Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
15 из 278
Аднак ягоны спадарожнiк, якi з самага пачатку недаверлiва ставiўся да апавядання i не хацеў яго слухаць, сказаў:
"Няма большай выдумкi i бязглуздзiцы, чым гэтая мана!" Пасля звярнуўшыся да мяне: "I ты, з вопраткi i выгляду адукаваны чалавек, верыш гэтым казкам?"
"Я, - адказваю яму, - нiчога не лiчу немагчымым, i па-мойму, усяляк можа са смяротным чалавекам здарыцца. I са мной, i з табой, i з кожным iншым здараюцца дзiўныя i амаль неймаверныя справы, якiм, калi расказаць iх недасведчанаму, нiхто не паверыць. Але я клянуся Геркулесам, што гэтаму чалавеку веру i ўдзячны яму вялiкай удзячнасцю за тую асалоду, якую ён нам зрабiў цiкавай гiсторыяй. Я без натугi асiлiў гэту цяжкую i доўгую дарогу. Здаецца нават, што i конь мой цешыцца, што, не турбуючы яго, я да самых гарадскiх варот даехаў на сваiх вушах".
21. Тут закончылася наша падарожжа i разам з тым наша гутарка, бо абодва мае спадарожнiкi павярнулi ўлева да недалёкага хутара, а я, увайшоўшы ў горад, падышоў да першай, якая мне трапiлася, карчмы i пачаў распытваць пажылую гаспадыню. "Гэты горад, - кажу, - называецца Гiпата?" Яна пацвердзiла. "Цi не ведаеш ты Мiлона, аднаго з найбольш знатных тут людзей?" Яна засмяялася. "Сапраўды, - кажа, - найпершым грамадзянiнам тут лiчыцца Мiлон. Яго ж дом сама першы за гарадскiмi варотамi". - "Пакiнь жарты, добрая цётка, i скажы, калi ласка, што ён за чалавек i дзе жыве?" - "Бачыш, - кажа, - крайнiя вокны, што глядзяць на горад, а з другога боку побач брама на завулак выходзiць? Там гэты Мiлон i жыве. Гэта страшэнны багацей, набiты грашыма, але скупы да крайнасцi i ўсiм вядомы як чалавек сама подлы i крывадушны.
|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|