Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке)   ::   Автор неизвестен

Страница: 10 из 75



* * *

Пачулi сваты - ёсьць ля Нарачы дзеўка:

Ў зялёнай дуброве паджарая Белка,

Такая вясёлая, зь песьнямi, зь сьмехам,

Зьбiрае зь ляшчэўнiку летам гарэхi.

Насыпала поўныя куфры, як лёду,

Раскусiш - як сонца, зярняты - як зь мёду.

Сказалi Мядзьведзю: - Ёсьць дзеўка з пасагам!

Прыбраўся Кудлаты Мядзьведзь у сярмягу;

Кашулю узьдзеў, што злупiў у Мiколы,

Як той баранiў ад яго калiсь пчолы;

Ўзяў пояс лiповы i кiй сукаваты,

Так выбраўся зь сьвiтай Мядзьведзь наш у сваты.

* * *

Такое вясельле магло толькi хiба

Быць там, дзе ёсьць Нарач, бор цёмны ды рыба.

Iгралi ў цымбалы Шаршнi i Асьвянкi,

Iгралi дзень цэлы да самай заранкi;

А ў цёмным ягоднiку зь Цецярукамi

Ў тахт Дзятлы у бубны лупiлi насамi,

I зь вёскi далёкай, дзе жытнiя гонi,

Iм Певень iграў на чырвонай гармонi.

Лявонiху ёмка скакала Лiсiца,

Аж ветрам паджарым шумела спаднiца.

Як выйшаў Мядзьведзь, тупнуў левай ды правай,

Пайшоў прысядаць - замiгцелi рукавы.

Скакаць ён так мог-бы дзён пяць цi мо' дзесяць

Адно толькi боты стапталiся ў лесе;

Ды нат i ў мяне там знасiлiся лапцi...

На трэйцюю ноч пачалi разьяжджацца.

* * *

Памалу прайшоў цiхi верасень-месяц.

Ляжыць, пажывае Мядзьведзь шэры ў лесе,

Дзе глуш ды сасновае шумнае рэха,

А Белачка носiць ваду i гарэхi.

Насыпе Мядзьведзь iх у ступу, як лёду,

А зьверху бабухне дубовай калодай!

Наесца i сьпiць у сваiм у палацы,

Нат слухаць ня хоча, хто кажа аб працы.

|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]