Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
5 из 278
Я не мог глядзець на гэты жаласны стан майго сябра, падаў яму руку i памог падняцца на ногi.
7. Аднак ён, як быў з накрытай галавой, кажа: "Пакiнь, няхай лёс удосталь нацешыцца з ахвяры, якую стварыў на здзек".
Я змушаю яго iсцi са мной, хутка апранаю цi, дакладней сказаць, прыкрываю ягоную галiзну адной з дзвюх маiх апратак, якую зняў з сябе, i вяду яго ў лазню. Там старанна рыхтую мазi i нацiраннi, здымаю з яго вялiкi слой бруду i, як след вымыўшы, сам вельмi стомлены, вяду яго, падтрымоўваючы, да сябе, саграю пасцеляй, частую ежай, падмацоўваю келiхам, забаўляю гутаркай.
Ужо пачаў ён размаўляць i жартаваць, ужо пайшлi жарты i кпiны, хоць i нясмелыя, ды раптам, цяжка з глыбiнi грудзей уздыхнуўшы, ён моцна стукнуў сябе кулаком па лобе i выкрыкнуў:
"О я няшчасны! Захапiўшыся гладыятарскiмi вiдовiшчамi, што тады вельмi славiлiся, у якiя ж я заблытаўся беды! Як табе вядома, прыехаўшы ў Македонiю па даходнай справе, якая мяне там затрымала больш як на дзевяць месяцаў, я накiраваўся назад з даволi ладным набыткам. Калi быў ужо недалёка ад Ларысы, дзе мне хацелася пабачыць гладыятарскiя вiдовiшчы, у самотнай глыбокай цяснiне напалi на мяне разбойнiкi. Яны забралi ўсё, удалося толькi выратаваць жыццё. У такiм адчайным стане падаюся я да старой, але яшчэ бадзёрай удавы, карчмарыхi Мярое. Расказваю ёй, чаму так доўга не быў дома, пра тое, як вяртаўся i як быў абрабаваны. Яна спачувальна праслухала ўсю маю гiсторыю, накармiла дарма добрай вячэрай i ўрэшце, пабуджаная пажадлiвасцю, узяла мяне да сябе ў ложак.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|