Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
32 из 278
Калi ты мужчына, то атакуй з фронту i нападай з жарам, а, наносячы ўдары, будзь гатоў на смерць! Сягонняшняя бiтва праводзiцца бязлiтасна!"
З гэтымi словамi яна ўскоквае да мяне на ложак, сядае на мяне конна i гуллiва пачынае варушыцца ўдоўж i ўпоперак, пакуль наша здавальненне не дасягае найвышэйшай ступенi, пасля чаго мы, амаль страцiўшы свядомасць, у моцных абдымках, задыханыя падаем ад знямогi.
У гэтакiх i падобных сутычках правялi мы ноч да свiтання, праганяючы час ад часу стому келiхамi, узбуджаючы пажадлiвасць i нанова аддаючыся захапленню. За прыкладам гэтай ночы мы пазней дабавiлi да яе i шмат iншых.
18. Так здарылася, што Бiрэна вельмi настойлiва запрашала мяне прыйсцi да яе на сцiплую сяброўскую вячэру. Я доўга адмаўляўся, аднак мае адгаворкi яе не пераканалi. Тады прыйшлося звярнуцца да Фацiды i спытаць у яе парады, як у аракула. Хоць ёй цяжка было расстацца са мной нават на сама кароткi тэрмiн, яна ласкава згадзiлася на непрацяглае перамiр'е ў ваенных падзеях кахання, але кажа мне: "Ты пастарайся раней пайсцi з вячэры. Водзiцца ў нас хеўра з сама знатных маладых людзей, якiя парушаюць грамадскi парадак. Часта бываюць на вулiцах трупы забiтых, а атрады намеснiка нiяк не могуць ачысцiць горад ад гэтай пошасцi. Лёс шчодра надзялiў цябе сваiмi дарамi, а яны з табой, як з чалавекам прыезджым, цырымонiцца не будуць, дык якраз можаш трапiць у пастку".
"Не трывожся, - кажу, - мая Фацiда. Дзеля таго, што нашы з табой уцехi мне даражэйшыя, чым чужыя вячэры, я супакою твае страхi, вярнуўшыся як найраней. I пайду не без правадыра. Падперазаўшыся сваiм мячом, я сам панясу заруку сваёй бяспекi".
Так падрыхтаваўшыся, выпраўляюся на вячэру.
19. Там застаю я, як i належыць у знатнай жанчыны, шмат запрошаных - цвет горада.
|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|