Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
16 из 278
Ён займаецца лiхвярствам, пад заклад золата i серабра дзярэ вялiкiя працэнты, адданы толькi нажыве, запёршыся ў сваёй хаце, жыве там з жонкай, якая раздзяляе з iм ягоную прагавiтасць. Ён трымае толькi адну служанку i заўсёды ходзiць, як жабрак". На гэта я, засмяяўшыся, падумаў: вось дык карысную i прадбачлiвую рэкамендацыю даў мне на дарогу Дамея. Да такога чалавека ён мяне накiраваў, у гасцiнным доме якога не трэба будзе баяцца нi чаду, нi кухоннага смуроду.
22. Дом аказаўся побач, я падыходжу i пачынаю стукаць i крычаць у наглуха зачыненыя дзверы. Нарэшце нейкая дзяўчына адзываецца. "Гэй, ты, - кажа, - чаго грукочаш у дзверы? Пад якi заклад хочаш узяць пазычку? Хiба ты адзiн не ведаеш, што, апроч золата i серабра, у нас нiчога не прымаюць?" "Пазыку? Ну не. Зыч мне, - кажу, - чаго-небудзь лепшага i хутчэй кажы, цi ўдому твой гаспадар?" "Вядома, - адказвае яна, - а навошта ён табе патрэбен?" "Я прынёс яму пiсьмо ад Дамеi з Карынфа". "Зараз далажу, - адказвае, - пачакай мяне тут". Сказаўшы гэта, зноў замкнула дзверы i пайшла. Праз некалькi хвiлiн адчынiла i кажа: "Запрашаюць".
Уваходжу i бачу, што гаспадар ляжыць на канапцы i збiраецца палуднаваць, а каля ягоных ног сядзiць жонка. Ён паказаў мне пустое крэсла. "Вось, - кажа, калi ласка". "Дзякую", - кажу i перадаю яму пiсьмо ад Дамеi. Хутка прачытаўшы яго, ён кажа: "Я ўдзячны майму Дамеi за тое, што ён прыслаў мне такога гасця!"
З гэтымi словамi ён загадвае жонцы адступiць мне сваё месца. Калi я пачаў сцiпла адмаўляцца, ён схапiў мяне за крысо. "Сядай, - кажа, - другiх крэслаў у мяне няма. Мы асцерагаемся злодзеяў i таму не набываем рэчаў у дастатковай колькасцi". Я выканаў ягонае жаданне.
|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|