Чайка па имени Джонатан Ливингстан (на белорусском языке) :: Бах Ричард
Страница:
11 из 35
Але засмучала яго не адзiнота, а тое, што астатнiя чайкi адмовiлiся паверыць у радасць палёту, у святло, што палала перад iмi, адмовiлiся расплюшчыць вочы i ўбачыць.
З кожным днём ён дазнаваўся ўсё больш i больш. Ён даведаўся, што, пiкiруючы на вялiкай хуткасцi, можна здабыць рэдкую i смачную рыбу, якая збiраецца ў гурт на глыбiнi дзесяцi футаў; яму больш не патрэбны былi, каб выжыць, рыбацкiя судны i чэрствыя скарынкi хлеба. Ён навучыўся спаць у паветры, навучыўся лятаць наперарэз ветру, што дзьме з берага, i не збiвацца з курсу ўночы; ён мог праляцець ад усходу да захаду сонца сотнi мiляў. Тое самае нутраное чуццё вяло яго праз густыя марскiя туманы, узнiмала да сляпучага чыстага неба... а астатнiя чайкi ў гэты самы час тулiлiся на зямлi i не бачылi нiчога, апрача туманнай iмжы i дажджу. Ён навучыўся, асядлаўшы на вялiкай вышынi вецер, залятаць далёка на сушу i ласавацца там смачнымi насякомымi.
Ён адзiн атрымаў усё, чым, як ён калiсьцi спадзяваўся, будзе валодаць уся Чарада, i не шкадаваў той цаны, якую заплацiў за ўменне лятаць. Джонатан адкрыў сабе, чаму такое кароткае жыццё ў чаек, - прычынай таму нудота, страх i злосць; сам ён збавiўся ад гэтых пачуццяў, i жыццё яго было доўгае i сапраўды прыгожае.
I вось аднойчы вечарам, калi Джонатан спакойна i самотна лунаў у сваiм любiмым небе, з'явiлiся яны. Дзве чайкi, што вынырнулi побач з яго крыламi, былi чыстыя, як святло зорак, а ззянне, якое праменiлася ад iх, было лагоднае i сяброўскае ў свежасцi вечаровага неба.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|