Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 91 из 315



Зайздрасць вядзе iх на сцежку мыслiцеляў: i вось якая прыкмета такое зайздрасцi - яны заходзяць так далёка, што ўрэшце, стомленыя, засынаюць на снезе.

У кожнай iхняй скарзе чуецца помслiвасць, у кожнай пахвале тоiцца абраза; i быць суддзямi здаецца iм шчасцем.

Але я заклiкаю вас, сяброве мае: не давярайце нiкому, у кiм бушуе прага караць!

Гэта людзi благое пароды i благога роду; у iх тварах - кат i сышчык!

Не давярайце i тым, хто шмат разводзiць пра сваю справядлiвасць. Далiбог, iх душам бракуе толькi мёду.

I калi яны называюць сябе "добрымi i справядлiвымi", не забывайце, што, каб зрабiцца фарысеямi, iм не хапае толькi аднаго - улады!

Сяброве мае, я не хачу, каб мяне з кiм-небудзь пераблыталi. Бо ёсць такiя, што прапаведуюць маё вучэнне пра жыццё: i пры гэтым яны - прапаведнiкi роўнасцi i тарантулы.

Калi i гавораць на карысць жыцця, засеўшы ў сваiх норах, гэтыя ядавiтыя павукi, адвярнуўшыся ад усяго жывога, дык толькi, каб шкодзiць.

Так яны хочуць нашкодзiць тым, у каго ўлада: бо ў тых яшчэ колькi хочаш у запасе пропаведзяў смерцi.

Каб было яно iначай, дык i тарантулы вучылi б iнакш: менавiта ж бо яны былi колiсь зацятымi паклёпнiкамi на жыццё i спальшчыкамi ерэтыкоў.

Я не хачу, каб мяне блыталi з гэтымi прапаведнiкамi роўнасцi, бо справядлiвасць кажа мне так: "людзi не роўныя".

|< Пред. 89 90 91 92 93 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]