Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
4 из 99
У 1453 годзе Эўропа аслупянела на вестку аб захопе туркамi Канстантынопалю. Бiзантыйская iмпэрыя - хрысьцiянская дзяржава, спадкаемца Рымскай iмпэрыi ў Грэцыi i на Блiзкiм Усходзе - перастала iснаваць. Султан Мэхмэт на канi ўехаў у храм сьвятой Сафii, якi пасьля быў перароблены на мячэт.
Усе гэтыя падзеi прымушалi людзей шукаць збаўленьня, задумвацца аб вечнасьцi. Пытаньне пра лёс чалавека пасьля сьмерцi выходзiла на першы плян. Сяляне i рыцары, каралi i месьцiчы распачлiва шукалi дарогi, якая забясьпечыць iм вечнае жыцьцё, выбавiць ад кары за грахi. У другой палове XV стагодзьдзя вялiкую папулярнасьць набылi iндульгенцыi - граматы, якiя абяцалi прабачэньне грахоў кожнаму, хто дасьць грошы на нейкую мэту, вызначаную папам рымскiм. Прагнучы ўнутранага супакою, людзi скуплялi розныя рэлiквii, якiя, маўляў, гарантавалi вечнае жыцьцё, шукалi магчымасьцi дакрануцца цi хаця б пабачыць галiнку палаючага куста, якi бачыў Майсей, аблiчча Iсуса на хустцы сьвятой Вэранiкi, вяроўку, на якой павесiўся Юда, цi адзiн са срэбнiкаў, што ён атрымаў за здраду Хрыста.
Але ня толькi апакалiптычныя настроi несла ў сабе XV стагодзьдзе. Новыя iдэi, народжаныя ў Iталii, iмклiва распаўсюджвалiся на поўнач, захад i ўсход. Гэта былi iдэi Рэнэсансу, Адраджэньня. Зьвяртаючыся да скарбаў антычнай культуры, Рэнэсанс нёс у сабе новы стыль жыцьця, новы спосаб успрыйманьня сьвету. "Чалавек нараджаецца не дзеля таго, каб марнець у бязьдзеяньнi, а каб працаваць над вялiкай i грандыёзнай справай", - казаў адзiн зь дзеячоў гэтай эпохi Леон Батыста Альберцi.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|