Салярыс (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
28 из 239
"Па сутнасцi, - казалi яны, справа не ў адгадцы салярыснай цывiлiзацыi,а ў нас самiх, у мажлiвасцях чалавечага пазнання".
Адзiн час быў папулярны погляд (яго настойлiва распаўсюджвалi газеты), што Акiян, якi мыслiць i якi абмывае ўсю Салярыс, з'яўляецца вялiзным мозгам, апярэдзiўшым у сваiм развiццi нашу цывiлiзацыю на мiльёны гадоў, што гэта нейкi "касмiчны ёг", мудрэц, спраўджанае ўсёведанне, што ён ужо даўно ўсвядомiў марнасць усялякага дзеяння i таму сустракае нас поўным маўчаннем. Але гэта была няпраўда, бо жывы Акiян дзейнiчаў, ды яшчэ як! - праўда, ён дзейнiчае iнакш, чым уяўляюць сабе людзi; ён не будуе нi мастоў, нi гарадоў, нi лятальных апаратаў, не спрабуе нi перамагчы, нi пераадолець прастору (тыя, хто любой цаной iмкнуўся даказаць перавагу чалавека, бачылi ў гэтым нашу бязмежную перавагу), ён заняты тысячаразовымi пераўтварэннямi - "анталагiчным аўтаметамарфозам"; вучоных тэрмiнаў не бракавала на старонках салярыстычных прац! Аднак жа, з другога боку, чалавеку, якi пачне скрупулёзна вывучаць усе мажлiвыя звесткi пра Салярыс, цяжка пазбавiцца ад уражання, што перад iм толькi рэшткi iнтэлектуальных збудаванняў, магчыма, i генiяльных, але без ладу i складу змешаных з пладамi глупства, якое знаходзiлася ўжо на мяжы вар'яцтва. Таму насуперак канцэпцыi "Акiяна-ёга" з'явiлася тэорыя "Акiяна-дэбiла".
Гэтыя гiпотэзы зноў ажывiлi адну са старажытных фiласофскiх праблем узаемаадносiны матэрыi i духу, свядомасцi. Таму, хто першы, як Дзю-Гарт, надзялiў Акiян свядомасцю, патрабавалася нямала адвагi.
|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|