Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
45 из 315
Бяжы туды, дзе вее свежы сiберны вецер!
Уцякай у свой зацiшак! Занадта блiзка да малых i нiкчэмных ты жыў; уцякай ад iх небяспечнае помсты! Няма ў iх нiчога, акрамя помсты.
Не падымай на iх рук! Бо iм лiку няма, i не твая гэта доля - аганяцца ад мух.
Iх безлiч, гэтых малых i нiкчэмных; не аднаму ганарыстаму будынку сталiся прычынаю пагiбелi кроплi дажджу i пустазелле.
Ты - не камень, але ўжо робiшся пусты ад мноства кропель, што капаюць на цябе. Шчылiны i трэшчыны паяўляюцца на табе ад тых кропель.
Я бачу, стамiўся ты ад ядавiтых мух i да крывi падрапаны ў многiх мясцiнах, а гонар твой не хоча нават абурыцца.
Крывi тваёй хочуць яны, крывi прагнуць iх бяскроўныя душы - вось i джаляць яны ў нявiннасцi i прастаце сваёй.
Але ты глыбокi i глыбока пакутуеш нават ад нiкчэмных ран; i вось, не паспееш ты вылечыцца - зноў паўзе чарвяк па тваёй руцэ.
Але ты занадта горды, каб узяць i раздушыць гэтых ласуноў; дык сцеражыся, каб не сталася доляй тваёй цярпець ад iх ядавiтай нахабнасцi.
I, хвалячы, брунжаць яны вакол цябе: настырнасць - вось што такое iхнiя пахвалы! Быць блiжэй да скуры i да крывi тваёй - гэтага прагнуць яны.
Яны лiслiвяць табе, як Богу цi д'яблу; яны вiшчаць перад табою, быццам перад Богам альбо д'яблам. Што з таго! Яны лiслiўцы, пахлебцы i не больш за тое.
Бываюць яны ласкавыя i запабеглiвыя з табою. Але такая была заўсёды разумнасць у баязлiўцаў. Так, баязлiўцы - разумныя!
Сваёй нiкчэмнай душой яны шмат думаюць пра цябе: ты заўсёды iм падазроны.
|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|