Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
47 из 99
I цяпер кожны яўна бачыць i чуе, што практычна ўсе знакамiтыя дамы ў Княстве Лiтоўскiм, i ў Жамойцi, i на Русi, гледзячы на прыклад i напамiны Вашай княскай мiласьцi, часта слухаючы Слова Божае ад сваiх прапаведнiкаў, прыйшлi i сёньня надалей прыходзяць, паводле волi i мiласэрнасьцi Божай, да пазнаньня Слова Ягонага".
Мiкалай Чорны зь вялiкiм энтузыязмам падтрымлiваў кожную iнiцыятыву рэформы царквы ў Вялiкiм Княстве. Аднак задача, якую паставiў сабе вiленскi ваявода, не была простай, ня гледзячы на тое, што ён меў вялiзарную ўладу i немалыя сродкi. Сутыкаючыся з рознымi праблемамi ў ажыцяўленьнi пераўтварэньняў, князь Мiкалай вёў сталую перапiску зь нямецкiмi i швайцарскiмi рэфарматарамi: Кальвiнам, Булiнгерам, Вольфам, Мэлянхтонам, i раiўся зь iмi ў шматлiкiх практычных i багаслоўскiх пытаньнях.
Мiкалай Радзiвiл ня быў адзiным, хто прагнуў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве. Лiтаральна празь месяц пасьля Мiкалая Чорнага аб сваiм навярненьнi абвясьцiлi Геранiм Хадкевiч i Станiслаў Кiшка. Не прайшло i году, як пасьлядоўнiкамi Рэфармацыi сталi Валовiчы, Глябовiчы, Сапегi, Вiшнявецкiя, Войны, Пацы, Зяновiчы, Агiнскiя, Пронскiя, Нарушэвiчы, Шэметы i iншыя. Шляхта, як католiкi, так i праваслаўныя, масава пераходзiлi ў кальвiнiзм, а месьцiчы актыўна прымалi вучэньне Лютара. Па-рознаму адбывалiся гэтыя навярненьнi. У князя Паўла Друцкага-Сакалiнскага, цiвуна троцкага, жонка пачала хадзiць на кальвiнскiя набажэнствы. Князь спачатку злаваўся, крычаў, што здрадзiла веры, потым перастаў зьвяртаць увагу.
|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|