Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке)   ::   Автор неизвестен

Страница: 22 из 75



Максiм Танк

КАЗКА ПРА МУЗЫКУ

Частка першая

За борам цёмным,

Вялiкiм,

Дзе, зачапiўшыся

За сасновы грэбень,

Калышацца сiняе неба,

Жыў сiрата Музыка.

Ня меў ён нi двара,

Нi гароду;

Толькi сярмяжку старую

Прыкрыцца калi ў непагоду

I жалейку жывую.

А iграў ён заўсёды

Весела.

Навет дрэва, пачуўшы яго,

Хоць-бы нiзка да долу

Галiны плакучыя

Зьвесiла,

Зашумiць, засьмяецца,

Атрасаючы пыл,

Закалышацца вецер,

I заскачуць,

Як зайцы,

На полi снапы.

А што ўжо казаць пра людзей!

Калi кажная песьня яго

Сiлы шмат дадавала,

Шмат будзiла у сэрцы надзей,

Беднякоў i сiрот сагравала...

Вось якi быў з Музыкi

Мастак-чарадзей!

Далёка,

Там, дзе сонца заходзiць,

А мо' i яшчэ далей,

Жыў цар у палацы вялiкiм.

Ён ня раз чуў ад розных

Бывалых людзей,

Што на сьвеце ёсьць

Гэткi Музыка.

Загадаў цар

Музыку таго прывясьцi

У палац, на царскiя вочы.

Прывядуць

Усiх азалоцiць,

А то - лепш i дамоў ня iсьцi...

Iшлi слугi цара дзень i ноч:

I пры сонцы,

I пры месяцы высокiм;

То лесам,

То полем,

То гарой,

То сухадолам глыбокiм.

Аж пачулi, нешта недзе грае,

Толькi дзе i хто

Ня вiдзяць,

Хоць iдуць

На дзiўны голас краем

Ужо цэлы тыдзень.

|< Пред. 20 21 22 23 24 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]