Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
11 из 278
Найлепш, здалося мне, яшчэ перад свiтаннем выбрацца крадком i пусцiцца ў дарогу. Бяру свой клунак i, уставiўшы ў адтулiну ключ, стараюся адсунуць засаўку. Аднак гэтыя пiльныя дзверы, якiя ўночы самi адчынялiся, толькi пасля доўгага важдання з ключом вельмi неахвотна далi мне дарогу.
15. Я крыкнуў: "Гэй, ёсць там хто? Адчынiце мне брамку ад двара, я хачу перад свiтаннем выйсцi!"
Вартаўнiк, якi спаў пры браме на зямлi, спрасонку кажа: "Цi ты не ведаеш, што на дарогах неспакойна ад разбойнiкаў? Чаму выпраўляешся ўночы ў дарогу? Калi на тваiм сумленнi цяжкi грэх, што ажно хочаш памерцi, дык i ў нас жа галовы не гарбузы, каб праз цябе памiраць!"
"Хутка, - кажу, - будзе свiтаць. Ды што могуць адабраць разбойнiкi ў такога беднага вандроўнiка? Цi ж ты, дурань, не ведаеш, што голага абабраць нават дзесяцi асiлкам не ўдасца?"
На гэта ён, засынаючы i павярнуўшыся на другi бок, ледзь варушачы языком, балбоча: "Адкуль мне знаць, можа, ты зарэзаў свайго сябра, з якiм вечарам прыйшоў начаваць, i хочаш цяпер ратавацца ад адказнасцi ўцяканнем?"
Калi пачуў я гэта, мне здалося, што зямля расшчапiлася да самага тартара i галодны Цэрбер гатоў мяне растрыбушыць. Тады я зразумеў, што добрая Мяроя не з лiтасцi мяне не зарэзала, а з наўмыснай жорсткасцю пакiнула на ўкрыжаванне.
16. Вярнуўшыся ў пакой, я пачаў думаць, як мне развiтацца з жыццём.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|