Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 64 из 253

Мы ехалі з трупам прыгнечаныя, коні нерваваліся,яны чуюць мёртвае цела. І ноч была, ох, якая ноч! І недзе спяваў рог дзікага палявання. А зараз зноў… Надыходзіць час помсты.

Ён змоўк, уткнуўшы твар у далоні, пальцы на якіх, белыя, артыстычныя, былі даўжэй за пальцы звычайнага чалавека ў два разы. Я маўчаў, і раптам мяне прарвала:

— Як вам усё ж не сорамна. Мужчыны, дарослыя, вялікія мужчыны! І не можаце абараніць. Ды няхай бы гэта быў нават сам д'ябал — біцеся, чорт вас падзяры! І чаму гэта паляванне з'яўляецца тут толькі часам? Чаму пры мне яшчэ не было?

— Нават калі яны з'яўляюцца часта, яны не прыходзяць у ночы на святыя дні, а таксама ў сераду і пятніцу.

— Гм, дзіўныя здані… А ў нядзелю? — У мяне ўсё больш варушылася на дне душы жаданне даць па гэтай фарфоравай, вялай, бязвольнай храпе, бо такія не здатныя ні на добры ўчынак, ні на крымінал — не людзі, а макрыца-трава на градзе. — А ў піліпаўку, на пятроўкі яны з'яўляюцца, калі яны такія ўжо святыя прывіды?

— На нядзелю Бог даў ім дазвол, бо, як памятаеце, Стах быў забіты таксама ў нядзелю, — цалкам сур'ёзна адказаў ён.

— Дык што ж ён тады такое, ваш Бог? — грымнуў я. — Ён што, стакнуўся з д'яблам? Ён што, мярзотнік, за кроў аднаго бярэ душу ў нявінных дзяўчат, у якіх крыві таго Рамана, можа, адна кропля!

Ён маўчаў.

— Пяцьсот дваццаць чатыры тысячы дзвесце восемдзесят восьмая частка крыві Рамана ў яе жылах, — падумаўшы, імгненна падлічыў я. — На што ён тады здатны, гэты ваш Бог?

— Не кашчуннічайце, — спуджана войкнуў ён.

|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]