Салярыс (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
25 из 239
Што значыла "браў удзел у выпрацоўцы"? Акiян мадыфiкаваў пэўныя элементы апушчаных у яго прыбораў, у вынiку чаго змянялiся рытмы разрадаў, якiя запiсвалiся, апараты для рэгiстравання адзначалi мiрыяды сiгналаў, што нагадвалi абрыўкi найскладанейшых матэматычных аперацый, але што ўсё гэта азначала? Мо гэта былi звесткi пра часовае ўзбуджэнне Акiяна? А мо гэта iмпульсы, якiя дзесьцi далёка, за тысячы мiль ад даследнiкаў, нараджалiся яго вялiзнымi ўтварэннямi? А мо перакладзеныя на незразумелую электронную мову адлюстраваннi спрадвечных iсцiн гэтага Акiяна? Або яго творы мастацтва? Хто гэта мог ведаць, калi немагчыма было атрымаць адну i тую ж рэакцыю на раздражняльнiк? Калi Акiян адгукаўся то выбухам iмпульсаў, якiя ледзь не разносiлi на кавалкi апаратуру, то глухiм маўчаннем? Калi нiводзiн дослед нельга было паўтарыць? Увесь час здавалася, што мы вось-вось расшыфруем няспынна нарастаючую лавiну запiсаў, i спецыяльна для вывучэння гэтай iнфармацыi стваралiся электронныя машыны такой магутнасцi, якой не патрабавала дасюль вырашэнне нiводнай праблемы. Сапраўды, некаторыя вынiкi ўдалося атрымаць. Акiян - крынiца электронных, магнiтных, гравiтацыйных iмпульсаў гаварыў быццам на матэматычнай мове; пэўныя выбухi яго разрадаў можна было класiфiкаваць, выкарыстоўваючы найбольш абстрактныя раздзелы зямной матэматыкi, тэорыю множнасцi; там з'яўлялiся гамолагi структур, вядомых у той галiне фiзiкi, якая займаецца пытаннямi ўзаемаадносiн энергii i матэрыi, канечных i бесканечных велiчынь, часцiц i палёў - усё гэта схiляла вучоных да высновы, што яны маюць перад сабой пачвару, якая мыслiць, нешта накшталт протаплазматычнага мора-мозгу, якое шматразова разраслося i абвiло ўсю планету i якое бавiць час у нябачных па сваёй шырынi тэарэтычных развагах пра сутнасць Сусвету, а нашыя апараты ловяць толькi нязначныя, выпадкова падслуханыя абрыўкi гэтага спрадвечнага, глыбiннага, даўжэзнага маналога, якi пераўзыходзiць усялякую мажлiвасць нашага разумення.
Такая думка матэматыкаў.
|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|