Чайка па имени Джонатан Ливингстан (на белорусском языке) :: Бах Ричард
Страница:
26 из 35
-Усё ваша цела, ад кончыка аднаго крыла да кончыка другога, - гаварыў Джонатан другiм разам, - не што iншае, як ваша думка ў той форме, якую вы здольныя бачыць. Разарвiце ланцугi, што скоўваюць вашу думку, i вы разарвяце ланцугi, што скоўваюць ваша цела...
Але якiмi б словамi нi выказваў Джонатан сваю думку, яны гучалi, як прыемная казка, а iм больш за ўсё быў патрэбны сон.
Мiнуў яшчэ месяц, i Джонатан абвясцiў, што прыйшоў час вяртацца ў Чараду.
- Мы не гатовы! - усклiкнуў Генры Кельвiн-Чайка. - Яны не хочуць нас бачыць! Мы Выгнанцы! Хiба мы можам iсцi туды, дзе нас не чакаюць?
- Мы вольныя i можам ляцець, куды пажадаем, быць такiмi, якiя мы ёсць, адказаў Джонатан. Ён узляцеў з пяску i павярнуў на ўсход, туды, дзе знаходзiлася родная зямля Чарады.
Вучнi на хвiлiну разгубiлiся: паводле Закону Чарады Выгнаннiк не мае права вяртацца, i нi разу за дзесяць тысяч гадоў Закон не парушаўся. Закон загадваў заставацца, Джонатан - ляцець, i сам ён быў ужо за мiлю ад iх над морам. Калi яны яшчэ прамарудзяць, ён апынецца сам-насам з варожа настроенай Чарадой.
- Але раз мы не належым да Чарады, дык можам не падпарадкоўвацца Закону, хiба не так? - даволi ўпэўнена зазначыў Флетчар. - Апрача таго, калi пачнецца бойка, там ад нас будзе куды больш карысцi, чым тут.
Восем чаек у шыхце падвойным ромбам, ледзь не дакранаючыся адна да адной кончыкамi крылаў, ляцелi гэтай ранiцай з захаду.
|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|