Чайка па имени Джонатан Ливингстан (на белорусском языке)   ::   Бах Ричард

Страница: 28 из 35

Ён праводзiў заняткi тут жа над Берагам Рады i ўпершыню пачаў прымушаць сваiх вучняў працаваць амаль на мяжы iх магчымасцей.

- Мартын-Чайка! - чуўся ў небе яго голас. - Ты кажаш, што ўмееш лятаць на малой хуткасцi. Гаварыць можна абы-што. Пакуль ты не дакажаш - ты нiчога не ўмееш. ЛЯЦI!

I маленькi, цiхi Мартын-Уiльям ад страху, што трапiў настаўнiку пад гарачую руку, сам сабе надзiва, пачаў тварыць сапраўдныя цуды ў палётах на малых хуткасцях. Ён навучыўся так выгiнаць пер'е, што пры сама лёгкiх павевах ветрыку, нi разу не махнуўшы крыламi, падымаўся ажно пад воблакi i вяртаўся назад на зямлю.

А Чарльз-Роланд даляцеў да Гары Вялiкага Ветру i ўзняўся на дваццаць чатыры тысячы футаў; вярнуўся ён пасiнелы ад холаду, узрушаны i шчаслiвы, з цвёрдым намерам падняцца заўтра яшчэ вышэй.

Флетчар, а ён, як нiхто, палюбiў фiгуры найвышэйшага пiлатажу, адолеў шаснаццацiвiтковую вертыкальную запаволеную бочку, а ўжо на другi дзень завяршыў яе трайным пераваротам цераз крыло. Яго белае пер'е так i ззяла на сонцы, калi ён праносiўся над берагам, адкуль за iм крадком сачыла не адна пара вачэй.

Джонатан увесь час не разлучаўся са сваiмi вучнямi: паказваў, падказваў, прымушаў, павучаў. Усе разам яны ляталi з любовi да палётаў i ўночы, i ў непагадзь, i ў шторм, тады як астатнiя чайкi з Чарады тужлiва тулiлiся адна да адной на зямлi.

Пасля палётаў вучнi адпачывалi на пяску i з яшчэ большай увагай слухалi Джонатана. Не ўсе яго шалёныя iдэi ўспрымалiся iмi, але шмат якiя зусiм ясныя думкi былi iм зразумелыя.

|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]