Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 165 из 173

Апрача таго, трымаліся блізка адзін ля аднаго і ўвесь час мянялі свае пазіцыі, каб было зручна ім, а не бандытам. Ніводнага слова не сказалі хлопцы адзін аднаму, а дзейнічалі так дружна і ўзгоднена, нібы ўсё ў іх было дагаворана. Значыцца, абодва добра навучыліся разумець становішча.

Хлопцы ўздыхнулі вальней, калі падышоў Саўчук з двума ранейшымі палоннымі. Раты іх былі ўжо развязаны.

– І вы папаліся? – з папрокам сказаў адзін з іх сваім новым таварышам.

– Гэтак жа, як і вы! – злосна буркнуў нехта ў адказ.

Саўчук падышоў да іх і сказаў:

– Дазвольце ўжо і вам звязаць рукі. Мы вымушаны гэта зрабіць.

Бліснулі бандыты вачыма, сцялі зубы, сціснулі кулакі, але за спіною стаялі хлопцы з рэвальверамі – і бандыты скарыліся.

Каб перавязаць усім рукі і ногі, Саўчук зняў з бандытаў усе паясы і рамяні, якімі яны былі падперазаны. Віктар штурхнуў пад бок Мірона і шапнуў:

– Цяпер яны не ўцякуць, каб нават і ногі былі не звязаныя.

Тыя два, якіх звязалі яшчэ раніцай, пачалі прасіцца:

– Рукі здранцвелі, развяжыце хоць на некалькі хвілін.

– Выбачайце, – адказаў Саўчук, – цяпер аніяк нельга. Прыйдзецца яшчэ трошкі пацярпець. Я таксама цярпеў. Вы тым часам пасядзіце тут ля вогнішча, можаце нават распачаць свой сход. Шкада толькі, што старшыня ваш забіты.

– Сам вінаваты, – сказаў адзін з бандытаў. – Не знішчыў гэтых шчанят, калі была магчымасць, дык цяпер і сам загінуў і нас загубіў.

Хлопцы адчулі задавальненне, што бандыты так высока ацанілі іхнюю ролю ў гэтай справе.

|< Пред. 163 164 165 166 167 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]