Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 3 из 173

Яныбылі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд, а таксама і характары іх былі зусім адметныя. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, – прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.

Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар – жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго.

Абодва вучыліся ў тэхнікуме ў адным з акруговых гарадоў Беларусі і былі самымі стараннымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Можа, таму яны так і цікавіліся краязнаўствам, што нарадзіліся ў горадзе і ўвесь свой век пражылі ў ім.

З маленства яны былі суседзямі і таварышамі, таксама як і іхнія бацькі. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара – на шкляной гуце.

Прыроду, лес, вёску хлопцы ведалі толькі з тых экскурсій, якія рабілі, калі вучыліся ў сямігодцы. Далей як за дзесяць кіламетраў ад горада ім ніколі не даводзілася быць.

Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх – Жуля Верна, Майн Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]