Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке) :: Лагерлеф Сельма
Страница:
67 из 115
Яго словы пачулi ўсе i ўскалыхнулi народ. Ужо вельмi ж непадобна было на Эрыка Iварсана прызнаць, што хтосьцi больш варты за яго, ды яшчэ жадаць сабе смерцi дзеля чужога шчасця. Ва ўсiм натоўпе не знайшлося б цяпер нiводнага чалавека, хто па-ранейшаму лiчыў бы яго разбойнiкам i злодзеем. Са слязамi на вачах малiлiся людзi Богу, каб Эрык выкiнуў пабольш ачкоў.
Ён i не патурбаваўся патрэсцi ў кубку косцi, а толькi, падняўшы кубак уверх i апусцiўшы яго ўнiз, выкiнуў косцi на барабанную шкуру. Вочы яго былi надта старыя, каб убачыць ачкi на кубiках, i ён, нават не зiрнуўшы на iх, стаяў, утаропiўшыся ў прастору.
Але суддзя i iншыя паспяшалiся да барабана. I ўсе прачыталi на iхнiх тварах тое ж здзiўленне, што i ў мiнулы раз.
А натоўп, якi стаяў перад салдацкiм частаколам, быццам зразумеў усё, што адбылося, яшчэ задоўга да таго, як ленсман аб'явiў вынiк справы. Нейкая жанчына ўсклiкнула:
- Няхай уратуе цябе Гасподзь, Эрык Iварсан!
I ўслед пачуўся шматгалосы крык:
- Дзякуй i хвала Госпаду за тое, што ён дапамог табе, Эрык Iварсан!
Вязаная шапачка Паўля Элiясана ўзляцела ў паветра, як i першы раз, i ўсе зноў ахнулi. Няўжо ён не думае, чым гэта пагражае яму самому?
Эрык Iварсан стаяў маўклiвы i абыякавы, твар ягоны нiколькi не пасвятлеў. Думалi - магчыма, ён чакае, калi ленсман аб'явiць вынiк, але нават калi гэта i адбылося i Эрык даведаўся, што ён таксама, як i ягоны брат, выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, то застаўся абыякавы.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|