Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 12 из 278

А паколькi лёс не даваў мне ў рукi нiякага прадмета смерцi, апроч ложка, дык я звярнуўся да яго: "Ложак мой, ложак, дарагi майму сэрцу, ты столькi са мной перацярпеў, ты ведаеш, што здарылася ўночы, аднаго цябе магу я назвацьсведкам маёй невiнаватасцi. Зрабi мне лягчэйшаю дарогу ў пекла!" Гаворачы гэта, адрываю вяроўку, якая была там нацягнута, i, закiнуўшы яе i замацаваўшы за канец кроквы, што выступаў над акном, на другiм канцы раблю моцную пятлю. Узыходжу на ложак i на сваю загубу, высока падняўшыся, усоўваю ў тую пятлю галаву. Але, як толькi адштурхнуўся я нагой, каб пад цяжарам цела пятла зашмаргнулася каля горла i спынiла дыханне, раптам вяроўка, што была ўжо старая i гнiлая, абрываецца, i я валюся зверху на Сакрата, якi ляжаў побач, i, падаючы, разам з iм качуся на зямлю.

17. Якраз у гэту хвiлiну ўрываецца вартаўнiк i крычыць на ўсё горла: "Дзе ж ты падзеўся? Хацеў сярод ночы iсцi, а цяпер храпеш тут, ухутаўшыся!"

Тут Сакрат, разбуджаны цi нашым падзеннем, цi тым раз'юшаным крыкам вартаўнiка, ускочыў перш за мяне i кажа: "Нездарма ўсе пастаяльцы ненавiдзяць гэтых карчмароў! Вось нахабнiк урываецца сюды, каб, пэўна, што-небудзь стырыць i мяне стомленага будзiць з глыбокага сну сваiм гарлапанствам". Я весела i бадзёра ўскокваю, напоўнены нечаканым шчасцем, i выкрыкваю: "Ну глядзi, звышмудры вартаўнiк, цi забiты ён, мой верны спадарожнiк, мой брат, мой бацька! А ты ж сп'яна балбатаў, што я яго забiў!"

I з гэтымi словамi, абхапiўшы Сакрата за шыю, я пачаў яго цалаваць. Аднак назойлiвы смурод ад нечысцi, якой мяне тыя ламii залiлi, даў яму ў нос, i ён моцна мяне адпiхнуў. "Адчапiся, - кажа, - ты смярдзiш, як начны гаршчок!" I весела пачаў мяне распытваць, адкуль гэты смурод.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]