Страница:
56 из 253
І ніхто не заўважыў, што ў целе караля Стаха яшчэ была іскра жыцця. Коні ляцелі ў ноч, і слабы месяц асвятляў іх доўгія грывы, і недзе наперадзе бегалі па купінах сінія агні.
І з гэтага жахлівага статка даносіўся голас караля Стаха:
— Д'яблу аддаю душу сваю, бо не дапамагае Бог. Трымайся, Раман, мы прыскачам да цябе конныя! Дрыжы, Раман, калаціся, адвечны вораг! Мы прыйдзем! Мы адпомсцім!
І ніхто не ведаў, што праўда была ў гэтых словах, што зброяй д'ябла, праўды, помсты і кары з'явіўся кароль Стах. Не за тое помсціў ён, што забіў яго Раман. Забойства ніколі не атрымае такой кары, калі гэта не забойства пабраціма.
Нядоўга яны зажыліся на свеце. Даездчык Варона першы пабачыў цені Стаха і яго прыспешнікаў праз два тыдні. Не разбіраючы дарогі, імчалася дзікае паляванне па самай жахлівай дрыгве, па лесе, па вадзе межыток. Не бразгалі цуглі, не звінелі мячы. На конях сядзелі маўклівыя коннікі, і балотныя агні каціліся наперадзе дзікага палявання караля Стаха якраз праз дрыгву.
Аляхно з'ехаў з розуму. Загінуў пасля таго і Дубатоўк. Гетман літоўскі рассеяў мужычыя палкі, якія засталіся без кіраўніка, у бойцы загінуў Яраш Штамет. А Раман Яноўскі быў жывы і смяяўся.
І аднойчы ён быў на паляванні і вяртаўся адзін праз верасавыя пусткі дадому. Месяц слаба свяціў на верас. І раптам забегалі недзе ззаду сінія балотныя агні, і даляцеў з таго боку спеў рагоў і ледзь чутны стук капытоў. А пасля з'явіліся цьмяныя цені коннікаў.
|< Пред. 54 55 56 57 58 След. >|