Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 405 из 453

Веру, што ён зараз недзе там скрыгоча зубамі. Нават калі ахвяраваннямі, нават калі фундатарствам купіў сабе чысцец замест пекла, дзе яму вечна належыць быць.

Некалькі дзяцей, якім, відаць, абрыдла важданіна людзей каля замкавых падзямелляў, з'явіліся на вільготным сакавітым паплаўцы каля балацянкі і пачалі піхаць нагамі сюды і туды футбольны мяч.

Жыховіч глядзеў праз іх.

— Скрыгоча, бо няма і не будзе спакою ягоным, — ён памаўчаў, — г… косткам. А думаеце, ён яго купіў? Не купіў і не купіць.

Устаў і панёс вузел да балацявіны. Стаў над ёю, калі адна з яго ног правалілася, і сыпануў з посцілкі нешта такое ў дрыгавінне.

А пасля падкінуў у паветра нешта круглае і пад'ёмам, як сапраўдны форвард, паклаў гэта ім у ногі. Выгляд у яго быў пры гэтым страшнаваты.

— Гэй, ану, вам яшчэ «мяч».

Зацікаўленыя хлапчукі пачалі падыходзіць да «мяча», купчыцца вакол.

— І хай табе, цмоча, змяюка смярдзючая, кожны ўдар там адгукнецца. Тысячакрат па тысячы разоў.

Я хацеў быў устаць, каб прыпыніць усё гэта. Пачынала гэта быць да бяспамяцця агідным. Але тут вывернуліся аднекуль, спяшаючыся, відаць, да замка, Стасік Мультан і Васілька Шубайла.

Стах спыніў нагою кімсьці ўжо з запалам падфутболены «мяч».

— Цыц. Вы што ж гэта, шмаркулі? Гэта не да ладу. Абвёў позіркам ксяндза, і позірк з-пад сівых валасоў быў няўхвальна-суровы.

— Гэта вы кінулі?

— Так.

— Та-а, — бязгучна сказаў Васілька, — кі-нуў.

— А нашто? — спытаў Стасік.

|< Пред. 403 404 405 406 407 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]