Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 228 из 253

Коней сяляне зводзілі ўбок. Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, з белымі ноздрамі і вачыма, якія адлівалі ў глыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэтая парода вызначаецца дзіўнай трывалай машыстай інахаддзю і пад час намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень. Не дзіва, што ў тумане мне такімі вялізнымі здаваліся іхнія скачкі.

І яшчэ дзве разгадкі прыйшлі нечакана. Па-першае, ля сядла кожнага паляўнічага віселі чатыры глыбокія аўчынныя торбы, якія, відаць, у выпадку патрэбы, можна было надзець на ногі коням і завязаць ля бабак. Крок рабіўся зусім бязгучны. Па-другое: сярод трупаў і параненых я пабачыў на зямлі тры чучалы, апранутыя так, як і паляўнічыя, у старыя капелюхі з пер'ямі, кабці, чугі, але прывязаныя вяроўкамі да сядла. Людзей у Вароны, відаць, не хапала.

Але і нашы страты былі значныя. Мы ніколі не перамаглі б гэтай банды прафесіянальных ваякаў, каб не нечаканасць нашага нападу. Але нават і з гэтым атрымалася дрэнна: мужыкі ваяваць зусім не ўмелі. Скуласты хлопец, якога збіў канём Варона, ляжаў на зямлі з разбітай галавою. У даўгавусага мужыка дзірка ад кулі цямнела проста ў сярэдзіне лба. Мужык з дубінай, што ўдзёрся ў сярэдзіну між коннікаў, ляжаў на зямлі і стрыг нагамі, як нажніцамі: адыходзіў. Параненых было ў два разы больш. Я таксама атрымаў рану: куля рыкашэтам шчоўкнула мне ў патыліцу.

Мы лаяліся.

|< Пред. 226 227 228 229 230 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]