Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
10 из 173
– Вунь ён ужо выходзіць у возера. Нічога не зробіш, прыйдзецца плысці.
І хлопцы пусціліся ў далейшую дарогу.
Вельмі хутка яны пераканаліся, што плысці ў адзенні – гэта вялікая пакута. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала, і ўніз цягнула. Спачатку хлопцы маглі праплысці без адпачынку якую сотню метраў, а потым усё менш і менш. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што «станцыі» размяшчаліся зусім не так, як хацелася б. Дрэвы трапляліся вельмі рэдка, і не заўсёды былі яны па дарозе. Часта прыходзілася адпачываць проста ў вадзе, трымаючыся за верхавіны кустоў. А тады цела яшчэ больш дубянела ад холаду. Таму, калі сустракалася дрэва, на якое можна было ўзлезці, то хлопцы больш радаваліся магчымасці пагрэцца на сонцы, чым адпачынку. А кракадзілы і тыгры больш ужо не прыходзілі ў галаву – не да таго было.
Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Калі сталі, то вада даходзіла ім да грудзей. Радасць была надзвычайная. Але зноў бяда: дно аказалася такое дрыгвяное, што ісці па ім не было ніякай магчымасці.
– Ведаеш што? – сказаў тады Віктар. – Давай скарыстаем закон Архімеда.
– Якім чынам? – здзівіўся Мірон ад нечаканасці.
– Калі мы апусцімся ў ваду па шыю, то зробімся лягчэйшымі на столькі, колькі важыць выціснутая намі вада.
– Так.
– Значыцца, мы не будзем загразаць у балоце і пойдзем сабе ўпрысядку, як па шасэ. Вось паспрабуй.
Апусціліся ў ваду – сапраўды ногі не загразаюць.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|