Загадкавы святы   ::   Буль Пьер

Страница: 45 из 49

Ад намагання прыгадаць вельмi старое перажыванне зморшчыны на яго гратэскным лобе прарэзалiся яшчэ глыбей.

Ён адарваўся ад сваiх думак, калi манахi пачалi зацята жагнацца. Чужынец падышоў да пракажонага. Сваю любоў i мiласэрнасць ён праявiў гвалтам. Рэзкiм рухам ён сарваў вэлюм з мурына, i ўсе ўбачылi яго твар, запухлы, вялiзны, знявечаны, але галоўнае - чорны, як у дэмана, толькi сiнюшныя плямы праказы выдзялялiся на iм. Святы абняў гэтае мярзоцце i прыпаў губамi да яго шчакi.

Абдымкi былi нядоўгiя. Тое, як раптоўна яны скончылiся, зусiм збiла з тропу прысутных.

Спачатку мурын схапiў аберуч галаву святога i адвёў ад свайго твару, на якiм, нягледзячы на зверападобнасць, было напiсана чалавечае пачуццё: страх.

Нейкi час ён разглядаў яго, потым, не выпускаючы, павярнуўся ў бок далiны, зрабiўшы неверагодна рэзкi рух, якi моцна нагадваў рэфлекс напалоханай жывёлiны. Яго ноздры надзiмалiся, нiбы яму хацелася надыхацца гэтым пахам, якi яшчэ ахiнаў схiлы гары. Пакуль ён так стаяў, страх усё больш акрэслiваўся на яго твары, у яго рысах i вачах чыталiся жах, жудасць i роспач, калi тым жа машынальным рухам ён зноў перавёў позiрк на святога.

Тады яго вусны, пакрытыя агiднымi пухiрамi, растулiлiся. З iх вырваўся крык, ад якога задрыжала ўся Гара Хворых, а ў пракажоных верхняга лепразорыя захаланула кроў. У той самы момант мурын далёка адштурхнуў святога з сiлай, якую мог даць толькi смяротны жах. Святы, спатыкаючыся, зрабiў некалькi крокаў назад, звалiўся на зямлю i знерухомеў, нiбы зламаная лялька.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]