Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 156 из 315



Гэтую дзёрзкую весялосць i блазнаванне я паставiў на месца той волi, калi вучыў: "Адно немагчымае ва ўсiх рэчах - разумнасць!"

Хоць крыху розуму - насенне мудрасцi, рассеянае ад зоркi да зоркi - гэтая закваска дамяшаная да ўсiх рэчаў: да блазнавання дамяшаная мудрасць рэчаў!

Крыху мудрасцi - гэта ўжо магчыма; але вось якую шчасную ўпэўненасць знаходзiў я ва ўсiх рэчах: яны любяць скакаць на нагах выпадку.

О яснае i высокае неба па-нада мною! У тым якраз ад сёння твая чысцiня мне, што больш няма вечнага павука-розуму i ягонай павуцiны:

- што ты - месца пад скокi боскiх выпадковасцяў, што ты - стол божышчаў, на якiм божыя гульцы кiдаюць гульнёвыя косцi.

Ты чырванееш? Хiба я сказаў, чаго не след было? Альбо хочучы дабраславiць, сказаў якi кленiч?

Альбо сорам - быць удвух - увагнаў цябе ў чырвань? Ты кажаш мне змоўкнуць i сысцi, бо вось - блiзiцца дзень?

Свет глыбокi, i ён глыбейшы, чым гэта калi думалася дню. Не ўсё асмельваецца гаварыць перад аблiччам дня. Але дзень блiзiцца, i мы развiтаемся!.."

Так сказаў Заратустра.

Пра цноту, якая нiкчэмнiць

1

Калi Заратустра быў зноў на цвёрдай зямлi, ён не адразу пайшоў на сваю гару ў пячору, а прайшоў шмат дарог, усюды распытваў i выпытваў пра тое, пра сёе, так што, жартуючы, нават казаў сам сабе: "Вось рака, якая многiмi звiвамi вяртаецца да сваiх вытокаў!" Бо яму карцела ведаць, што сталася з чалавекам за час, калi яго, Заратустры, не было: зрабiўся ён большы цi меншы.

|< Пред. 154 155 156 157 158 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]