Чайка па имени Джонатан Ливингстан (на белорусском языке) :: Бах Ричард
Страница:
27 из 35
Яны наблiзiлiся да Берага Рады Чарады з хуткасцю сто трыццаць пяць мiляў у гадзiну; Джонатан ляцеў наперадзе, з правага крыла ад яго - Флетчар, з левага, стараючыся не адставаць, - Генры Кельвiн. Тут увесь шыхт, як адна птушка, павольна перавярнуўся цераз правае крыло... выраўняўся... потым цераз левае... зноў выраўняўся, а вецер бязлiтасна шкуматаў iх усiх.
Крыкi i сваркi, такiя звычайныя ў жыццi Чарады, адразу ж спынiлiся, нiбы iх адрэзала вялiзным нажом гэтага шыхта, i восем тысяч вачэй, не мiргаючы, утаропiлiся на яго. Адна за адною восем птушак рэзка ўзнiмалiся ўгору, рабiлi мёртвую пятлю i, гранiчна збавiўшы хуткасць, станавiлiся на пясок як укопаныя. Потым Джонатан узяўся разбiраць палёт з такiм выглядам, нiбыта не здарылася нiчога асаблiвага.
- Пачнём з таго, - сказаў ён з ухмылкай, - што ўсе вы крышку прыпазнiлiся на агульны збор...
Нiбы гром з яснага неба ляснуў у Чараду. Гэтыя птушкi - Выгнаннiкi! I яны - вярнулiся! Але ж гэтага не можа быць. Чарада так разгубiлася, што апаска Флетчара наконт бойкi знiкла сама па сабе.
- Падумаеш, Выгнанцы, ну i хай сабе, - сказала нейкая маладзейшая чайка, але дзе i як, лiха на iх, яны навучылiся гэтак лятаць?
Мiнула амаль гадзiна, перш чым усе ў Чарадзе даведалiся пра Загад Старэйшыны: "Не звяртаць на iх увагi. Чайка, якая загаворыць з Выгнаннiкам, сама становiцца Выгнаннiцай. Чайка, якая паглядзiць на Выгнаннiка, парушыць Закон Чарады".
З гэтай хвiлiны Джонатан мог бачыць толькi шэрыя спiны, але ён, здавалася, i не заўважыў перамены.
|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|