Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 35 из 239

Цi была гэтанейкая важная навiна? Калi ён гэта напiсаў? Я падумаў, што трэба як мага хутчэй пайсцi ў бiблiятэку. Пра дадатак да першага тома "Салярыстычнага штогоднiка" я ведаў, дакладней, чуў, што ён iснуе, але нiколi не трымаў яго ў руках, бо ён уяўляў толькi гiстарычную каштоўнасць. Затое пра нейкага Равiнцара, як i пра яго "Малы Апокрыф", нiколi нават не чуў.

Што рабiць?

Я спазняўся ўжо на чвэрць гадзiны. Стоячы ля дзвярэй, яшчэ раз агледзеў пакой. Толькi зараз я заўважыў ля сцяны замацаваны вертыкальна ложак, якi складаўся. Раней я не бачыў яго, бо ён быў захiнуты разгорнутай мапай Салярыс. За мапай нешта вiсела. Гэта быў кiшэнны магнiтафон у футарале. Я дастаў апарат, футарал павесiў на ранейшае месца, а магнiтафон запхнуў у кiшэню. Зiрнуў на лiчыльнiк - амаль уся касета была скарыстана.

Зноў пастаяў ля дзвярэй, на секунду заплюшчыў вочы, напружана ўслухоўваўся ў цiшыню, якая панавала звонку. Нiчога падазронага. Адчынiў дзверы, калiдор здаўся мне чорнай прорвай, я зняў цёмныя акуляры i ўбачыў слабае святло лямпаў. Зачынiў дзверы i пайшоў налева, да радыёстанцыi.

Я наблiжаўся да круглай камеры, ва ўсе бакi ад якой, як спiцы ў коле, разыходзiлiся калiдоры. Калi мiнаў нейкi вузкi бакавы праход, скiраваны, здаецца, да душавых, заўважыў вялiкую невыразную постаць, якая амаль растваралася ў паўзмроку.

Я спынiўся як укапаны. З глыбiнi калiдора няспешна, хiстаючыся, iшла вялiзная мурынка. Я заўважыў бляск яе бялкоў i амаль адначасова пачуў мяккае шлёпанне босых ног.

|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]