Страница:
161 из 253
Ён: «Але ж не прыходзіць?» А я яму: «А дзікае паляванне? З мінулага аж у сёння прыйшло». Той аж у твары змяніўся: «Хай яго ліха… Не памінайце вы яго!» І паехаў ля дрыгвы на поўнач. Я накіраваўся да вас, пан Беларэцкі, а калі азірнуўся, то бачу: ён паехаў назад і ўжо ў лажок спускаецца. Спусціўся і знік.
— Хто гэта? — спытаў я.
А Свеціловіч усё вагаўся. Пасля ўзняў свае светлыя вочы.
— Прабачце, Беларэцкі, прабач, Рыгор, але я не магу пакуль што сказаць. Гэта занадта важліва, а я не пляткар, я не магу так проста ўзваліць такое абвінавачванне на плечы чалавека, які, можа, яшчэ і бязвінны. Вы ведаеце, за такое могуць забіць нават па аднаму падазрэнню. Магу толькі сказаць, што ён быў сярод гасцей у Яноўскіх. Я ўвечары яшчэ падумаю, прыпамятаю гісторыю пра вэксалі і заўтра скажу вам… Я пакуль не магу больш нічога сказаць…
— О, вядома. Надзейнае алібі. О, дурні! І якія няпэўныя думкі! — Па аналогіі я прыпомніў і свае няпэўныя думкі пра «рукі», якія павінны былі мне дапамагчы разабрацца ў чымсьці важлівым, але прыдумаць, успомніць не мог і адагнаў надакучлівае слова.
Вырашылі, што Рыгор будзе сённяшняй ноччу сядзець у Халоднай лагчыне, адтуль недалёка да хаты, у якой жыў Свеціловіч, яго стары «брат-слуга» і кухарка. У выпадку патрэбы мы зможам яго там адшукаць.
— І ўсё ж я не веру, што падпільную іх там пры выхадзе. Свеціловіч іх спудзіў, — сіпавата сказаў Рыгор. — Яны знойдуць іншую дарогу з пушчы на раўніну.
— Але іншай дарогі ў парк не знойдуць.
|< Пред. 159 160 161 162 163 След. >|