Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 6 из 278

I вось маё няшчасце гатова!З гэтага часу не магу ад яе адчапiцца. Усадзiў у яе ўсё: i лахманы, якiя мне пакiнулi бандыты, i грошы, якiя зарабляў, працуючы грузчыкам, калi была яшчэ сiла, аж пакуль гэта добрая жанчына i нядоля не давялi мяне да гэтага стану, у якiм ты мяне толькi што бачыў".

8. "Клянуся Геркулесам! - сказаў я. - Ты цалкам гэтага заслугоўваеш, а мо яшчэ большага, калi можа быць большае няшчасце, чым дзеля распуснiцы i яе ласкаў вырачыся дому i дзяцей!"

Але ён спалохана прыставiў палец да вуснаў. "Маўчы, - кажа, - маўчы!" А сам азiраецца, цi хто не пачуў. "Сцеражыся, - кажа, - жанчыны-чараўнiцы, бо можаш сабе непаўстрыманым языком наклiкаць бяды". "Так? - запытаўся я насмешлiва, - што ж гэта за жанчына, твая карчмарка, уладарнiца i каралева?"

"Яна ведзьма i чараўнiца, - адказвае ён, - яна можа неба апусцiць, зямлю падвесiць, ручаi зрабiць цвёрдымi, горы расплавiць, нябожчыкаў узняць, багоў звесцi, зоркi патушыць i нават тартар асвятлiць!" "Даволi, - кажу, - апусцi гэту трагiчную заслону i складзi сваю тэатральную шырму, гавары па-людску".

"Хочаш, - пытаецца, - пра адну, пра дзве, ды што там! аб процьме штук яе паслухаць? Выклiкаць любоў да сябе не толькi жыхароў гэтага краю, але Iндыi, абедзвюх Эфiопiяў i нават антыхтонаў - ёй глупства, дзiцячыя забаўкi! Але паслухай, што яна зрабiла на вачах у многiх людзей.

9. Свайго палюбоўнiка, якi асмелiўся пакахаць другую жанчыну, адным словам абярнула ў бабра, бо гэты звер, калi яму пагражае небяспека быць злоўленым, абрывае свае палавыя органы.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]