Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 9 из 278

Бачу дзвюх пажылых жанчын. Адна з iх нясе запаленую лямпу, а другая губку i аголены меч. Вось яны спыняюцца каля Сакрата, якi моцна спаў. Пачынае тая, што з мячом: "Вось, сястра Панцiя, мой дарагi Эндзiмiён, мой падчашы, якi днi i ночы цешыўся маiмi маладымi гадочкамi, той, што маiм каханнем пагарджаў i не толькi мяне чарнiў, але i задумаў навек ад мяне ўцячы. А я, значыцца, як тая хiтрым Улiсам пакiнутая Калiпса, буду аплакваць вечную адзiноту". А пасля, прасцёршы руку i паказваючы сваёй Панцii мяне, працягвала: "А вось добры дарадчык, Арыстамен, што падбiў яго на ўцёкi, якi ледзь жывы ляжыць цяпер на зямлi, з-пад ложка пазiрае на нас i спадзяецца застацца непакараным за нанесеную мне абразу! Але я паклапачуся, каб ён неўзабаве, ды не! зараз жа, нават у гэтую хвiлiную атрымаў кару за ўчарашнюю балбатню i за сягонняшнюю цiкавасць!"

13. Пачуўшы гэта, я аблiўся халодным потам, i ўсё маё нутро закалацiлася, ажно да маiх неспакойных дрыжыкаў ложак затанцаваў на маёй спiне. А добрая Панцiя кажа: "А чаму б нам, сястра, перш за ўсё не растрыбушыць яго, як гэта робяць вакханкi, або, звязаўшы рукi i ногi, не вылегчаць?" У адказ ёй Мяроя (угадаў цяпер яе iмя, бо з расказаў Сакрата можна было здагадацца) адказвае: "Не, пакiнем яго жывога, каб было каму жменяй пяску засыпаць цела гэтага няшчаснага". I, павярнуўшы Сакратаву галаву, убiла яму ў левы бок шыi свой меч аж па дзяржальна, а кроў, што выцякала, старанна сабрала ў прыстаўленую да раны торбачку так, каб нi адна кропля не магла ўпасцi. Я гэта бачыў на свае вочы.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]