Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 13 из 173

Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:

– Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.

– Трэба, – пацвердзіў Віктар.

І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:

– Нічога не зробіш, трэба ўставаць.

– Трэба, – пацвердзіў Мірон.

І зноў абодва засталіся ляжаць.

Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:

– Так нічога не выйдзе. Давай па камандзе: р-раз!

– Два! – падхапіў Віктар.

А «тры» не сказаў ні той, ні другі – так хацелася яшчэ хвіліначку паляжаць. Многа яшчэ прайшло такіх хвіліначак, пакуль, нарэшце, бадай абодва разам крыкнулі «тры», усхапіліся на ногі і пачалі распранацца.

Адзежы ўсёй разам было: дзве пары бялізны, двое штаноў, дзве верхнія кашулі, пара ботаў (Міронавы), пара чаравік (Віктаравы), скураная куртка (Віктарава), суконная світка (Міронава), пара рваных шкарпэтак (Віктаравы), пара ануч (Міронавы) і дзве шапкі.

Ператрэслі кішэні і падлічылі ўсю сваю маёмасць наогул.

Віктар перш за ўсё ўхапіўся за свой табак. Зверху махорка зрабілася на кашу, а ад паперы нічога не засталося.

– Эх, шкада дабра! – уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. – Дзе яго цяпер возьмеш?

– І добра! – сказаў Мірон. – Прынамсі, курыць адвыкнеш.

– Ну не, брат! Я лепш есці адвыкну.

– Цяпер для мяне гэта было б вельмі дарэчы, – спакойна прамовіў Мірон і выцягнуў з кішэні мокрую скарынку хлеба.

– Хлеб?! – падскочыў Віктар.

|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]