Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
40 из 99
Мiкалай Радзiвiл, бачачы, як дзяржава гiбее без адпаведнага лiдарства, прапанаваў беларускiм магнатам зьвярнуцца да Жыгiмонта Старога з просьбай аб перадачы рэальнай улады ў Княстве сыну караля, Жыгiмонту Аўгусту, якi ў 1529 г. быў ужо фармальна абраны i на польскi, i на лiтоўскi трон. Гэтая прапанова Чорнага патрапiла на добрую глебу, i восеньню 1544 г. на Берасьцейскiм сойме Жыгiмонт Аўгуст дэ-факта становiцца ўладаром Вялiкага Княства Лiтоўскага. Трыццацiгадовы Мiкалай Радзiвiл стаў галоўным дарадцам i правай рукой вялiкага князя, зь якiм яго зьвязвалi доўгiя гады сяброўства яшчэ з часоў знаходжаньня ў Кракаве пры каралеўскiм двары. Гэтая пазыцыя Чорнага была замацаваная пасадаю вялiкага маршалка, найважнейшай пасьля канцлера пасадай у Вялiкiм Княстве, якую надаў свайму сябру Жыгiмонт Аўгуст. Да кампэтэнцыi маршалка належала судовая ўлада вышэйшай iнстанцыi i пытаньнi зьнешняй палiтыкi краiны.
Уплыў Мiкалая Радзiвiла на дзяржаўныя справы яшчэ больш павялiчыўся, калi неўзабаве Жыгiмонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзiвiл, стрыечную сястру Чорнага. Маладая ўдава троцкага ваяводы жыла тады ў палацы свайго брата, Мiкалая Радзiвiла Рудога. Вялiкi князь часта наведваў яе, i вестка пра гэта разыйшлася па ўсёй краiне. Браты Барбары зьвярнулiся да свайго валадара, просячы, каб сваiмi заляцаньнямi да iхняй сястры не прыносiў няславы роду Радзiвiлаў i не наведваў палац на Лукiшках у iх адсутнасьць. Жыгiмонт Аўгуст згадзiўся i нейкi час да Барбары не прыходзiў.
|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|