Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 42 из 315



Вамi хоча ён завабiць многiя мноствы! I вось прыдумана была пякельная штука - конь смерцi, якi бразгае збруяй боскiх пашанаў!

Праўда, смерць была вынаходлiвая для многiх мностваў, смерць, якая славiць сябе пад выглядам жыцця: сапраўды, неацэнная паслуга ўсiм прапаведнiкам смерцi!

Дзяржаваю называю я гэтага кумiра; дзяржаваю, дзе ўсе - i добрыя i благiя - упiваюцца атрутай; дзяржаваю, дзе ўсе - i добрыя i благiя - губляюць самiх сябе; дзяржаваю, дзе павольнае самазабойства ўсiх называецца "жыццём".

Зiрнiце ж на ўсiх гэтых лiшнiх! Яны крадуць творы вынаходцаў i скарбы мудрацоў: культурай называюць яны гэты крадзеж - i ўсё ў iх ператвараецца ў хваробы i нягоды!

Зiрнiце на гэтых лiшнiх! Яны ўвесь час хворыя, яны выблёўваюць сваю жоўць i называюць гэта газетай. Яны глытаюць адзiн аднаго i нiяк не могуць сябе стравiць.

Зiрнiце ж на гэтых лiшнiх! Яны грабуць багаццi i бяднеюць яшчэ больш. Яны, нямоглыя, прагнуць улады i, перш за ўсё, яе рычага - грошай!

Зiрнiце, як яны лезуць, гэтыя ўвiшныя малпы! Як караскаюцца адзiн цераз аднаго i зрываюцца ў смярдзючую прорву!

Туды, да трона iмкнуцца яны: у шаленстве сваiм яны думаюць, быццам на троне сядзiць шчасце! Часта бруд сядзiць на троне, а часта сам трон - на брудзе.

Шаленцы ўсе гэтыя, што караскаюцца, як малпы, кiдаюцца, быццам у гарачцы. Смуродам патыхае iхнi кумiр, гэтая халодная пачвара; смярдзяць i яны самыя ўсе разам, службiты iдала.

|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]