Страница:
61 из 253
— Гэта бацька яе пісаў? — спытаў я, расчулены, і падумаў, што мне было ў год нараджэння гэтай дзяўчынкі восем год.
— Так, ён. Бачыце, ён прадчуваў. Яго лёс — доказ праўдзівасці легенды пра караля Стаха. Ён ведаў яе, яны ўсе ведалі, бо праклён вісеў над нашчадкамі гэтых нешчасліўцаў, як сякера. Той звар'яцее, таго заб'юць за грошы браты, той загіне ў час палявання. Ён ведаў і рыхтаваўся: забяспечыў дзяўчыне хоць мізэрны, але даход, знайшоў загадзя апекуноў, склаў запавет (дарэчы, я баюся гэтай восені, многія з Яноўскіх не дажывалі да паўналецця, а праз два дні будзе яе дзень нараджэння, і ўжо двойчы з'яўлялася дзікае паляванне пад мурамі палаца). Раман ніколі не выходзіў уначы з палаца. Але два гады таму Надзею Раманаўну ўзяла ў госці яе далёкая сваячка па маці, жонка шляхціца Кульшы. Дзяўчынка затрымалася ў яе дапазна. Раман быў такі чалавек, што вельмі нерваваўся, калі яе не было дома. А дом Кульшаў быў ля самай Волатавай прорвы. Ён сеў на каня і паехаў. Дзяўчынка вярнулася дадому з Рыгорам, вартаўніком Кульшы. А пана няма. Паехалі шукаць. А была восень, час, калі паляванне караля Стаха з'яўляецца асабліва часта. Мы ехалі па слядах панскага каня, я і Рыгор. Я баяўся, а Рыгор — ані кроплі. Сляды вялі спачатку па дарозе, пасля збочылі і пачалі віляць па лузе. І збоку Рыгор адшукаў другія сляды.
Ён быў добры паляўнічы, гэты Рыгор. Які жах, пане! Сляды былі ад двух дзесяткаў коней. І падковы старыя, з трызубцам, падобным на габлі. Такіх даўно не куюць у нас. І часам гэтыя сляды знікалі і з'яўляліся праз дваццаць, праз трыццаць крокаў, быццам коні ляцелі ў паветры.
|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|