Страница:
157 из 253
Берман паехаў, даслаў адтуль статую святога Хрыстафора і ліст, у якім пісаў, што скульптура ў касцёле не мае ніякай мастацкай вартасці. Яму паверылі, але праз некаторы час выпадкова даведаліся, што Берман купіў скульптуру за мізэрныя грошы, купіў у агульнай колькасці ста сямі фігур і спрадаў усё іншаму прыватнаму калекцыянеру, назначыўшы вялікую суму. Адначасова не далічыліся значнай колькасці грошай у казне гуртка аматараў. Бермана ўзяліся шукаць, але ён знік разам з маці і малодшым братам, які выхоўваўся недзе ў прыватным пансіёне і толькі за год да таго прыехаў у горад. Між іншым, гэты брат вызначаўся яшчэ большай нелюдзімасцю. Увесь час ён сядзеў у дальніх пакоях, не выходзячы ні да каго, і толькі раз яго бачылі ў кампаніі Бермана ў клубе, дзе ён здаўся ўсім дрэнна выхаваным для пансіянера.
Калі агледзеліся, то выявілася, што дом яны паспелі прадаць і знікнуць невядома куды. Пачалі даведвацца і даведаліся, што і наогул гэтыя Берманы зусім не Берманы, а хто — невядома.
— Н-да… — сказаў я. — Не шмат мы даведаліся. Цікавае тут толькі тое, што Берман — злачынец. Але ён абдурыў такога самага драпежніка: не мне яго ганіць за гэта. Ён яшчэ атрымае па заслугах, але гэта пасля. Значна больш цікавае тут другое. Па-першае, куды падзеліся яго маці і брат? Па-другое, хто ён сам, які ў яго сапраўдны твар? Тое, што ён з'явіўся тут, зразумела. Яму трэба было схавацца. А вось хто ён, хто ягоныя сваякі — гэта трэба з'ясаваць. І я гэтым абавязкова зацікаўлюся.
|< Пред. 155 156 157 158 159 След. >|