Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 11 из 173

Але як толькі пасунуліся наперад, – пачалі загразаць нават горш, чым раней.

– Вось табе і Архімед! – з прыкрасцю сказаў Віктар.

– Не Архімед вінаваты, а мы самі, – разважліва прамовіў Мірон. – Мы не ўлічылі, што, рухаючыся, павінны пераадольваць супраціўленне вады, а для гэтага вымушаны моцна ўпірацца ў дно.

Такім чынам, хлопцам прыйшлося плысці нават па неглыбокім месцы. Толькі што можна было часцей адпачываць, стоячы на купінках, ды грэцца на сонцы.

Нарэшце яны наблізіліся да берага на такую адлегласць, што рукі пачалі даставаць зямлю. Але стаць усё роўна было немагчыма – зараз жа ногі правальваліся ў багну.

– Што ж цяпер рабіць? – разважаў Віктар, калі прыпыніўся апошні раз на кусце. – Ні плысці, ні ісці нельга.

– Значыцца, трэба паўзці на руках, – сказаў Мірон, выпрастаўся нерухома на вадзе і лёгка паплыў, перабіраючы рукамі па зямлі.

За ім пусціўся Віктар.

– Ну як? Цяпер Архімед дапамагае? – спытаў Мірон.

Каб выправіць сваю папярэднюю памылку і паказаць, што ён не горш за Мірона разумее гэтае пытанне, Віктар паспяшаўся даць тлумачэнне:

– Цяпер у нас супраціўленне вады зусім невялікае, і нам не трэба моцна ўпірацца рукамі.

Усё ішло добра, пакуль цела трымалася ў вадзе. А калі яны падплылі да берага метраў на пяцьдзесят ды «селі на мель», тады ўжо ніякім спосабам нельга было рухацца далей. Немагчыма было ні абаперціся рукамі, ні стаць на ногі – ад кожнага руху хлопцы яшчэ больш загразалі ў балоце.

|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]