Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
164 из 173
Тады адбыўся нечаканы паварот.
Адзін з бандытаў, убачыўшы, што з трох нападаючых двое зусім яшчэ маладыя хлопцы, кінуўся пад ногі Саўчуку, зваліў яго і ўхапіўся за рэвальвер, што ляжаў на зямлі. Двое яго таварышаў апусцілі рукі і нарыхтаваліся кінуцца ў бойку. У гэты самы момант пачуліся тры стрэлы…
Два разы стрэліў Мірон у бандыта, што схапіў рэвальвер. Той выпусціў зброю. Віктар, не цэлячыся, стрэліў у «сваіх» бандытаў, і гэта затрымала іх на тую секунду, якая патрэбна была Саўчуку, каб падняцца на ногі. А тады ўжо бандыты «шчыра» паднялі рукі.
– Малайцы, хлопцы! – коратка сказаў Саўчук, і гэтыя словы з вуснаў камандзіра былі для іх самай лепшай пахвалой.
Двум здаровым бандытам было загадана перавязаць сваіх раненых таварышаў. У аднаго з іх была перабіта правая рука, другому Мірон прастрэліў плячо і зачапіў бок. На бінты для іх прыйшлося рваць сарочкі.
– Вы іх тут пільнуйце, – ціха сказаў Саўчук, – а я прывяду тых двух.
Як толькі Саўчук адышоўся, хлопцы адразу адчулі трывожную напружанасць. Яны пачалі заўважаць, што бандыты, робячы перавязку, больш сачылі за хлопцамі, чым за сваёй работай. Яны паварочваліся і станавіліся не так, каб зручна было перавязваць, а так, каб зручна было кінуцца на вартавых.
Памятаючы параду Саўчука, хлопцы трымаліся на такой адлегласці, каб адным махам да іх нельга было даскочыць, а рэвальверы не апускалі ні на адну хвіліну.
|< Пред. 162 163 164 165 166 След. >|