто, нiшто не мае значэння, i мне добра вядома чаму. I яму гэта таксама добра вядома. Скрозь усё маё бязглуздае жыццё, праз бясконцую чараду яшчэ не пражытых дзён да мяне з непраглядных глыбiнь маёй будучынi падымаўся няясны i цьмяны подых, гэты подых усё раўнаваў на сваiм шляху, ён пазбаўляў сэнсу ўсё, наканаванае мне праз гады, такiя ж нерэальныя, як i тыя, што я пражыў. Што мне да смерцi iншых, што мне да матчынай любовi, да ягонага бога, да жыцця i лёсу, якi людзi нiбыта самi сабе выбiраюць, калi ёсць толькi адзiн лёс, адзiн, i ён сам абiрае мяне i, разам са мною, мiльярды iншых выбраннiкаў, якiя называюць сябе, як i ён, маiмi братамi. Цi разумее ён гэта нарэшце? Усе вакол - выбраннiкi. Няма нiкога, каго б не абраў гэты лёс. I ўсiх аднойчы чакае прысуд. Усiх! I яго таксама чакае. Якая рознiца, што яго будуць судзiць за забойства, а пакараюць за тое, што ён не плакаў на матчыным пахаваннi? Цi ж мае гэта значэнне? Старому Саламано сабака быў не менш дарагi, чым жонка. I тая жанчына, што сядзела ў зале як аўтамат, была настолькi ж ва ўсiм вiнаватая, як i парыжанка, з якой ажанiўся Масон, цi як Мары, якая хацела, каб з ёй ажанiўся я. Цi ж мае значэнне, што Раймон такi самы мой прыяцель, як Селест, хоць Селест сто разоў лепшы за яго? Цi мае значэнне, што сёння Мары падстаўляе свой рот нейкаму новаму Мёрсо? Цi разумее нарэшце ён, гэты асуджаны, што з непраглядных глыбiнь маёй будучынi... Я задыхаўся ад крыку. Але наглядчыкi ўжо вырывалi свяшчэннiка з маiх рук i прыстрашалi мяне. Свяшчэннiк, аднак, супакоiў iх. Нейкую хвiлiну ён моўчкi глядзеў на мяне. Яго вочы былi поўныя слёз. Ён адвярнуўся i выйшаў. Калi ён знiк, да мяне зноў вярнуўся спакой. У страшэннай знямозе я павалiўся на ложак. Па-мойму, я заснуў, бо, калi ачуўся, у твар мне глядзелi зоры. Да мяне даляталi цiхiя вясковыя гукi. Пахi зямлi, солi i ночы асвяжалi мне скронi. Цудоўны спакой закалыханага летняга змроку хваляю, нiбы прылiў, напаўняў мае грудзi. I ў гэту хвiлiну з начнога прадоння над портам завылi сiрэны. Яны абвяшчалi, што караблi адплываюць у далёкi свет, якi цяпер назаўжды ўжо страцiў для мяне значэнне. Упершыню за многiя днi я падумаў пра маму. Мне здалося, што я разумею, чаму перад смерцю яна гуляла, нiбы зноў пачынае жыццё, i чаму завяла "жанiха". Бо i там, у гэтым прытулку, дзе згасае жыццё, вечар нагадвае кароткi i сумны спачын. У самым канцы жыцця мама мусiла адчуваць сябе вольнай, пазбаўленаю ад усяго i гатоваю перажыць усё зноў. Нiхто, нiхто не меў права плакаць над ёю. I цяпер я таксама, як i яна, адчуваў, што гатовы перажыць усё зноў. Нiбы гэты нядаўнi гнеў ачысцiў мяне ад злосцi i пазбавiў астатнiх надзей, я зiрнуў у начное неба, усеянае зорнымi знакамi, i першы раз расчынiў душу насустрач пяшчотнай абыякавасцi свету. I адчуўшы, наколькi ён падобны да мяне, наколькi ён мне па-брацку блiзкi нарэшце, я зразумеў, што быў заўсёды шчаслiвы i застаюся шчаслiвы цяпер. I каб добра ўсё завяршыць, каб адчуць сябе меней самотным, мне заставалася пажадаць, каб у дзень майго пакарання было шмат гледачоў i каб яны сустрэлi мяне ровам нянавiсцi. Канец