Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 171 из 173

Жудасна яму зрабілася. Усё навакол стала нібы інакшым. Бандыты ўсе нібы пачалі варушыцца, трэсціся, хоць у той жа час храплі так, што рэха па лесе ішло.

Калі Віктар вярнуўся, Мірон прашаптаў:

– Больш па ваду не хадзі. Можа, гэтай хопіць, а калі не, – хай крыху пацерпяць. Мне пачало здавацца, нібы яны ўсе ўзад і ўперад торгаюцца. А спяць яны нават занадта моцна. Ніхто з іх за ўвесь час не павярнуўся на другі бок. У гэтым няёмкім становішчы дзіва так праляжаць.

– Трэба паглядзець! – сказаў Віктар.

Падышлі да адной пары, дакрануліся.

– А? Што? Хто тутака? Пайшоў к чорту! – пачуўся сонны голас.

Памацалі вяроўкі – мокрыя, лахматыя!

– Ах, каб на іх ліха! – ускрыкнуў Віктар. – Гэта ж яны грызуць адзін аднаму вяроўкі. Зараз жа рассуньцеся! Ну! А то страляць будзем! Раз… два…

Палоннікі нездаволена пачалі адсоўвацца і бурчаць:

– Вось чортавы дзеці!

Прыйшлося праверыць усіх. У двух вяроўкі былі слюнявыя і пагрызеныя. Каб яшчэ гадзіна, другая, справа была б дрэнная. Замацавалі зноў і размясцілі іх паасобку.

Ноч цягнулася доўга. Марудна. Усё здавалася, што бандыты зноў нешта надумалі. Цяпер яны ўжо так не храплі, не ляжалі спакойна, як раней. Часта варочаліся з боку на бок. Хлопцы пільна сачылі, каб яны не збліжаліся, і ўвесь час пакрыквалі:

– Адсуньцеся!… Далей!…

Праз якую гадзіну зноў усё сцішылася.

Было ўжо далёка за поўнач, калі хлопцы пачулі нейкі смурод, нібы ад смаленага адзення.

|< Пред. 169 170 171 172 173 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]