Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
3 из 99
Крызыс сярэднявечнай духовасьцi стаўся прычынай усеабдымнага крызысу эўрапэйскага грамадзтва. Адыходзiла старая гатычная Эўропа, аб'яднаная лацiнскай культурай, каталiцкай царквою, рыцарскай традыцыяй i фэўдальнымi адносiнамi, якiя панавалi на ўсiм абшары ад Пiрэнэяў да Дняпра, ад Сiцылii да Скандынавii. Нясупынныя войны руйнавалi цэлыя краiны. Спачатку Стогадовая вайна пустошыла Францыю, пасьля ў Англii вайна Белай i Пунсовай Ружы вынiшчыла большасьць ангельскага рыцарства. У Гiшпанii чатыры каралеўствы змагалiся памiж сабою i з арабамi, iмкнучыся здабыць згубленыя яшчэ ў VIII стагодзьдзi землi. Чэхiя, прыняўшы пропаведзь Яна Гуса аб вяртаньнi царквы да Эвангельля, дзесяткi гадоў вяла барацьбу супраць войскаў нямецкага iмпэратара. Iталiйскiя дзяржавы зацята бiлiся памiж сабою за панаваньне на Апэнiнах.
Калi дадаць да гэтага эпiдэмii i розныя стыхiйныя бедствы, няма нiчога дзiўнага, што людзi жылi ў страху. Надмагiльныя камянi ў супрацьлегласьць спакойным постацям з VIII стагодзьдзя паказвалi людзей, мучаных хваробамi, старасьцю, зьнiшчаных жыцьцём. "Танцы сьмерцi" запоўнiлi фрэскi, гравюры, з аднолькавай пагардаю паказваючы каралёў i бiскупаў, прыгожых жанчынаў i манахаў. Замест Хрыста-Валадара ў каралеўскiх шатах, так распаўсюджанага ў раньнiм Сярэднявеччы, касьцёлы напоўнiлiся выявамi Iсуса, Якi памiрае на крыжы ў страшэнных муках. Усе чакалi хуткага канцу сьвету. Прароцтвы з Адкрыцьця сьвятога Яна сталi папулярнымi як нiколi. Тым больш, што на Ўсходзе паўставаў небясьпечны апакалiптычны вораг.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|