Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 14 из 278

Жывы колер твару так адмянiўся, што мне здалося, быццам зноў наблiжаюцца да нас начныя фурыi, i ад страху адкушаны мною хоць i маленькi кавалачак хлеба засеў у мяне ў горле i не мог нi апусцiцца ўнiз, нi падняцца ўверх. На дарозе было мала прахожых, i мяне апанаваў страх. Хто ж паверыць, што забойства аднаго з двух падарожных адбылося без удзелу другога?

А мiж тым Сакрат, наеўшыся ўдосталь, адчуў смагу. Ён жа з'еў добрую палову дабрэннага сыру. Паводдаль ад платана працякала цiхая рэчка, падобная на стаў, што блiшчыць, як шкло або серабро.

"Вунь, - кажу, - праганi смагу жывой вадкасцю гэтай крынiцы". Ён устае, скiдае з сябе верхнюю вопратку, знаходзiць зручнае месца на беразе, становiцца на каленi i, нахiлiўшыся, прагна цягнецца да вады. Але, як толькi ён дакрануўся да плынi, рана на яго шыi адкрываецца, губка выпадае з яе, i разам з ёй i некалькi кропель крывi. Амярцвелае цела звалiлася б у ваду, каб я, схапiўшы за нагу, з вялiкай цяжкасцю не выцягнуў яго на высокi бераг. Тут я, аплакаўшы свайго няшчаснага спадарожнiка, засыпаў яго навек зямлёй. А сам у вялiкiм страху, трасучыся за сваю бяспеку, уцякаю i рознымi пустэльнымi i кружнымi шляхамi, быццам я сапраўды забiў чалавека, мiнаю радзiму i родны дом, добраахвотна зрабiўшыся выгнанцам. Цяпер, ажанiўшыся, зноў жыву ў Этолii".

20. Вось што расказаў Арыстамен.

|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]